Выбрать главу

У першым крытычным выступленні “Глыбы і слаі” крытык, у прыватнасці, пісаў: “Як у 1909 найбольш увагі на сябе звяртае Я. Купала, звяртае не толькі велічынёй сваёй здольнасці, але і гібкасцю яе, здатнасцю да ўсестаронняга развіцця” (с. 96).

Гаворачы пра станоўчыя бакі творчасці Купалы, Багдановіч разам з тым крытыкаваў яго за тое, што, на яго погляд, з’яўляецца адмоўным у творчасці паэта (залішнюю расцягнутасць паасобных вершаў, пераймальнасць і г. д.). Значэнне таленту Купалы і яго творчасці для культуры Беларусі Максім Багдановіч, аднак, разумеў добра. Пра гэта сведчыць, у прыватнасці, кампазіцыя артыкула “Глыбы і слаі”. З сямі старонак гэтага агляду чатары − больш за палову − прысвечаны Купалу. Гэткія ж суадносіны агульнага і “купалаўскага” матэрыялу і ў артыкуле “За тры гады”. Розніца толькі тая, што заўваг у бок Купалы тут ужо амаль няма. Затое захоплена ўсхваляецца тэматыка, ідэйная скіраванасць твораў, пабудова верша, купалаўская мова − адным словам, “магутны талент Купалы”.

З іншых паэтаў Багдановіч вылучае Я. Коласа, пісьменніка спакойнага, простага і ўсюды сабе роўнага. Як і Пялуян, ёя адзначаз, што турэмнае жыццё не дае яму развівацца і павялічыць круг сваіх тэм, “…І не ў пекнасці формы, мовы ці малюнкаў хаваецца цэннасць яго вершаў, але ў праўдзівай − далёкай ад усякай фальшы − любві да бацькаўшчыны”[40]. Багдановіч заўважае, што руху ўперад няма і ў жартах А. Паўловіча. “Праўда, − піша крытык, − ёсдь... і добрыя байкі, колькі вершаў, якія сведчаць, што ён мае змогу быць праўдзівым паэтам”[41].

У 1911 годзе адкрыта аб адной толькі К. Буйло, трынаццацігадовай тады паэтэсе, Багдановіч сказаў, што яна “абяцае развіцца ў праўдзіва асабісты талент”[42], канкрэтнай жа гаворкі пра ўсіх іншых названых у артыкуле паэтаў весці не стаў. Як правільна заўважыў А. Лойка, у 1913 годзе погляд на некаторых з іх змяніўся. Асаблівыя спадзяванні ў аглядзе гэтага года Багдановіч выказаў у адносінах да А. Гаруна, лёс якога ў будуым склаўся вельмі няўдачна. “З паэтаў “Нашай нівы” назавём перш за ўсё Гаруна, ад якога наша пісьменнасць можа шмат на што спадзявацца. Лёгкасць і мілазычнасць верша, рупная шліфоўка яго, новае і вельмі пекнае счэпліванне рыфм, − усё гэта дужа аздабляе яго паэзію. У дзе-якіх творах спатыкаецца сіла і сціснутасць мовы. Галоўнае ж тое, што пры ўсім гэтым А. Гарун ні да каго іншага не падобны, што ён не зрабіўся нічым “падгалоскам”. Гэта зарука, што нашы надзеі на яго талент не пойдуць намарна”[43].

Да паэтаў, не пазбаўленых таленту, у аглядзе 1913 года Багдановіч залічыў Я. Журбу, Р. Леўчыка, К. Буйло, старога Уласа, К. Арла і некаторых іншых. Але амаль усіх папракаў, што мала працуюць над сабой. Асобна выказаў ён шкадаванне, “што ані К. Каганец, ані Цётка за ўвесь гэты час нічога не надрукавалі” (с.131).

Такім чынам, у двух аглядах М. Багдановіч ўлавіў некаторыя заканамернасці развіцця беларускага апавядання, даў цэласную карціну развіцця сучаснай бедарускай літаратуры.

М. Багдановіч прысвячае свае крытычныя артыкулы не толькі беларускім пісьменнікам, але і рускім, украінскім. Ён піша рэцэнзіі на кнігі французскіх, індыйскіх аўтараў. I ў гэтым праглядаецца інтэрнацыянальны характар яго дзейнасці. Ламаносаў, Дрожын, Гац’е, Ножын, Шаўчэнка, Лермантаў, Брусаў, Рыллеў, Адоеўскі, Тагор, Нікольскі, Марозаў − вось далёка не поўны спіс імёнаў, аб творчасці якіх гаворыць беларускі крытык.

I трэбэ адзначыць, што Багдановіч, разглядаючы іх творы, заўсёды выдзяляе гзалоўнае, звяртае ўвагу чытача як на моцныя, так і на слабыя бакі ў творчасці аўтара. Ён не бярэ толькі тое, што ляжыць на паверхні, а ўзіраецца ў глыбіню творчай спадчыны. I яшчэ: Багдановіч разглядае толькі тыя рысы, якія не заўважаліся іншымі крытыкамі. Скрупулёзнасць, з якой заўжды крытык працаваў над сваімі творамі, яскрава бачна менавіта ў артыкуле аб Лермантаве “Адзінокі”. Ён перачытаў амаль усе акадэмічныя выданні Лермантава, зрабіў вялікую выпіску лермантаўскіх эпітэтаў, параўноўваў вершы розных гадоў, шукаў тую агульную рысу, якая характарызавала ўсю творчасць і лёс паэта. І знайшоў: адзінота.

Беларускі крытык падрабязна разглядае творчасць украінскага паэта В. Самійленка. Спачатку ён малюе псіхалагічны тып творчасці, адзначае асноўныя рысы, уласцівыя гумарыстычнаму тыпу яго светапогляду. Але разважаючы аб творчасці паэта, М. Багдановіч гаворыць не аб гумарыстычнай жылцы ў яго творах, а аб цэласных паэтычных светаадносінах, названых гумарыстычнымі, дзе гумар − толькі адзін з састаўных элемантаў, адно звенне ў іх неразрыўным ланцугу. Ён даказвае чытачам, што Самійленка − дастойны вучань вялікіх майстроў.

вернуться

40

М. Багдановіч. “Глыбы і слаі”. с. 99–100.

вернуться

41

Тамсама.

вернуться

42

М. Багдановіч. “Глыбы і слаі”. с. 99–100.

вернуться

43

М. Багдановіч. “За тры гады”. с. 130.