15 дзясятніка, таго самага року
Я заспяшыла прагнаць жахлівыя думкі, якія займела аб Наталлю Клыкоўскую. Яны браліся мне агіднымі. У думках я раўняла яе і сябе, дай выйшла з таго, што рожныя мы з ёю суздром. Я ўсё-ткі з іншага цеста піражочак. Я чуюся таковай. А цяперака гляджуся яшчэ ляпей, чым колі-хаця глядзелася. Я папышнела і пасвяжэла, стала больш жвавай, здаровай, бо ж запазнала гаючую сілу светлых надзежаў і няўрымслівай радасці, хаця і прымешаных часінкамі суму і самоты. Дай не магу ўзяць да розуму, чаму Наталля мне бачыцца пагрозаю.
27 дзясятніка, рок сёмы ад П.К.
Заўчора перад сном я выбрала колькі кніг, каб цімала падтрымаць свой клёк. Аб першай гадзіне, яўне запозна, рушыла закрываць стаўні да ўчула якоесь траскатанне і звон разбітага шкла. Навастрыла вушы: было ціха-ціха, але незабаўна здалела разабраць не надта выразныя згукі, мэрам хтосьцейка слабка стагнаў, а после нягромка паўскрыкнуў да захроп. Гэты хтосьцейка быў Ваяслаў Боўт. Не знаю, што за сіла мне падмагла пра тое здагадацца. Між намі было усяго колькі сажняў. Рынулася да яго. Скрываўлены, але не страціўшы прытомнасці, ён курчыўся на бруку. Пад нагамі хрыпасцелі аскялепкі бутліка, каторым, як думалася, няведамы зладыр удырыў Ваяслава па галаве. Пахла мігдалёўкай, што мабыць была ў бутліку. “Усё добра,” – цвярдзіў ён ці не самому сабе. Я паспрабавала падняць яго на ногі, якія нязграбна падгіналіся. Падняўшыся, ён адно тады змеціў, што помач адзержыў не ад абы-каго, а ад мяне гожай, лепай, прэкраснай. “А гвалтачкі мае! Пані Ірэна Галавацкая, чорна звязда павятовых сцэнаў!” – дзёрзка мовіў ён, і я дапяла, што перада мною п’яны чалавек, які няўдала перамяшчаўся па вулках. Столькі ганьбы з таго зазнала. Але ж кроў цурчэла з яго твару, які мог бы быць вобак майго. Я не кінула яго на дарозе. Завяла ў дом, дзе, абмыўшы і перавязаўшы ўсе <ягоныя> ўразы, палажыла спаці на сваёй караваці. Сама праседзела цэлу ночку за сталом, клёваючы носам. На світанні заснула чы мо’ толькі прыкрозіла, што сплю. У тым няясным стане ўсё і адбылося. Ваяслаў міласціў мяне з усіх мер, і салодкасць уладарыла целам, як ніколі да таго.
28 дзясятніка, рок сёмы ад П.К.
29 дзясятніка, рок сёмы ад П.К.
Сволач, смерд, распусная жывёліна! Крывіць мырды, бытта нічога такога міжы намі і не бывала. Падла. Скарыстаўся з слабкасці соннай жанчыны, а зараз у кусты хавацца думае. Нячэсны. Прабыдла нейкае. Адрынуць маю міласць! Маю! Вылупак бяздушны. Як смее ён – беларусамі падшыты – блузніць крэвіччынай?! Беларус, як усе. Косць хрысціянская. Бадай цябе кадукі стапталі, колі ўзноўку спамянеш сваім языком папудлівым Крыўю. Як трудна разабрацца мне ў жахлівым бязладдзі таго, што ён казаў. Ён нешта ведае пра такіх, як я. Ён падбіраецца да нашай таямніцы. Але ж чаму адрынуў? Мяне адрынуў. Хітрэй было б прамовіць, што мілуе. Чы гэта хітрыкі па-над хітрыкамі? Мудрошчы. Любошчы. Зажывошчы. Каждаму овашчу свой фрукт. Усё прадумана і прапісана. У яго канечне ёсць plan. Ён хоча забавіць мяне ў сеці, каб я болей прыклеілася да яго, каб больш была падлеглая (куды шчэ болей, як тым бр…[9] раннем?). Для таго хоча, абы ўведаць многае, што яму не слушыць знаць. Мама не мыляла – мста, мста і яшчэ раз мста! Не фігуруй Славачка…
1 лістагона, рок сёмы ад П.К.
Хочуць гаварыць аб змены. Не могуць аднак. Маскалі, палякі, беларусы, ліцьвіны, бязмены, пустадомкі. Гуляюць у штосьці, не ведаючы – гульняў пад прынукай не бывае. Паліцыя пужае Менск весткамі пра жорсткага ўбіўцу. А яго няма. Проста трэба напужаць, каб маўчалі шчэ больш моўкна, чым маўчаць сягоння. Паліцыя накідвае загадку, а загадкі не існуе.
3 лістагона, рок сёмы ад П.К.
Трэскаецца кераміка маёй галавы. Я прачынаюся ад трэску.
[дата адсутнічае]
Слухаць свайго мужа? Якога мужа?
5 лістагона, рок сёмы ад П.К.
Бліскучая гразь. Смярдзючыя вочы чужаніцы за парканом. Мільгае часінка. Можа зіма? Каменная баба цалуе наўзасмачкі дым. Не спіць кажан.
8 лістагона, рок сёмы ад П.К.
Нячэсны зачасціў на сходкі маладзьбы ў Паўлюка Аляксандрава. Паказуе сябе, бы sensacja. Вярзе пра старасветчыну. Прыгожа. Складна. Неабыкла. Дзівіць тых, хто мае мала ведаў. Але ж яму самому іх не дастае. “Слова а палку Ігараве” не проста падробка, а ў чысленых мамэнтах – пераробка крэвіцкіх утвораў. Гэта толькі пераемліваму Кіеву магло здавацца, што Ўсяслаў Чарадзей у Полацку Сафею будаваў. Будаваў ён іншае. Боўт пра гэта, як і ўсе дастальныя, нічога не знае, таму пушчае каламуць у без таго змутнелыя глузды публікі. Колі ён тое робіць наўмысля, то гэта ўзапраўды вялікі гулец, якога трудна будзе паходаць. Нягож Боўт верыць, што ў Менску аб’явіўся ўбіўца? Распраўляе, бытта верыць. Шукае знакі. Балбоча пра магамецян. Навошта? Якая яго цэль? Якая мэта гуляць у шарады, цвердзіць НЕМИГА=ENIGMA да прарочыць нам слязлівыя рэчы ад яе? Пачынаю яго асаджаць. Спытала, чы праз 86 лет родны ягоны Прапойск будуць Ваяслаўгарадам называць, а праз сотку зім – усе дзяшовыя курвы купацца ў калюжным Менскім моры? Адбрахаўся. Уюн. Стаў балакаць вершыкі, спакушаючы Клыкоўскую. Усё-ткі яна. Сучка гомельская. Будзе вам яшчэ на зямлі. Эх, зараз бы капку добрага віна. Vinum cor laеtіficat.