Выбрать главу

І што яно будзе — адному богу вядома. Ды яшчэ старому Вежу. Той васемнаццаць губернатараў перажыў, а тых, каго не хацеў, ані разу не пусціў на парог. Тыя потым самыя горшыя былі. Нібы ён іх загадзя наскрозь бачыў. А ўнук ягоны унь гаворыць. Малайчына! А Раўбіч дурань.

— І ў чым мы бачым шчасце, якое трэба нам, як паветра? Ці мы чакаем яго для сябе, ці дабіваемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. "Шчасця" экіпажаў, рабоў, велічы, грошай, багатых каскадаў на мармуровых вілах. І, каб дасягнуць гэтага, забіваем у сабе Чалавека. А Чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей. І я сумую, тужу па такім Чалавеку. Раней мне здавалася, я знайшоў такіх людзей. Але цяпер бачу, што я адзін.

Біскуповіч схіліў галаву і падумаў яшчэ раз, што Раўбіч паддаўся дурному, вузкаму, каставаму разуменню гонару. А Браніборскі, як ні дзіўна, меў рацыю. Не манархам, вядома, бо ўсё гэта дрэнь і маразм, а "сцягам паўстання" хлопец мог бы зрабіцца. Ты, каго падчас ракавання[8] пытаюць апошнім, а пасля перамогі садзяць за стол вышэй усіх.

— Тады, можа, нашы зборы — гэта зборы патрыётаў? — сказаў Алесь. — Людзей, аб'яднаных служэннем айчыне? Не думаю. Князь Віцень мог за радзіму ўзысці на вогнішча. Міхал Крычаўскі мог разбіць за яе сваю галаву. Дубіна сесці на кол, а Мурашка на распалены трон. Агнём і жалезам яны давялі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці здолее нехта з нас пакласці за яе руку… хоць бы на язычок свечкі? Вы кажаце: мяккасць нораваў. А па-мойму, адсутнасць разумення таго, хто мы такія.

Вежа ўскінуў галаву.

— У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі… Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія і такі можа есці нават аўсяную салому. "Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…" Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі… І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей яна чужая нам… Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.

Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.

— Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна — у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою[9]. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці — народу.

Алесь узняў келіх:

— Я п'ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.

Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым — спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней загучалі воплескі.

…Прамова спадабалася. Трохі па-маладому гарачая, але гэта нічога. Малады ёсць малады. Алеся прынялі аднагалосна, хаця некаторыя доўга раздумвалі. І ўсё ж аддалі шары і яны. Збаяліся агульнай думкі. Прамова была крамольная, і таму, калі б чуткі аб ёй дайшлі да старонніх, да адміністрацыі перш за ўсё западозрылі б тых, хто не кінуў шара. А гэта было небяспечна.

Агульнае асуджэнне было бязмернае, і таму нават самы подлы, самы разгневаны не рызыкаваў ісці на данос. Толькі гэтым і можна было растлумачыць, што за дзесяць год, што былі перад паўстаннем, з многіх тысяч удзельнікаў змовы не быў арыштаваны ніхто.

У размовах пасля прыёму шмат хто не хаваў свайго раздражнення на маладога Загорскага. Былі спрэчкі. Была і лаянка.

Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка:

— А Загорскага сынок… Чулі? Якабі-інец.

"Якабінец" тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць "права першага". Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.

— Давайце!

Браты пачалi ляпаць яго па плячах, раўцi мядзведжымi галасамi, што смелы быў, як леў, што так i трэба.

Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя "пад мароз", па драўляных размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.

— Васпана напаіць трэба, ракатаў пышнавусы круглы Іван. — Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку… А палыновая!

— Я не п'ю… Амаль не п'ю.

— Амаль — гэта вобмаль, — павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар.

…Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.

— Сохнуць, — сказаў Тодар. — Некаторыя па шэсць-восем год. Хоць ты скрыпкі рабі… Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.

— Кінь, грукатаў Іван. Няма чаго гнявіць бога.

Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.

Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.

Наступны пакой сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.

Селі за стол.

— Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі… Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі… Рыжычкамі… Бач якія, з капеечку кожны. І не больш…

Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.

Урэшце ўсе наеліся.

— Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, — сказаў Алесь.

І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.

— Я мяркую, — сказаў Алесь, — вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. І растлумачыў: Я толькі малодшы гаспадар, панове.

Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.

— Добра, — сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. — Карты на стол.

Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.

— У нас ёсць пляменніца, — густа сказаў Іван. — Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.

Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: "Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год". Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.

— Ясна, — сказаў ён. — Што залежыць ад мяне?

вернуться

8

Вайсковая або паўстанчая патаемная нарада, дзе апошні голас належаў найбольш маладому, бо ён павінен быў "трымаць сцяг" з самымі адчайнымі, першым уразацца ў чужыя рады і быць, такім чынам, "вастрыём вайсковай стралы".

вернуться

9

Капа — сярэдневяковая грамадская зборня на Беларусі. Разбірала ўнутраныя пытанні абшчыны.