Выбрать главу

Пры чытанні «Нябышына» нявольна прыходзіць думка, што гэты твор не можа быць не заўважаны і ў іншамоўнай прасторы. І таму ёсць спадзева, што ён будзе перакладзены на іншыя мовы.

І колькі слоў пра аўтара выдання. Чалавек ён незвычайны, асоба неардынарная. Яму ўжо пайшоў 76-ы год, але і па знешнім выглядзе, і па светаадчуванні, ён значна маладзейшы. За яго нестандартныя паводзіны і ў войску яму, прафесійнаму вайскоўцу, як кажуць, даставалася, і ў адстаўку прыйшлося пайсці толькі ў званні маёра, а не, хаця б, палкоўніка ці падпалкоўніка. І. Копыл — высокаадукаваны чалавек. Сярод асноўных яго зацікаўленняў — беларуская гісторыя, культура і літаратура. Ён — беларусацэнтрыст. Многія з яго знаёмых (і аўтар гэтых радкоў) казалі, што яму трэба было быць журналістам ці літаратарам. Не будзе перабольшаннем сказаць, што і як працаўнік пяра І. Копыл адбыўся. Ён многа друкаваўся ў СМІ, ён — пастаянны аўтар многіх радыёперадач на беларускай «Свабодзе», ён у інтэрнеце — актыўны. А цяпер вось і кніга, кніга звышадметная. І. Копыл — актыўны ўдзельнік амаль усіх масавых грамадзянскіх акцый і культурных мерапрыемстваў; ён сталы падпісчык «Нашага слова».

У заключэнне варта падаць адзін абзац з «Нябышына», які дае зразумець прыроду і стан унутранага ўкладу героя і аўтара гэтай невялікай кніжкі:

«Нарэшце мы прыйшлі на сваё папялішча. Яно ўжо зарасло травой. Бацька сказаў: „Нічога, адбудуемся. Галоўнае — мы жывы, хоць і не ўсе“. Ён меў на ўвазе смерць Мікалая. „Я паставіў перад сабой мэту — выжыць і вас зберагчы. І мы гэтага дасягнулі, — прадоўжыў свой маналог бацька, — гэта большае геройства і мужнасць, чым абстраляць з засады нямецкую машыну ці забіць немца з-за вугла“. Потым, калі я ўспамінаў гэтыя словы, я пагаджаўся з імі. Мне не зразумела, для чаго Аляксандр Матросаў закрыў амбразуру сваім целам. Можна ж было закрыць яе шынялём, бушлатам ці закінуць у амбразуру гранату.

Але вернемся да папялішча. Бацька азірнуўся наўкола. А потым бадзёра прамовіў: „Хопіць марнаваць час, пачынаем будаваць жыллё“».

Яўген Гучок

Прадмова аўтара

Пра Другую сусветную вайну і Вялікую Айчынную як яе частку напісана вельмі шмат; але, па-мойму аднабакова, скажона і хлусліва, у асноўным пра гераічнае. Пачынаючы з 60-х гадоў мінулага стагоддзя, убачылі свет шматлікія мемуары генералаў і маршалаў — удзельнікаў вайны. Потым мемуары сталі пісаць усе, аж да радавога.

З дзесятак тых успамінаў прачытаў і я, але хутка зразумеў што ўсе яны, як блізняты-браты. Гэта голая статыстыка — пералік ваюючых армій з абодвух бакоў і іх камандуючых, колькасць самалётаў і бранятэхнікі, колькасць гармат на адзін кіламетр фронту. Панікёрскае бегства Чырвонай Арміі ў першыя два гады вайны падаецца як запланаваны адыход. У мемуарах я не знайшоў звестак пра колькасць чырвонаармейцаў, што апынуліся ў нямецкім палоне. Такое ўражанне, што ў палоне быў толькі адзін генерал Карбышаў, які гераічна загінуў. У мемуарах не паказаны лёс асобнага чалавека, простага салдата. Людзі для генералаў былі гарматным мясам. Толькі мемуары генерала Гарбатава заслугоўваюць увагі.[1] Ён адзіны, хто рызыкнуў расказаць нам пра сталінскія рэпрэсіі, пра катаванні людзей, пра ГУЛАГ.

Памятаю, як у сярэдзіне 70-х гадоў мінулага стагоддзя мемуары генерала Гарбатава былі забаронены. У бібліятэку вайсковай часці, дзе я служыў, прыбылі прадстаўнікі Асобага аддзела і ўсе асобнікі кнігі канфіскавалі.

У сваіх нататках я запісаў тыя падзеі ваеннага ліхалецця, якія адбываліся побач са мной, у нашай вёсцы і вакол яе, і тое, што я пачуў ад свайго бацькі і ад аднавяскоўцаў. Я тады быў падлеткам, усім цікавіўся, запамінаў упітваў у сябе навіны, як губка. Усё, аб чым пішу — праўда, пабачаная на свае вочы.

Частка І

УСПАМІНЫ

1. Перад вайной

Вёска Нябышына, у якой нарадзіўся і дзе прайшлі мае дзяцінства і юнацтва, уваходзіла ў склад Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (зараз Докшыцкі раён Віцебскай вобласці). На той час гэта была апошняя беларуская вёска перад савецка-польскай мяжой. Наступная вёска — Восава, да якой было 6 кіламетраў, знаходзілася ўжо на польскім баку. Між гэтымі дзвюма вёскамі пралягала савецка-польская мяжа. Вяскоўцы, бывала, парушалі памежную тэрыторыю, натыкаліся на малапрыкметныя сігнальныя прыстасаванні. Але гэта былі не наўмысныя, а выпадковыя парушэнні: збор ягад, грыбоў, арэхаў. Нам пашанцавала, што памежнік Карацупа нёс службу на Далёкім Усходзе, а не ў нас.[2]

вернуться

1

Аляксандар Гарбатаў (1891–1973), кадравы афіцэр Чырвонай арміі, быў арыштаваны ў кастрычніку 1938 г, 22 месяцы знаходзіўся ў турме, прайшоў праз шматлікія катаванні, але не зламаўся. У 1940 г. яму далі прысуд — 15 год лагераў — і адправілі на Калыму. Але 5 сакавіка 1941 г. адпусцілі на волю і ўзнавілі ў войску. Вайну ён сустрэў на пасадзе намесніка камандзіра 25 стралецкага корпусу (Украін. ВА); скончыў камандзірам 3-й арміі. Герой Савецкага Саюза (з красавіка 1945 г.). Ягоныя мемуары «Гады і войны» былі выданыя ў 1965 г. — Рэд.

вернуться

2

Мікіта Карацупа (1910–1994) — знакаміты савецкі памежнік, Герой Савецкага Саюза (1965 г.). За 20 гадоў службы непасрэдна на памежжы (1932–52 гг.) ён забіў 129 так званых «парушальнікаў мяжы», а яшчэ 338 злавіў. Большасць з гэтых 467 чалавек былі звычайныя кантрабандысты, якіх тагачасная прапаганда паказвала як «агентаў» замежных выведах, альбо простыя люди, намагаўшыяся збегчы з савецкага «рая». Карацупа так любіў паляваць на людзей, што лепш за усё да яго падыходзіць вызначэнне «крыважэрны сабака». — Рэд.