Выбрать главу
калі палавы бегаў па выцертых цыратах, памахваючы бойка падносам, на якім сядзела такая-ж безліч чайных кубкаў, як птушак на марскім беразе; тыя-ж карціны на ўсю сцяну, пісаныя маслянымі фарбамі, словам, усё тое, што і ўсюды; толькі і розніцы, што на адной карціне намалявана была німфа з такімі вялізнымі грудзямі, якіх чытачу пэўна ніколі не здаралася бачыць. Падобная ігра прыроды, між іншым, здараецца на розных гістарычных карцінах, невядома, у які час, адкуль і кім прывезеных да нас у Расію, іншы раз нават нашымі вяльможамі, прыхільнікамі мастацтваў, якія накуплялі іх у Італіі, паслухаўшы парады кур’ераў, што іх везлі. Пан скінуў з сябе шапку і разматаў з шыі шарсцяную, вясёлкавых колераў касынку, якую жанатым робіць сваімі рукамі супруга, дадаючы пры гэтым адпаведныя настаўленні, як захутвацца, а нежанатым, напэўна не магу сказаць, хто робіць, бог іх ведае, я ніколі не насіў такіх касынак. Разматаўшы касынку, пан загадаў падаць сабе абед. Пакуль яму падаваліся розныя звычайныя ў тракцірах стравы, як, напрыклад: капуста з слаёным піражком, які знарок захоўваецца для праязджаючых на працягу некалькіх тыдняў, мазгі з гарошкам, сасіскі з капустай, пулярка смажаная, гурок салёны і вечны слаёны салодкі піражок, заўсёды гатовы да паслуг; пакуль яму ўсё гэта падавалася, і разагрэтае, і проста халоднае, ён прымусіў слугу, або палавога, расказваць усякую лухту аб тым, хто трымаў раней тракцір і хто цяпер, і ці шмат дае ён прыбытку, і ці вялікі шэльма іх: гаспадар; на што палавы звычайна адказваў: «о, вялікі пане, машэннік». Як у асвечанай Еўропе, так і ў асвечанай Расіі ёсць цяпер вельмі многа паважаных людзей, якія не могуць без таго есці ў тракціры, каб не пагаварыць са слугою, а часам нават пацешна пажартаваць з яго. Аднак, прыезджы не ўсё пытаўся так сабе: ён з надзвычайнай дакладнасцю распытаў, хто ў горадзе губернатар, хто старшыня палаты, хто пракурор, словам — ні абмінуў ні аднаго значнага чыноўніка, але яшчэ з большай дакладнасцю, калі нават не з зацікаўленасцю, распытаў пра ўсіх значных памешчыкаў, колькі хто мае душ сялян, як далёка жыве ад горада, якога нават характару і як часта прыязджае ў горад; распытаў уважліва пра становішча краю: ці небыло якіх хвароб у іх губерні, павальных гарачак, згубных якіх-небудзь ліхаманак, воспы і да таго падобнага, і ўсё так, і з такою дакладнасцю, якая выяўляла больш, чым адну простую цікаўнасць. У манерах сваіх пан меў штосьці саліднае і смаркаўся надзвычай гучна. Невядома, як ён гэта рабіў, ды толькі нос яго гучаў, як труба. Гэтая, як відаць, зусім нявінная якасць прыдабыла аднак-жа яму шмат павагі з боку тракцірнага слугі, так, што ён кожны раз, калі чуў гэты гук, патрэсваў валасамі, пачцівей выпростваўся і, нагнуўшы з вышыні сваю галаву, пытаў: ці не трэба чаго? Пасля абеда пан выпіў кубак кавы і сеў на канапу, падклаўшы сабе за спіну падушку, якую ў рускіх тракцірах замест эластычнай шэрсці набіваюць чымсьці надзвычай падобным да цэглы і каменняў. Тут пачаў ён пазяхаць і загадаў завесці сябе ў свой нумар, дзе, прылёгшы, заснуў дзве гадзіны. Адпачыўшы, ён напісаў на кавалачку паперы, па просьбе тракцірнага слугі: чын, імя і прозвішча для паведамлення, куды трэба, у паліцыю. На паперцы палавы, сыходзячы з лесніцы, прачытаў па складах наступнае: калежскі саветнік Павел Іванавіч Чычыкаў, памешчык, па сваіх патрэбах. Калі палавы ўсё яшчэ разбіраў па складах запіску, сам Павел Іванавіч Чычыкаў накіраваўся паглядзець горад, якім быў, як здавалася, задаволены, бо знайшоў, што горад быў нічым не горшы за іншыя губернскія гарады: моцна біла ў вочы жоўтая фарба на каменных дамах і сціпла цямнела шэрая на драўляных. Дамы былі ў адзін, два і паўтара паверхі з вечным мезанінам, вельмі прыгожым, па думцы губернскіх архітэктараў. Дзе-ні-дзе гэтыя дамы, здавалася, губляліся сярод шырокай, як поле, вуліцы і бясконцых драўляных платоў; дзе-ні-дзе збіваліся ў кучу і тут было прыкметна больш руху народу і жывасці. Трапляліся амаль змытыя дажджом шыльды з крэндзелямі і ботамі, там-сям — з намаляванымі сінімі штанамі і подпісам нейкага Аршаўскага краўца; дзе магазін з шапкамі, фуражкамі і надпісам: чужаземец Васілій Фёдараў; дзе быў намаляваны більярд з двума ігракамі ў фраках, у якія апранаюцца ў нас на тэатрах госці, што выходзяць у апошнім акце на сцэну. Ігракі былі намаляваны з нацэленымі кіямі, крыху выкручанымі назад рукамі і касымі нагамі, якія толькі што зрабілі ў паветры антраша. Пад усім гэтым было напісана: «I вось завядзенне». Там-сям проста на вуліцы стаялі сталы з арэхамі, мылам і пернікамі, падобнымі да мыла; дзе харчэўня з намаляванай тоўстай рыбай і ўваткнутым у яе відэльцам. Але больш за ўсё было прыкметна пацямнелых двухгаловых дзяржаўных арлоў, якія цяпер ужо заменены лаканічным надпісам: піцейны дом. Брук усюды быў кепскаваты. Ён заглянуў і ў гарадскі сад, дзе раслі тоненькія дрэвы, якія дрэнна прыняліся, з падпоркамі ўнізе, у выглядзе трохкутнікаў, вельмі прыгожа пафарбаваных зялёнай маслянай фарбай. Зрэшты гэтыя дрэўцы былі не вышэй чароцін, аднак, аб іх было сказана ў газетах пры апісанні ілюмінацыі, што горад наш аздобіўся, дзякуючы клопату грамадзянскага правіцеля, садам, які складаецца з цяністых, разложыстых дрэў, што даюць халадок у спякотны дзень, і што пры гэтым вельмі прыемна было глядзець, як сэрцы грамадзян трапяталі ад збытку ўдзячнасці і струменілі патокі слёз у знак удзячнасці пану граданачальніку. Распытаўшы падрабязна будачніка, дзе можна прайсці бліжэй, калі спатрэбіцца, да сабора, да прысуцтвенных месцаў, да губернатара, ён накіраваўся зірнуць на раку, што працякала пасярод горада, па дарозе адарваў прыбітую да слупа афішу з тым, каб уважліва прачытаць яе прышоўшы дамоў, паглядзеў пільна на праходзіўшую па драўляным тратуары даму не брыдкую з выгляду, за якой ішоў хлопчык у ваеннай ліўрэі з пакуначкам у руцэ, і, яшчэ раз акінуўшы ўсё вачамі, быццам для таго, каб добра запомніць гэтае месца, накіраваўся дамоў проста ў свой нумар, прычым на сходках яго злёгку падтрымліваў тракцірны слуга. Напіўшыся чаю, ён сеў перад сталом, загадаў падаць сабе свечку, дастаў з кішэні афішу, паднёс яе да свечкі і пачаў чытаць, прыжмурыўшы крыху правае вока. Аднак цікавага мала было ў афішы: давалася драма Г. Кацэбу, у якой Рола іграў п. Паплевін, Кору — дзяўчына Зяблава, іншыя асобы былі і таго менш прыкметныя, аднак-жа ён прачытаў іх усіх, дабраўся нават да цаны партэра і даведаўся, што афіша была надрукавана ў друкарні губернскага праўлення, потым перавярнуў на другі бок, даведацца, ці няма там чаго-небудзь, але, не знайшоўшы нічога, працёр вочы, скруціў акуратна і палажыў у сваю скрынку, куды меў звычай складаць усё, што ні траплялася. Дзень, здаецца, быў закончаны порцыяй халоднай цяляціны, бутэлькай кіслых шчэй [3] і моцным сном на ўсе застаўкі, як кажуць у некаторых месцах абшырнай рускай дзяржавы.

вернуться

3

Кіслыя шчы — шыпучы квас.