Выбрать главу

На добры лад ехаць у Торэ-дзі-Вэнэрэ след у верасні, калі самая гарачая публіка раз’язджаецца і курорт пусцее, альбо ў траўні, пакуль мора яшчэ не нагрэецца настолькі, каб хто з тутэйшых рызыкнуў у ім апаласнуцца. Праўда, і ў міжсезонне там не пуста, але ж не дужа шумна і не так наітальянена. Англійская, нямецкая, французская гаворка пераважае пад тэнтамі будак на пляжы і ў сталовых пансіёнаў, тым часам як яшчэ ў жніўні, прынамсі, у «Гранд-гатэлі», дзе мы мусілі спыніцца, не маючы прыватных адрасоў, такая навалач фларэнтыйцаў і рымлян, што чужаземец адчувае сябе не толькі чужым, але як бы пастаяльцам другога гатунку. Гэта мы з некаторай прыкрасцю заўважылі першага ж вечара, калі спусціліся паабедаць у рэстаран і папрасілі мэтрдатэля паказаць нам вольны столік. Супроць прапанаванага нам століка запярэчыць, зрэшты, не было прычыны, але нас прывабіла зашклёная веранда на бок мора, што, як і зала, была запоўнена, але там яшчэ заставаліся вольныя месцы і на століках гарэлі лямпачкі пад чырвонымі абажурамі. Такая святочнасць вельмі спадабалася нашым дзецям, і мы з шчырым сэрцам заявілі, што хацелі б на веранду — і тым самым выявілі сваю поўную недасведчанасць, бо нам, крыху сумеўшыся, сказалі, што гэтая раскоша толькі «нашым кліентам», «ai nostri clienti». Нашым кліентам? Ну, тады гэта нам. Мы ж не якія там матылькі-пырхункі, мы пастаяльцы, якія прыехалі на тры тыдні, а можа, і на месяц, мы пенсіянеры. Зрэшты, мы не настойвалі, каб нам удакладнілі розніцу паміж намі і той кліентурай, што мае права акладацца пад чырвонымі лямпачкамі, мы з’eлі наш pranzo[8] за сталом, асветленым сціпла і будна, у агульнай зале — абед так сабе, сярэдненькі, безаблічны і нясмачны гатэльны стандарт; кухня пансіёна «Элеанора», што, можа, крокаў за дзесяць далей ад мора, здалася нам пазней куды смачнейшай.

Туды мы перабраліся дні праз тры-чатыры, яшчэ як след не асвойтаўшыся ў «Гранд-гатэлі» — і нават зусім не за тую веранду і чырвоныя лямпачкі: дзеці адразу здружыліся з афіцыянтамі і пасыльнымі, без памяці радаваліся мору і неўзабаве начыста забыліся на прыгожыя прынады. Але з некаторымі заўсёднікамі веранды ці, правільней, з дырэкцыяй гатэля, што плазам плазавала перад імі, адразу ўзнік адзін з тых канфліктаў, якія з самага пачатку псуюць жыццё на курорце. Сярод іх былі рымскія багацеі і нейкі princire[9] Ікс з сям’ёй, нумар гэтага панства быў суседні з нашым, і княгіня, велікасвецкая дама і разам з тым палкай любові маці, была напалохана рэшткамі ядухі, якою абое нашыя малыя незадоўга да таго перахварэлі і слабое водгулле якой яшчэ часам уначы парушала звычайна здаровы сон нашага меншанькага. Сутнасць гэтай хваробы не вельмі ясная, што дае прастору ўсялякім прымхам, а таму мы зусім не пакрыўдзіліся на нашу элегантную суседку за тое, што яна падзяляла дужа пашыраную думку, быццам ядухай заражаюцца акустычна, — інакш кажучы, проста баяліся благога прыкладу сваім дзецям. Па-жаночы гордая сваёй знакамітасцю, яна звярнулася ў дырэкцыю, пасля чаго апрануты ў сурдут службовец паспяшаўся з вялікім-вялікім жалем абвясціць нам, што пры такіх акалічнасцях наша перасяленне ў флігель гатэля проста мусовае. Дарма талкавалі мы яму, што гэтая дзіцячая хвароба на апошняй стадыі затухання, што яна фактычна пераадолена і не нясе ніякай небяспекі нікому. Адзінае, у чым ён саступіў нам, быў дазвол вынесці выпадак на суд медыцыны, гатэльны ўрач — і толькі ён, а не які-небудзь наш запрашэнец — можа быць пакліканы развязаць пытанне. Мы згадзіліся на гэтую ўмову, бо не сумняваліся, што такім чынам і княгіня ўгамоніцца, і нам не давядзецца перабірацца. Прыходзіць доктар, ён аказваецца сумленным і вартасным слугою навукі. Ён абследуе малога, выяўляе, што той зусім ужо здаровы, і выключае якую-колечы небяспеку. Мы ўжо лічым, што справа ўладжана, аж не — службовец заяўляе, што, нягледзячы на заключэнне ўрача, нам трэба вызваліць нумар і перабірацца ў флігель.

Такое халуйства абурыла нас. Сумняваюся, што вераломная ўпартасць ішла ад княгіні. Хутчэй за ўсё дагодлівы службовец проста не адважыўся давесці ёй заключэнне ўрача. Як бы там яно ні было, мы сказалі яму, што лепей ужо зусім з’едзем, без адкладу лішняга, — і пачалі пакавацца. Мы маглі так зрабіць без ніякіх дакораў сумлення, бо тым часам паспелі пабыць мімаходзь у пансіёне «Элеанора», які адразу ўпадабаўся нам сваім ветла-сямейным выглядам, мы пазнаёміліся з яго гаспадыняй, сіньёрай Анджальеры, якая зрабіла на нас самае добрае ўражанне. Мілавідная, чарнавокая дама, тасканскага тыпу, мабыць, крыху за трыццаць, з матавай, колеру слановай косці скурай, мадам Анджальеры і яе муж, заўсёды дбайна апрануты, ціхі і лысы спадарок, трымалі ў Фларэнцыі большы пансіён і толькі ўлетку і ранняй восенню ўзначальвалі філію ў Торэ. Раней, да замужжа, наша новая гаспадыня была кампаньёнкай, касцюмеркай, больш за тое — сяброўкай Дузе, — эпоха, якую яна, відаць, лічыла самай значнай і шчаслівай у сваім жыцці і пра якую ўжо ў першы наш прыход пачала жвавенька расказваць. Безліч здымкаў вялікай акторкі з сардэчнымі надпісамі і іншыя рэліквіі іх ранейшага жыцця ўпрыгожвалі сцены і этажэркі гасцёўні сіньёры Анджальеры, і хоць ясна было, што гэты культ яе цікавага мінулага ў нейкай меры таксама закліканы павялічыць панадную сілу яе сённяшняга занятку, мы, ідучы за ёю па доме, з прыемнасцю і нават крыху спагадліва слухалі яе расказ пра бясконцую дабрыню, сардэчную шчырасць і мілату яе нябожчыцы гаспадыні, які яна падавала на адрывістым і зычным тасканскім дыялекце.

вернуться

8

Абед (іт.).

вернуться

9

Князь (іт.).