Выбрать главу

Гэта быў час разбэшчвання, гэта значыць свядома праводжанага ў жыццё перакрыўлення асноўных людскіх каштоўнасцяў: тое, што было ліхам, называлася дабром, а той, хто меў уладу, лічыў, што мае права перасоўваць дзеля сваёй карысці мяжу між дабром і ліхам.

І гэта тым часам, калі ў грамадскім жыцці ніхто не можа прысвоіць сабе права валодання манаполіяй на праўду і дабро. Прызнанне гэтага права абавязвае кожнага да цярпімасці і прызнання іншай асобе (у рамках дэмакратычных спрэчак) права на адрознасць.

Найбольш непакоіць тая частка спадчыны таталітарнай ідэалогіі, якая зацерла мяжу між дабром і ліхам, як зацерла яе між маральнасцю і палітыкай. Яна хацела падпарадкаваць маральнасць палітыцы. А гэта адкрыла шлях да ўсялякіх надужыццяў улады.

Таталітарная сістэма займалася спецыфічным разбэшчваннем, якое так добра прышчапіла механізмы страху і пачуцця віны, што зрабіла з хлусні і падману банальны спосаб захавання, бесперапынна маскуючы або перакідваючы пачуццё віны на іншых.

Камунізм вучыў слушнай праўдзе, што нельга быць ні ў кім упэўненым, што неразгаданай застаецца як адвага чалавека, так і яго нікчэмнасць, што яны часам спадарожнічаюць, як неразлучная пара. Паслякамуністычны «левы» рух ганарыцца такой асобай, як Імрэ Надзь — камуністычны правадыр вугорскай рэвалюцыі восені 1956 г., якую ў СССР называлі «антыкамуністычным, контррэвалюцыйным мяцяжом». Надзя расстралялі, падманам выцягнуўшы са схову ў югаслаўскім пасольстве ў Будапешце, паабяцаўшы, што яго выпусцяць за мяжу, і, згодна з камуністычнай мараллю, не стрымаўшы слова гонару (бо слова гонару для «розуму і гонару эпохі» не існавала). Пры гэтым кіраўнік аперацыі генерал Сяроў трымаў пры расстрэле пад паху былога таварыша Надзя па ўрадзе, Кадара, для навукі; Кадар самлеў пры гэтым жудасным спектаклі. Той жа Сяроў завабіў пад слова гонару на перамовы ў 1945 г. вершаліну польскай Арміі Краёвай і выслаў іх на суд у Маскву, дзе даверлівых палякаў пасадзілі на доўгія тэрміны ў турмы, частка іх ніколі не вярнулася дамоў.

Надзя перазахавалі з гонарам у 1989 г. Але хутка выявіліся страшныя дакументы з архіва КГБ. У 1930 г. Надзь падпісаў у Маскве дамову супрацоўнічаць з ОГПУ. Адзінаццаць гадоў ён быў «інфарматарам» і спрыяў «ліквідацыі» шматлікіх вугорскіх камуністаў-эмігрантаў і савецкіх грамадзян. Сучасныя вугорскія посткамуністы (Грош і таварышы) ведалі мінулае героя 1956 года, але маўчалі, баючыся «разбурэння нацыянальнага помніка ў сэрцах вугорцаў».

Камунізм пазбаўляў чалавека годнасці. Варта прачытаць апошні ліст Бухарына да Сталіна за 10 снежня 1937 г. напярэдадні працэсу над ім. Аўтар ліста як ачмурэлы прасіў і маліў «Кобу»-Сталіна, каб той праявіў літасць. Страшна чытаць такі тэкст — сведчанне гэтакага чалавечага прыніжэння. Ён гаворыць пра тое, што ленінскі «ўлюбёнец партыі», колішні прэтэндэнт на першае месца ў партыі, адыгрываў ролю мізэрнага шматка.

Спадчынай камунізму ёсць разрыў міжлюдскіх сувязяў, страшэнная грубасць у дачыненнях, нагрувашчанне пакладаў агрэсіі.

Польскі філосаф Барбара Скарга (дарэчы, яна паходзіць з той часткі Заходняй Беларусі, што межавала з Усходняй) пісала, што, хоць паляк ніколі не быў дасканалым homo soveticus[1], усё ж ён набыў пад час сацыялізму ягоныя пэўныя рысы. Гэтымі рысамі, мне здаецца, валодаюць у першую чаргу грамадзяне былога СССР. Вось яны:

— брак пачуцця адказнасці за самога сябе, прывычка да таго, што ўсё будзе ўладжана кімсьці там, наверсе, а можа, боязь дзейнічаць па сваёй ініцыятыве,

— нядобрасумленнасць, якая паўсюды ўкрадваецца, нават у інтэлектуальнае асяроддзе, адсутнасць ідэалу добрасумленнасці, які быў знішчаны, ненармальнасць этыкі працы, якая засведчана шматлікімі прыказкамі (накшталт «работа не батон, не засохнет»),

—  ідэя дрэнна зразуметага эгалітарызму (ураўняльнасці), які атаесамляецца з сацыяльнай справядлівасцю, перакананне, што назову «праца» заслугоўвае толькі праца фізічная, што людзі працы толькі тыя, хто вырабляе матэрыяльныя рэчы. У выніку гэтага рабочы па-старому лічыцца соллю зямлі, бо ў гэтым грамадстве не разумеюць таго, што для гаспадаркі важнейшыя капітал, абарот, тэхнічная думка, сур'ёзная адміністрацыя, а перадусім навуковая думка,

— адсутнасць павагі да прыватнай уласнасці (хоць і не варта з яе рабіць ідала),

— схільнасць да парываў і няўменне будаваць, страта традыцый дзяржаўнасці, няўменне жыць дэмакратычна, брак разумення грамадзянскіх дабрачыннасцяў [3].

Дадам яшчэ меркаванне расейскага сацыёлага Аляксандра Абалонскага, які ў даследванні «Кансерватыўны сіндром у савецкай калектыўнай свядомасці», змешчаным у ангельскамоўным часопісе «East-East» [4] (Сафія), 1992, № 1, у элементы названага сіндрому залічвае найперш:

— антыперсаналізм, які выражаецца ў нецярпімасці і ў рэпрэсіўным антыіндывідуалізме, у вяртанні да статкавых інстынктаў. Гэты антыперсаналізм выяўляецца ў шэрасці людскога адзення і смутку на тварах, шэрасці аднолькавых вуліц і цэлых гарадоў, якія ў партыйныя святы запаўняліся аднолькавымі прапагандысцкімі «дэкарацыямі». На ўсё жыццё запомніцца плакат 70-х гадоў ХХ ст. на шматпавярховым фасадзе Лендзяржбуда ў пачатку Неўскага праспекта з азызлым тварам, вялікімі брывамі і вачыма[2], утаропленымі проста на будынак Зімовага палаца. Большага сутыкнення безгустоўнасці з густам Растрэлі нельга сабе ўявіць.

І гэты твар паглядаў на нас у кожным горадзе, і кожны грамадзянін ведаў цану баявым і працоўным подзвігам маршала, чый твар узіраўся ў нас.

Ідэалогія нясе аднолькавасць, уніфармізм, а там, дзе ўніфармізм, там родзіцца шэрасць. І не толькі шэрасць, але і тэрор.

Поўная ўніфікацыя небяспечная ў навуцы, у філасофіі, у грамадскім ладзе, у грамадскіх арганізацыях. Гэта не значыць, што трэба імкнуцца да атамізацыі, да расцярушання, пра якія сёння гавораць прыхільнікі філасофіі дэканструкцыяналізму. Павінна быць раўнавага. Нас звязваюць родная мова, нас звязвае наша дзяржава, традыцыя. Усялякія радыкалізмы небяспечныя: і тыя, што хацелі ўзбуйніць усё ў адно, і тыя, што хацелі б разбіць грамадства.

Ідэі камунізму мелі сваю прыцягальнасць. Некаторых магла вабіць Марксава тэорыя, але ці вабіла канкрэтнае савецкае жыццё? Бадай, не. Я ведаў маладога камсамольца з вытворчасці, які, патрапіўшы ў Парыж па пуцёўцы, назаўсёды ўзненавідзеў савецкі лад. Гэтая шэрасць, гэтае ачмурэнне, гэтая тупая дысцыпліна, наказы і забароны, калупанне ў асабістым жыцці кожнага — тое трэба, таго нельга, гэтае вернае паслухмянства з боязі перад вынікамі і прыгожыя словы на вуснах. А над усім гэтым пачуццё, што не варта быць сабою, кімсьці з уласнай індывідуальнасцю, але трэба патануць у гэтай грамадскай масе.

Калі д'ябал сядзіць у камунізме, то перш за ўсё ў гэтай шэрасці, якая не дазваляе мысліць не так, як іншыя, якая патрабуе поўнай падданасці, ажно да прызнання няздзейсненай віны за сваю.

Што яшчэ дадаць да гэтага? Кожная спроба вырвацца з масы, нават адзеннем, паводзінамі, лічылася сігналам небяспечнага супраціву. Ці ж не былі мы сведкамі палявання на вузкія, а потым на шырокія калашыны нагавіц у юнакоў ці пасля ўвогуле на жаночыя нагавіцы? А на джаз? На рок? І г.д.

Пры гэтым ладзе калектыў разглядаўся як святыня, толькі ягоная воля, толькі ягоныя інтарэсы былі важнымі. Адзінка, нават геніяльная, не мела такога значэння. Супраціў яе калектыву быў злачынствам. Незалежнасць адзінкі, яе права на ўласныя перакананні былі буржуазнымі катэгорыямі.

Ці ж варта было дзівіцца апатыі савецкага чалавека? За гэтай апатыяй, за словамі «ўсё роўна» ці «ўсё адно» тоіцца ўплыў сістэмы.

Абыякавасць назіралася не толькі з боку аб'екта ўплыву сістэмы. І сістэма абыякава ставілася да людской адзінкі. Калі вязняў на этапах кармілі селядцамі і не давалі вады, то звычайна гэта не было запланаваным катаваннем. Проста ў тыя часы рыба была таннай. Існавала правіла: загадалі карміць — накармілі. Тое, што «зэк» потым пакутуе ад смагі, нікога не цікавіла. Не цікавіў ніколі адзін чалавек, а што там казаць пра вязня? Д'ябал сядзіць не ў гэтым катаванні, ён сядзіць у абыякавасці да чалавека.

вернуться

1

 Савецкі чалавек (лацінскае).

вернуться

2

 Для тых, хто не памятае, або проста не ведае, пра каго ідзе гаворка, прыгадаю: пра ордэнамана Брэжнева.