Выбрать главу

Усё ж лепей было разглядаць раскіданыя рэчы, ацэньваючы, наколькі яны пасавалі да характарыстык зброі, чым зараз і займаўся Канстанцін Мікалаевіч. Скупыя промні, прабіваючыся праз трохі пыльныя шыбы, выхапілі некалькі дошак на падлозе, і ў шчыліне паміж імі прабегла іскрачка.

– Мяркую, шукаць прыладу забойства трэба недзе ў іншым месцы, – падвёў вынік татухна. – Хадзем, тут мы больш нічога не…

– Пачакай, daddy, – бесцырымонна перапыніла яго Яўгенія Канстанцінаўна і прысела на кукішкі ў сонечным прастакутніку, каб разгледзець лепей. – Там нешта захрасла.

– Ну-ка, ну-ка, – татухна, насуперак сваім перасцярогам, падабраў нож для паперы ды падкалупнуў штучку.

На далоні ў пана Пракшына з’явіўся невялічкі бліскучы кругляк.

– Гэта што – золата? – працягнула Яўгенія Канстанцінаўна, немаведама навошта панізіўшы голас.

– Віншую, Джынні: здаецца, ты знайшла прычыну забойства. Аднак цяпер я ўвогуле нічога не разумею.

Панна Пракшына пытальна ўскінула бровы.

– Паглядзі ўважліва, – з дакорам прамовіў татухна, працягваючы дачцы манету.

Акрамя спорту і англаманства ў Канстанціна Мікалаевіча была яшчэ адна высакародная жарсць – калекцыянаванне. Татухна вельмі захапляўся рознымі гістарычнымі артэфактамі і не толькі паспеў абсталяваць у менскім доме ўласны wonder-room[31], але таксама рэгулярна папаўняў дамашнюю бібліятэку як найноўшымі выданнямі этнаграфічных адкрыццяў, так і старадаўнімі фаліянтамі, што дапамагалі ўдакладняць тэарэтычны бок справы. Панну Пракшыну таксама вабілі розныя цікавосткі, але насамрэч яе ўвагу больш прыцягвалі датычныя іх легенды і паданні, то пакуль татухна збіраў старажытныя рэчы, дачка калекцыянавала гісторыі, большая частка якіх была выдумана ёй самою. Што ж тычыцца ўмення прачытваць знакі і па іх рэканструяваць асобныя гістарычныя перыяды – у гэтым Яўгенія Канстанцінаўна была не надта спрактыкаваная, хаця яе і не турбавала, што выкрыццё злачынстваў ды ўлюбёнае аналізаванне рухаў чалавечай душы, па сутнасці, тое ж самае. Зараз дзявіца ўтаропілася ў каштоўнасць ды вагалася, як не абняславіцца перад Канстанцінам Мікалаевічам за адсутнасцю якіх-небудзь ідэй. Той толькі ўздыхнуў ды патлумачыў:

– Гэта дукат. Бачыш вось тут лічбы – «1592»? Гэта год, калі ён быў адчаканены. А вось на гэтым баку – «SIGIII», імя ўладара, відаць – Зыгмунта III.

– А, дык гэта польскі кароль? – страпянулася панна Пракшына, зірнуўшы на фігурку ў панцыры іншымі вачыма. – Але адкуль у Штэйна такая старажытная манета?

– Вось гэта мяне і цікавіць. Малападобна, каб наш Людвіг Восіпавіч быў аматарам нумізматычнай навукі. Дый падобныя hobbies[32] патрабуюць немалых грашовых выдаткаў. Хіба што атрымаў у спадчыну? Але ад каго?

– Выбачай мне, daddy, але ж, па маім сціплым меркаванні, гэта далёка не адзіная магчымасць зажыцца золатам.

– Слушны аргумент, Джынні, – пагадзіўся татухна. – Аднак я папрашу цябе пакуль не спяшацца з высновамі. Відаць, тут усё зусім не проста. Падазраю, гэта не адзіная манета, што мае дачыненне да справы. Спадзяюся, размова са Штэйнам дазволіць нешта высветліць.

Канстанцін Мікалаевіч ужо разважаў, ці высушыла кароткачасовае з’яўленне сонейка размоклую дарогу, каб патрапіць у Ашмяны сёння, аднак, калі яны выйшлі з флігеля, на вуліцы зноўку сыпаў дробны дождж. Вырашыўшы, што яго дачка дастаткова загартаваная, каб не марнаваць час на непатрэбныя перачаканні на мейсцы злачынства, пан Пракшын скамандаваў зрабіць невялічкую прабежку да маёнтка, дзе іх мусіла чакаць утульная гасцёўня з працепленым камінам. Калёсы разам з натапыраным Дзятлікавым і яго памагатымі якраз ад’язджалі з двара.

Цяпер панна Пракшына і яе татухна, пераапрануўшыся ў сухое, сядзелі ў фатэлях і грэлі настылыя ногі ў мядніцах, час ад часу падліваючы гарачую ваду, а таксама цешачыся чарговай порцыяй гарбаты. Круціўся тут і Тэдзі, якога нядаўна выкупалі ды нават намагаліся расчасаць, з прычыны чаго pies стаўся ў два разы пульхнейшы праз мноства пасмачак, што закруціліся ў яго поўсці. Замест гарбаты ён намагаўся папіць наўпрост з мядніцы, аднак Яўгенія Канстанцінаўна, адставіўшы філіжанку, пасадзіла сабаку сабе на калені і ўзяла ў рукі невялічкі грабянёк, каб усё ж такі надаць гадаванцу прыстойны выгляд. Тым часам татухна засяроджана хмурыўся і наяўна вёў у думках няпростую дыскусію з самім сабою. Іх знаходка ляжала на невялічкім століку паміж фатэлямі ды паблісквала, весела адбіваючы святло агню ў каміне.

вернуться

31

кабінет цікавостак, кунсткабінет (анг.)

полную версию книги