Скарына. Лепш з малаком.
Кат. Правільна. Той доктар таксама раіў, калі мая Берта хварэла. Смех, дый годзе — яна ачуняла, а ён памёр… Гэта калода. Сюды мы закоўваем з рукамі і нагамі. Тады-сяды падстаўляем пад пяткі вось гэту жароўню… На сценах — дробязь, хіба акрамя вунь тых ціскоў. Імі я заціскаю самае далікатнае, што ёсць у мужчыны. Хіба і ўсё. (Да Скарыны.) А можа, у вас ад жывата што ёсць?
Скарына. Есць, ды я з сабой не ўзяў. Не ведаў, што з вамі спаткаюся.
Стражнікі прывозяць крэсла, закрытае посцілкай.
Кат. Шкада. А тут у нас пацыент. (Адкрывае посцілку.)
У крэсле закованы непрытомны Адвернік. Глянуўшы на Скарыну, Кат выходзіць. На ўсе вокны і дзверы з грукатам па чарзе падаюць краты.
VIII
Карчма. З’яўляецца Іахім. Ён падыходзіць да бочкі, што стаіць на покуце, адсоўвае яе ўбок, потым паднімае крышку і заглядвае ў пограб.
Іахім. Guten Morgen, Frau Margarita. Guten Morgen, mein junger Freund Peter[5].
З пограба вылазіць Маргарыта, за ёй Пётр. Іахім падае руку Маргарыце.
Bitte, Frau Margarita, bitte. (Пятра асадзіў назад.) Ein Moment! Zurück! Peter, für dich Hinausgehen verboten[6]. (Закрывае пограб.)
Маргарыта (кідаецца да Іахіма). Што ж вы робіце?! Пусціце! Пусціце яго!..
Іахім (ветліва адхіляе Маргарыту). Zurück, Frau Margarita! Inquisition. Feuer. Kaputt[7]. (Ставіць бочку на крышку ад пограба.)
Маргарыта (плача). Лепш ужо капут, чым у турме тваёй сядзець!
Iахім. Nicht verstehe[8].
Мaргарыта. Што ж тут фэрштэіць? Цёмна, кажу, сыра там, мышы! Холадна, як у лядоўні! (Паказвае, як ёй холадна.)
Iахім. А-а-а… Хо-лёт-но… Я-я…
Маргарыта (радасна). Я-я… Азыз Пётра… Выпусці!..
Іахім (бярэ руку Маргарыты). Я-я… Хо-лёт-но… Кальт… (Хукае ёй на руку, прыкладае да сваёй шчакі, цалуе.)
Маргарыта (насцярожана). Ды ідзі ты… (Адымае руку.)
Iахім (ласкава). Nicht verstehen?[9]
Мaргарытa. Hi капелькі…
Iахім. Ja-ja… arbeiten, Margarita, arbeiten[10]. (Паказвае на падлогу.)
Маргарыта. Праваліўся б ты са сваім арбайтам! Пра Юраську і Францыска зноў ні слова… Толькі ад цябе і чуеш: арбайтэн…
Iахім. Ja-ja… arbeiten, Frau Margarita, schneller arbeiten…[11] (Выходзіць.)
Маргарыта ідзе да бочкі, хоча адсунуць яе. З’яўляецца Iахім.
Iахім (пагражае пальцам). Verboten, Frau Margarita, streng verboten. Inquisition. Feuer. Kaputt…[12]
Маргарыта (плача). Міленькі! Родненькі! Ну выпусці ж ты яго хоць на часіначку! Зойдзецца хлопчык. Захварэе.
Іахім весела рагоча, потым знянацку хапае ў абдымкі Маргарыту і пачынае цалаваць яе.
Іахім. Ich liebe dich. Meine Liebe[13].
Маргарыта (крычыць). Адчапіся, порхаўка смярдзючая! (Так штурхае Іахіма, што той ляціць праз бочку.) Іш, прысмактаўся п’яўкаю!.. Як што іншае, дык ты разумееш…
Iахім (здзекліва). Майне лібэ фрау Маргарыта, Іахім разумее столькі, колькі трэба, і яшчэ тое-сёе мае ў запасе. I калі Іахім зразумеў тваю бяду, то чаму б табе, маладой і прыгожай жанчыне, не зразумець яго жадання.
Маргарыта (не верыць сваім вушам). Ты разумееш па-нашаму?!
Iахім. А чаму і не?.. Толькі мне вельмі хацелася, каб і ты зразумела, што, схаваўшы вас ад інквізіцыі ў гэтым пограбе, Іахім стаў на вастрыё нажа. Ты думаеш, некаму ахвота стаяць на вострым? Ніхто за так стаяць не будзе. I калі ў цябе нічога іншага няма, то не штурхай Іахіма праз бочку. Ён у цябе многа не возьме. Ён возьме нават не столькі, колькі хоча, а столькі, колькі зможа. Гэта ў цябе нічога не каштуе, а ў яго дорага цэніцца. (Ідзе да Маргарыты.)
Рукі Маргарыты намацалі на бочцы вялізны нож, і цяпер яна трымае яго за спінай. Іахім абдымае і цалуе Маргарыту. Яна не працівіцца яму. I тады ён апускаецца на калені, абдымае Маргарыту за ногі, яму хочацца іх пабачыць.
Іахім можа купіць хоць сто жанчын! Але ён не любіць купленага. Ён хоча падарунка! Чаму б табе па-добраму не падараваць Іахіму нешта, калі ён ратуе цябе ад агню, у якім і сам згарэць можа. (Мацае ногі Маргарыты.) А што, як раптам агонь інквізіцыі дакранецца да гэтых цудоўных ножак і вышэй?.. А можа, няхай бы вышэй дакрануўся бедны Іахім?..
6
Калі ласка, фрау Маргарыта, калі ласка. Хвіліначку! Назад! Пётр, табе забаронена