Выбрать главу

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.

Тут Касьян, як бабёр, заплакаў: «Божа, божа, за што караеш? Ты пакрыўдзiў свайго святога За адроддзе паршывай кабылы!» I сказаў яму бог спакойна: «А цi думаў ты, браце Касьяне, Што з мячом я з'яўлюся хутка, Што надыдзе пан бог у славе Ратаваць свае белыя землi?

З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.

Час той прыйдзе. I скора прыйдзе. Стане моцным канём жарабятка, I на гэтым канi я паеду Да пачынкаў[5] i хат сялянскiх. Конi iхнiя мала елi, Працавалi, вазiлi цяжка, — Справядлiвасцi ездзiць належыць На мужыцкiх пузатых конях.

Гнеўна ўзвiўся напеў.

А калi на крыж мяне пацягнуць — Мужыкi мяне абароняць. Iм даю я ў лясах дубiны, Iм даю я ў зямлi каменне. А астатняе — самi здабудуць».

Трывожна-барвяны твар схiлiўся над струнам. А напеў зноў стаў цiхi, амаль нячутны, пагрозны.

Над зямлёю гудзе навальнiца, Над зямлёю халодная злiва. Недзе ў лесе таўсцеюць доўбнi, Недзе ў стайнi расце жарабятка.

Павольна замiраў гук струн. I, пакуль ён сцiх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.

— Дзеда, — шэптам спытаў Юрась, — а дзе тое жарабятка?

I дзед адказаў таксама цiха:

— Хто ведае. Можа, нават i непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды цi мала яшчэ дзе.

I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвiлiна i ён не стрымаецца, ён усхапiўся з месца i кiнуўся па сцежцы.

Павал памкнуўся быў за iм, але рука легла яму на плячо.

— Сядзi, — сказаў дзед, — яму лепей зараз аднаму.

…Сцежка вывела хлапчука на дняпроўскi адхон. I там, увесь дрыжучы, ён сеў на траву, прыпаўшы тварам да каленяў.

Думкi былi бязладныя, але ён адчуваў, калi вось тут, зараз, ён не вырашыць, як яму быць, ён не здолее вярнуцца ў хату на апошнюю, — ён адчуваў гэта, — на апошнюю сваю ноч.

«Яны не вiнаватыя. I м цяжка. Араць зямлю — гэта зусiм не тое, што ездзiць на канi. Я нiколi не буду такi, як гэты Кроер, пра якога яны часам кажуць. Я куплю ў Кроера ўсiх людзей i зраблю, каб iм было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогi, я буду вiтацца з iмi».

Слёзы высахлi ў яго на шчоках. Ён сядзеў у прыцемку i сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералiвалася, сядала у спакойную плынь.

Груша за яго спiною патанула ўжо ў цемры, i толькi вышэй, усе яшчэ залiтая апошнiмi промнямi, нерухома клубiлася яе асуджаная чырвоная квецень.

III

У Кагутовай хаце вячэралi. Позна вярнулiся з поля, i таму даводзiлася есцi пры святле. На стале трапятаў агеньчык каганца. Каля печкi, дзе корпалася Марыля, гарэла над начовачкамi зацiснутая ў лучнiк лучына. Ад яе Марылiн твар, яшчэ не стары, але зрэзаны глыбокiмi ценямi, здавалася, быў таямнiчы i нядобры.

На покуцi, пад закураным Юрыем i маткай боскай, — толькi i засталiся ад iх адны вочы, — сядзеў дзед. Поруч з iм Мiхал Кагут, мажны, з лёгкай сiвiзной у залацiстых патлатых валасах. З асалодаю чэрпаў путру, нёс яе да рота над праснаком. Згаладаўся чалавек. Па левую руку ад яго спяшаўся есцi старэйшы семнаццацiгадовы сын Стафан. Гэты паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца, надзягцярыць бацькавы боты i нават новую чырвоную жычку прыладзiць да каўняра сарочкi. Хлопца час быў жанiць. Мiхал глядзеў на яго з усмешкай, але маўчаў. А дзед, вядома ж, не мог стрымацца:

— Чорта зводнага сабе шукаеш?

Стафан маўчаў.

— Спяшайся, брат, — не сунiмаўся стары, — там цябе Марта каля Антонавага ўзвозу чакае. Круг нагамi вытаптала.

Уздыхнуў, паклаў лыжку (еў па-старэчаму мала).

— Чаго вы, дзядуля, — буркнуў Стафан. — Хiба я што?

— А я хiба што? Я нiчога. Я ж i кажу: дзеўка… як вось наша лава. Хоць садзiся, хоць скачы, хоць цэглу накладай… Векаўшчына!.. А потым, ранiцай на касьбе, як толькi бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты i драмаць. На нагах. Як конь.

— Ну вас, — сказаў Стафан, паклаў лыжку i ўстаў.

— Пайдзi, пайдзi, — сказаў другi Мiхалаў хлопец, пятнаццацiгадовы Кандрат. — Запозна твая Марта марцуе.

Стафан толькi носам чмыхнуў. Пайшоў.

— Цяпер да ранiцы не чакай, — сказаў бацька. — А ты, Кандрат, не чапiся да яго. Сам яшчэ горшы. А ён хлопец цiхi.

— Чаму гэта я горшы буду? — усмiхнуўся Кандрат.

— Па носе вiдаць.

Кандрат i Андрэй былi блiзнюкi. I калi ўжо ўсе Кагуты былi падобныя, дык гэтых, пэўна, i сама мацi блытала. Так яно ў дзяцiнстве i здаралася. Дурэў Кандрат, а кухталёў давалі Андрэю, i наадварот. Толькi потым, у восем год, з'явiлася ў Кандрата прыкмета, паўкруглы белы шрам на лобе: накiнула капытом жарабя.

Але, акрамя вонкавага падабенства, нiчога ў блiзнюках не было агульнага. На Кандрату шкура гарэла. Бiцца дык бiцца, скакаць дык скакаць. З ранiцы да вечара ўсюды чулiся яго смех i жарты. А ў светла-сiнiх вачах iскрылася такая прыкметная, а таму бяспечная хiтрасць, што дзеўкi нават цяпер, у пятнаццаць год, заглядалiся на яго. Заглядалiся i на Андрэя, хоць той быў зусiм iншы.

Той самы, здаецца, твар, i ўсё ж не той. Вочы нават цямнейшага колеру, чым у Кандрата, пэўна таму, што веi заўсёды сцiпла апушчаны. Рот нясмела ўсмiхаецца. Галава схiлена трошкi ўбок, як кветка ў весняга «сну». Слова часцей за ўсё абцугамi не выцягнеш. Але затое з першага разу запомнiць і праспявае пачутую на кiрмашы цi недзе ў млыне песню. I праспявае так, што ўспомнiць маладосць самая старая баба.

Марыля паставiла якраз на стол гушчу налiваную — пшанiчную кашу з малаком, калi ў хату зайшоў Павал.

— Як там Алесь? — спытаў дзед.

— Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Iдзе сюды, — змрочна сказаў Павал. — Да заўтра пачакаць з песняй не маглi. Пакрыўдзiлi хлопца.

— Ну i дурань, — сказаў дзед. — Бо, можа, сённяшнi вечар цябе ад крыўды ўратуе праз пяць год. Ты не забывай, ён твой будучы гаспадар. Пан.

— Не будзе ён панам, — упарта сказаў Павал. — Я ведаю.

— А дурныя ж усе, — азвалася ад печы Марыля. — Сядай во лепей, Павал.

— Я не сяду, — сказаў Павал. — Я Алеся буду чакаць.

— Пачакай! — сказала мацi, выглядаючы ў акно. — Унь ён iдзе ўжо, твой Алесь.

Усе замаўчалi. Алесь зайшоў у хату вонкава спакойны. I адразу Андрэй выцiснуў з сябе:

— Мы ўжо… думалі…

Глянуў на Алеся, затым пасунуўся, даў месца памiж сабою i Паўлам. Падаў яму праснак.

Алесь сеў. Андрэй падсунуў яму лыжку i ўсмiхнуўся.

У Андрэя, наогул, шмат было жаноцкага. Вiнаватая ўсмешка, вялiзныя васiльковыя вочы, нясмеласць рухаў. Марыля заўсёды казала: «Дзяўчынка была б, ды певень закукарэкаў, як мелася раджаць».

— Еш, — сказаў Андрэй, бы праспяваў.

I Алесь узяуся за ежу. Згаладаўся ён вельмi. Але няёмкасць усе ж панавала ў хаце, i развеяў яе, як заўсёды, Кандрат.

Курта села ля яго, дагодлiва стала глядзець у вочы. Нават вiскнула — цi ад болю, цi, можа, папрасiла.

— Iдзi, iдзi, — сказаў Кандрат паважна. — Бог падасць.

— Нашто ты яе? — сказаў Андрэй i кiнуў сабаку кавалак праснака.

— Паскупiўся, — сказаў Кандрат. — Усе вы, спевакi, такiя. Што поп, што ты.

вернуться

5

Пачынак — хата ў нечапаным лесе.