Выбрать главу

– Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не было пану ліста? – запытаўся Клейн.

– Чакаю яго ў сярэдзіне сакавіка, самае позняе – праз месяц.

– Калі яго не затрымае новая вайна.

– Стась… пан Вакульскі, – паправіўся Жэцкі, – напісаў мне, што вайны не будзе.

– Курс, аднак, падае, а сёння я чытаў, што англійскі флот увайшоў у Дарданелы.

– Нічога. Вайны не будзе. Зрэшты, – уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам тая вайна, у якой не бярэ ўдзел Банапарт.

– Кар’ера Банапартаў ужо скончылася.

– Праўда?.. – іранічна ўсміхнуўся пан Ігнацы. – А дзеля каго Мак-Магон з Дзюкро рыхтавалі ў студзені дзяржаўны пераварот?.. Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта сіла!..

– Ёсць мацнейшая за яе.

– Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа, рэспубліка Гамбэты[14]?.. Можа, Бісмарк?..

– Сацыялізм… – шапнуў кволы крамнік, хаваючыся за парцаляну.

Пан Ігнацы паправіў, каб лепш трымалася, пенснэ і прыўзняўся ў сваім фатэлі, нібы жадаючы адным махам разбурыць новую тэорыю, якая не адпавядала ягоным поглядам, але гэты намер сапсавала з’яўленне другога крамніка, з бародкаю.

– А, маё шанаванне пану Лісецкаму! – звярнуўся гаспадар да яго. – Халодны дзень сёння, праўда? Якая ж гэта гадзіна ў горадзе, бо мой гадзіннік, мусіць, спяшаецца. Яшчэ, хіба, і чвэрці на дзявятую няма?..

– Як дасціпна!.. Панскі гадзіннік заўсёды спяшаецца раніцаю і позніцца ўвечары, – пахмурна азваўся Лісецкі, абціраючы заінелыя вусы.

– Гатовы паспрачацца: пан учора на прэферансе быў.

– Вядома. Можа, пан думае, што я круглымі суткамі гатовы цешыцца адно вашаю галантарэяй ды панскаю сівізною?

– Ну, мой пане, па мне, дык лепш быць крыху ссівелым, абы не лысым, – абурыўся пан Ігнацы.

– Дасціпна!.. – сыкнуў пан Лісецкі. – Мая лысіна, калі яе хто і бачыць, дык гэта толькі сумная спадчыннасць, а панская сівізна і бурклівы характар – гэта ўжо адзнакі старасці, якую… хацеў бы я шанаваць.

У краму ўвайшоў першы пакупнік: кабеціна ў салопе і хустцы на галаве, якая пажадала медную плявальніцу… Пан Ігнацы пакланіўся ёй вельмі нізка і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі на хвіліну знік за шафамі і ўручыў пакупніцы поўным годнасці жэстам жаданую рэч. Потым ён напісаў кошт плявальніцы на квітку, падаў яго праз плячо Жэцкаму і пайшоў за прылавак з выглядам банкіра, які ахвяраваў на дабрачыннасць некалькі тысяч рублёў.

Спрэчка пра сівізну і лысіну была спынена.

Толькі каля дзявятае ўвайшоў, а дакладней, уварваўся ў краму пан Мрачэўскі, бялявы прыгажун дваццаці з нечым гадоў з вачыма, як зоркі, вуснамі, як каралі, вусікамі, як атручаныя штылеты. Ён убег, цягнучы за сабою ад парогу духмяную хвалю, і гучна загаманіў:

– Слова гонару, ужо, мусіць, палова на дзясятую. Я ветрагон, я абібок, ну, нягоднік я, але што рабіць, калі маці ў мяне захварэла, і мусіў я шукаць лекара. Быў у шасцярых…

– Ці не ў тых, якім носіш, пан, нэсэсэры? – запытаўся Лісецкі.

– Нэсэсэры?.. Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Шляхетны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова на дзясятую? Спыніўся мой гадзіннік.

– Зараз будзе дзя-вя-та-я... – адказаў з асаблівым націскам пан Ігнацы.

– Толькі дзявятая?.. Ну хто б падумаў! А я ж планаваў, што прыйду сёння ў краму першы, раней за пана Клейна…

– Каб сысці яшчэ да васьмі, – заўважыў пан Лісецкі.

Мрачэўскі ўтаропіўся на яго сваімі блакітнымі вачыма, у якіх намалявалася невымоўнае здзіўленне.

– Адкуль пан ведае?.. – прамовіў ён. – Ну, слова гонару, гэты чалавек валодае прарочымі здольнасцямі! Якраз сёння, слова гонару… мушу быць у горадзе яшчэ да пачатку сёмае, хоць памры, хоць звальняйся…

– Няхай пан з гэтага і пачне, – выбухнуў Жэцкі, – і будзе пан вольны яшчэ да адзінаццатае, нават у гэтую ж хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінны быць графам, а не крамнікам, і я дзіўлюся, чаму пан адразу не абраў сабе такую прафесію. Тады б заўсёды ставала часу, пане Мрачэўскі. Анягож!

– Ну, але ж і пан у ягоныя гады лётаў за спаднічкамі, – азваўся Лісецкі. – Нашто ўжо тут мараль чытаць.

– Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі і грукнуў кулаком па канторцы.

– Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё быў недарэкам, – прамармытаў Лісецкі ў бок Клейна, які ўсміхнуўся, надта высока падымаючы бровы.

У краму ўвайшоў другі пакупнік і пажадаў галёшы. Да яго падскочыў Мрачэўскі.

– Галёшыкі жадае шаноўны пан? Які памер, можна запытацца? Ага, шаноўны пан, відаць, не памятае! Не ў кожнага стае часу думаць пра памер уласных галёшаў, гэта ўжо наш клопат. Шаноўны пан дазволіць памераць?.. Няхай шаноўны пан зробіць ласку прысесці на зэдлік. Павел! Прынясі ручнік, здымі пану галёшы і вытры абутак…