Выбрать главу
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям - Поўны гуслі насыплю дукатаў[20]; Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам - Канапляную возьмеш заплату;
Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... - Многа знаю і чуў аб табе я, - І я сам, як і ты, так табе запяю... - Ну, пара пачынаць, дабрадзею! -
Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр, Заіскрыліся вочы сівыя, Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя.
VII
«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет, Не такую задумаў ты думу, - Не дае гуслярам сказу золата цвет, Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганіў[21] бы душу чырванцом тваім я; Гуслям, княжа, не пішуць законаў: Небу справу здае сэрца, думка мая, Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, - Ім пакорны я толькі з гуслямі, Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, - Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог, Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым; Сэрца маеш, як гэты цагляны парог, І душу - як скляпоў гэтых сховы.
VIII
Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае: Сарачні[22] там сох бачыш, як блудзе; А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Глянь у лёхі[23] свае, ў падзямеллі глянь, князь, Што настроіў пад хорамам гэтым: Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь, Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.
Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа.
Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк - Гэта цертая сталь ад кайданаў, Гэта вісельні петляў развіты шнурок, Гэта, княжа, твае саматканы.
IX
Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, - Гэта косці бядноты рабочай; Пацяшаешся белым, чырвоным віном, - Гэта слезы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл, Адшліфованы цэгла і камень, - Гэта - памяткі-пліты з няўчасных магіл, Гэта - сэрцаў скамененых пламень.
Люба чуці табе скочнай музыкі звон: Ты, дружына п'яце асалоду, - А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн, Стогн пракляцця табе, твайму роду?!
Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар! Госці хмурны, а дворня знямела... Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар! Выбачай, калі спеў мо няўмела».
X
Князь стаіць, князь маўчыць, жуда, помста б'е з воч; Гулі зглухлі: ні жартаў, ні смехаў... Думаў князь, выдумляў, грымнуў шабляй наўзбоч, Толькі з лескатам выбегла рэха.
- Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў На вяселле цябе сваей княжны!.. Ты шалёны, стары! хто цябе дзе хаваў? Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай[24].
Ты адважыўся мне на сляпы перакор Вызваняці сусветныя трэлі; Платы маю шмат я для такіх непакор, Хто сябе проці мне стаць асмеліў,
Я па-князеўску ўсім і плачу, і люблю! Ты не хочаш дукатаў - не трэба!.. Узяці старца і гуслі жыўцом у зямлю! Знае хай, хто тут пан: я - ці неба!
XI
Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка. Гуслі разам яго самагуды: Па-над бераг круты, дзе шумела рака, Павялі, паняслі на загубу.
Месца выбралі здатнае, вырылі дол, Дол тры сажні[25] шырокі, глыбокі; Закапалі, убілі асінавы кол, Далі насып тры сажні высокі.
Не часалі дамоўкі[26] яму сталяры, Не заплакалі бліжнія вочы; Змоўклі гуслі і ен з той пары - да пары; Сум і сціша залеглі, як ночай.
Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў: Шалы, музыка ў тахт рагаталі; Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў: Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.
вернуться

20

Дукат — старажытная манета, сярэбраная, пазней залатая.

вернуться

21

Скурганіў — загубіў, умярцвіў.

вернуться

22

Сарачні сох — сорак саракоў — вельмі многа.

вернуться

23

Лёхі — склепы, падземныя памяшканні, сховішчы.

вернуться

24

Цемра сярмяжная — зняважлівая клічка бедных, непісьменных сялян, якія насілі даматканыя сярмягі (світкі).

вернуться

25

Сажань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.

вернуться

26

Дамоўка — труна.