Выбрать главу

З “гімназічных” артыкулаў (назва “гімназічная” указвае толькі на тыя гады, у якія яны тварыліся. Гэта 1908−1911 гг.) у Максіма быў надрукаваны толькі “Глыбі і слаі”, ды некалькі заметак, якія прыпісваюцца М. Багдановічу. Але ў гэты час ён піша некалькі прац па гісторыі беларускай літаратуры, якія мусіць змясціць у нарыс або падручнік па беларускай літаратуры. Вось гэтыя артыкулы: “Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI стагоддзя”, “За сто лет”. Аб тым, што Максім меркаваў зрабіць менавіта падручнік, сведчыць разбіўка першага артыкула на параграфы. Іх усяго пяць. Але кожны − гэта маленькі (нездарма Максім назваў “кароткая”) па памеру, але значны па зместу агляд перыяду развіцця беларускай пісьменнасці.

Пачынае Максім Багдановіч з працэсу размежавання ў даволі ўстойлівыя формы чатырох рускіх народаў: беларускага, вялікарускага, украінскага і наўгародскага. Слова “народы” тут трэба разумець у сэнсе “народнасці”. Гэта першая недакладнасць Максіма Багдановіча, другая − што Максім робіць насельніцтва Ноўгарада асобнай народнасцю. Такой ніколі не было, а на працягу IV − VIII ст. былі сфарміраваны ў асноўным тры: вялікаруская, беларуская і ўкраінская.

У наступных раздзелах М. Багдановіч паказвае, як паступова ў “царкоўнаславянскую” мову пачынае ўкараняцца народная гаворка, спрабуе вызначыць “Слова аб палку Ігаравым” у культуры беларускай пісьменнасці. Для беларускіх даследчыкаў “слова” было цікава тым, што ў паэме было шмат беларускіх паэтычных элементаў, моўных выразаў і асобных слоў. На гэта ўказваў яшчэ рускі гісторык літаратуры, славіст і фалькларыст П. Бяссонаў. Паэт і этнограф У. Сыракомля наогул атаясамліваў мову твора са старажытнай беларускай. Іншыя даследчыкі адзначылі блізкасць яе да ўкраінскай мовы. А вось Максім Багдановіч быў іншай думкі. Ён лічыў, што “Слова” паўднёварускі помнік з устаўнымі беларускімі паданнямі.

У апошніх частках артыкула Багдановіч не толькі расказвае аб спрыяльнасці ўмоў для развіцця беларускай пісьменнасці, але і ўказвае яго прычыны. У гэтым мы бачым асаблівасць даследванняў: заўсёды глядзець у сутнасць, схільнасць да аналізу.

Багдановіч-крытык даследваў і сучасную яму літаратуру. Ён напісаў шэраг артыкулаў, прысвечаных беларускай прозе. Гэта “Глыбы і слаі” (агляд беларускай краснай пісьменнасці 1910); “Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры”, частка нарыса, у якім Багдановіч меў на мэце пазнаёміць рускага чытача з развіццём беларускай літаратуры пачатку XX стагоддзя; “За тры гады” (агляд беларускай краснатй пісьменнасці 1911−1923 гг.) і “Бэларускае адраджэнне”, дзе ў трэцяй частцы аўтар дае характарыстыку белетрыстам-празаікам.

Асаблівую цікавасць маюць два агляды Багдановіча. “Гэта па сутнасці пачатак беларускай прафесійнай крытыкі”[27], − адзначае Алег Лойка. Але дазволю сабе не згадзіцца з ім. Першы ў беларускай крытыцы гадавы агляд літаратуры належыць Сяргею Палуяну. Таму самаму Палуяну, які заўсёды тпадтрымліваў М. Багдановіча, адзін ваяваў супраць усёй рэдакцыі “Нашай нівы” за яго прызнанне, паслаў у Яраслаўль 8 лістоў, у якіх заахвочвае Максіма да творчасці, да працы над формай верша, яго мовай, заклікае паглыбляць і пашыраць грамадзянскія матывы паэзіі, інфармуе пра бягучыя падзеі беларускага літаратурнага жыцця. Таму самаму Палуяну, якому Багдановіч прысвяціў свой адзіны зборнік “Вянок”, напісаўшы на першым лісце: “Вянок на магілу Палуяна”, два вершы, празаічныя радкі і гэтыя словы: “Невялікімі, але глыбокімі літарамі выразаў ён сваё імя на скрыжалях беларускай літаратуры... То нямногае, што напісаў Палуян, адносіцца да ліку лепшых набыткаў беларускага друкаванага слова”.[28]

Сяргей Палуян сваім артыкулам “Беларуская літаратура ў 1909 годзе” распачаў літаратурна-крытычны жанр, які затым плённа працягваў і развіваў М. Багдановіч. Да першага крытычнага артыкула Багдановіча, які выйшаў у свет (“Глыбы і слаі” упершыню апублікаваны ў “Нашай ніве” 20 студзеня 1911 года) у Палуяна ўжо былі надрукаваны “Баларуская літаратура ў 1909 годзе” (“Наша ніва”, 1910, № 7), “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках” (Украінська хата, 1910, № 3), рэцэнзіі “Першы беларускі каляндар “Нашае нівы” на 1910 год” “Украінська хата, 1910, № 1), “Тарас на Парнасе” Ш. Ядвігін. “Дзед Завала” (“Украінська хата” 1910, № 2), “Якуб Колас. Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (“Украінська хата”, 1910, № 4), “Народны каляндар “Село” на 1910 год”, (“Украінська хата”, 1910, № 3), “Выдавецтва “Час” (“Украінська хата”, 1910, № 3), “Г. Вашчанка “Сляпы” (“Украінська хата", 1910, № 5). Так што пачатак ўсё-такі паклаў ён. І ўсе яго артыкулы вызначаюцца глыбінёй зместу, свежасцю думак, дакладнасцю і аб’ектыўнасцю ацэнак. У гэтым плане цікава параўнаць аргыкул Палуяна “Беларуская літаратура ў 1909 годзе” і Багдановіча “Глыбы і слаі”, “За тры гады”.

вернуться

27

А. А. Лойка. Максім Багдановіч. Мн., 1966, с. 266.

вернуться

28

Максім Багдановіч, “Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры”. с. 125.