Выбрать главу

“Пісьменніцкая крытыка”... Не была і, мусіць, ніколі не будзе яна аб’ектыўнай, − такую нечаканую думку знайшла ў кнізе Б. Сачанкі “Думкі ў россып"[22]. − Божа, як не ўмеем яшчэ мы радавацца ўдачам таварыша па пяру, цаніць не толькі сваё, тое, што робім самі, але і тое, што робяць іншыя, − пісаў аўтар. На яго думку “блізкія, сяброўскія адносіны бяруць верх над здаровым цвярозым чалавечым розумам, свій пошук, свая дарога выдаюцца за адзіна магчымую і адзіна правільную. І тады... “Са свае званіцы, “свайго пункту гледжання”, як з рога дастатку, сыплецца пахвала не таму, што напоўнена жыццём, страсцю і болем, а нечаму іншаму. І ўсё ж…” − абрывае думку аўтар. І ўсё ж ва ўсе часы ёсць пісьменнікі-крытыкі, у якіх суб’ектыўнае спалучаецца з аб’ектыўным. Максім Багдановіч быў менавіта такім крытыкам.

І як крытык-патрыёт ён разглядаў усе творы з пазіцыі інтэрнацыяналізму. “Максім Багдановіч, − справядліва адзначыў Н. Гілевіч на ўрачыстым вечары, прысвечаным 90-годдзю з дня нараджэння песняра зямлі беларускай, − свабодна і прафесійна аперыраваў фактамі і з’явамі агульнаславянскай і сусветнай літаратуры і ўводзіў іх у кантэкст літаратурнага і ў цэлым духоўнага жыцця − і як літаратурны крытык, і як публіцыст, і як перакладчык. Тое, што зрабіў у гэтым кірунку М. Багдановіч, як ён збліжаў і радніў народы сваёй літаратурнай творчасцю для нас і запавет і прыклад”.

Вось з такіх пазіцый разглядаў Максім Багдановіч творчую спадчыну пісьменнікаў і музыкаў, паэтаў і фалькларыстаў. Назіранні, вывады яго крытычных аглядаў возьме потым у свой арсенал навуковая гісторыя беларускай літаратуры.

Крытычная спадчына Максіма Багдановіча своеасаблівы сусвет, унутрана цэласны і знешне “графічна” аформлены.

РАЗДЗЕЛ ІІІ

Першыя крытычныя артыкулы Максіма Багдановіча з’явіліся, калі ён быў яшчэ гімназістам Яраслаўскай мужчынскай гімназіі. Самы ранні прысвечаны беларускаму паэту-дэмакрату І. Л. Неслухоўскаму (Янка Лучына). Дата напісання не высветлена, але ў адным з пісьмаў Багдановіча гаворыцца аб тым, што ён пачаў крытычную стацейку аб Неслухоўскім”[23]. Паводле часу напісання пісьма, а таксама прымаючы на ўвагу змест яго, было выяўлена, што напісаны артыкул да першай паездкі Максіма ў Вільню, прыблізна ў 1910 годзе.

Хаця артыкул і прысвечаны І. Неслухоўскаму, усё ж такі больш увагі Багдановіч аддае апісанню становішча беларускай літаратуры “у нудныя 80-я і 90-я гады, калі… грамадзянская думка крэпка спала, калі ўсё жыыцё якась пастарэла і прынікла”[24]. Цяжкія гэта былі часы для беларусаў. Пасля паражэння паўстання 1863−1864, ніякага прыкметнага грамадскага руху не было. І Максім Багдановіч бачыць у гэтым такую прычыну: “Нацыянальная свядомасць не магла развіцца ў народзе без помачы ўласнай інтэлегенцыі, а яна толькі што яшчэ пачынала адслаівацца”[25]. Безумоўна, залячыўшы за 15 гадоў свае раны, беларуская літаратура ўжо пачынала ажываць. Перадрукоўваліся старыя ксёнжкі, з’яўляліся новыя, але гэтага было мала, вельмі мала. “Пры гэткіх умовах пісьменніцкая праца не магла быць колькі-небудзь напружанай, што і адбілася на малым ліку твораў Неслухоўскага, − зазначыў М. Багдановіч. − Так і здаецца, што пісалася яна “паміж сур’ёзнымі справамі”, калі выдаваўся вольны час, і доўга яшчэ потым ляжалі ў скрыні песняра. Але гэтая мурасць працы мела і свой добры бок, бо павэдлуг яе паміж твораў Неслухоўскага няма пісьменніцкіх выкідышаў, якія так нярэдкі цяпер”[26].

Артыкул “Неслухоўскі” мае толькі паўтары старонкі рукапісу, ды і незакончаны ён. Але ўжо ў гэтым урыўку прасочваюцца тыя рысы, якія будуць характэрнымі потым для Багдановіча-літаратурнага крытыка. I ў першую чаргу гэта ўменне разглядаць кожную з’яву ў беларускай ці рускай літаратуры ў сувязі, у адным ракурсе з гісторыяй. Максім добра ведаў гісторыю не толькі роднай Беларусі, але і Украіны, Расіі, наогул, гісторыю славян. І добра разумеў, што для нараджэння таго ці іншага твора ў большасці выпадкаў патрэбна неабходнасць гістарычнага працэсу. Таму так крэпка звязаны ў ягоным разуменні такія паняцці: пісьменнік і яго час, пісьменнік − і самасвядомасць народа.

вернуться

22

Б. Сачанка. Думкі ў россып. Мн., “Мастацкая літаратура”, 1985, с. 184.

вернуться

23

Творы М. Багдановіча, т. П, Мн., 1928, с. 352.

вернуться

24

М. Багдановіч, “Неслухоўскі”. с. 93.

вернуться

25

Тамсама.

вернуться

26

М. Багдановіч, “Неслухоўскі”. с. 94–94.