Выбрать главу

Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, — струны яшчэ замiралi, — амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей.

Тут Мiкола склаў сваю свiтку, Вогнiшча развёў мiж лаўжамi. Сеў Касьян да цяпла, рукi грэе, А Мiкола стаiць ля кабылы, Мацае ёй бруха рукамi, Па крыжы далонямi гладзiць… Каб ля Оршы ён быў канавалам Паўрубля яму б заплацiлi, Завалiўся б грашыма Мiкола.

Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха-цiха.

Не спявалi яшчэ i пеўнi, Як кабыла глыбока ўздыхнула: Мокры, цёплы белы жарэбчык Мякка лёг у Мiколавы рукi. Аж да поўдня чакаў Мiкола, А пасля ён пагнаў худобу, I за ёй жарабятка пабегла.

З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне.

Йшлi яны i прыйшлi на паляну. На паляне — курная хата. Каля хаты чвэртка валокi I сухая старая дзiчка. Стаў Мiкола у лесе i бачыць: Гаспадар бяжыць да кабылы. На нагах падраныя поршнi, Твар змарнелы, на твары слезы. Адвярнуўся Мiкола i кажа: "Вось i ўсё, хадзем, брат Касьяне, Паспяшаем хутчэй на неба, Дасць нам бог за затрымку па шыi".

Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома…

Перад богам стаiць Мiкола, Порткi ў се заляпаны граззю, На кашулi крывавыя плямы, Твар знябыты, чырвоныя вочы. На Мiколу бог раззлаваўся: "Ля карчмы ацiраўся, вядома, З дзеўкамi качаўся па гумнах, Размяжулiлi нос табе хлопцы. Прэч з вачэй!" Тут Касьян засмяяўся: "Што табе я казаў, Мiкола? Як прыходзiш, каток, на неба, — Трэба чыстае мець адзенне, I не варта таго кабыла, Каб гнявiў ты госпада бога". "Пра якую кабылу ты кажаш Бог спытаў. I тады Мiкола Расказаў яму пра кабылу, Пра зямлю, пра бедныя весi: "Божа, божа, ты бачыш пакуты. Крыж у хлопаў паны здзiраюць, Каб ярмо нацягнуць на шыю. Мужыкi на зямлi азёрнай. Ўсю салому са стрэх паздзiралi, Ўсю кару з сасонак паелi".

Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.

Бог задумаўся, цяжка, глыбока, I сказаў: "Даруй мне, Мiкола. Я ўсё гэта давеку запомню". Гнеўна бог зiрнуў на Касьяна: "Чысты ты, Касьян, i прыгожы. Край мой бедны ваўкi раздзiраюць, — Ты ж аб чыстай адзежы дбаеш. А цi думаў ты, браце Касьяне, Што для сэрца майго даражэйшы Нават цёмны, апошнi злодзей. Ён царкву маю абдзiрае, На прастол брудным поршнем лезе, Але лезе з чыстай душою, Бо ад голаду дзецi канаюць I ў яго, i ў яго суседа. Ты пра гэта не думаў, Касьяне, I таму я даю Мiколу Кожны год два вялiкiя святы, Каб Мiколу славiлi людзi, А табе я даю, неразумны, Дзень апошнi, дваццаць дзевяты, Ў лютым месяцы, месяцы гурбаў".

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.

Тут Касьян, як бабёр, заплакаў: "Божа, божа, за што караеш? Ты пакрыўдзiў свайго святога За адроддзе паршывай кабылы!" I сказаў яму бог спакойна: "А цi думаў ты, браце Касьяне, Што з мячом я з'яўлюся хутка, Што надыдзе пан бог у славе Ратаваць свае белыя землi?

З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.

Час той прыйдзе. I скора прыйдзе. Стане моцным канём жарабятка, I на гэтым канi я паеду Да пачынкаў[5] i хат сялянскiх. Конi iхнiя мала елi, Працавалi, вазiлi цяжка, — Справядлiвасцi ездзiць належыць На мужыцкiх пузатых конях.

Гнеўна ўзвiўся напеў.

А калi на крыж мяне пацягнуць — Мужыкi мяне абароняць. Iм даю я ў лясах дубiны, Iм даю я ў зямлi каменне. А астатняе — самi здабудуць".
вернуться

5

Пачынак — хата ў нечапаным лесе.