Выбрать главу

ІV

Вы чуеце: нешта трумкае ў яго хаце. Гэта Вінцэнты струны нацягвае, робіць з імі лад. Добрая прымета: у чалавека час ёсць — разгледзецца, распытацца будзе калі.

Не спяшаймася ў хату. Заўнімемся крыху на Вінцэнтавым гразкім дварэ. Пастаім тут ды на меншага, бяднейшага Заблоцкага пакоі паглядзім. Дрэнь, па праўдзе сказаўшы, яго пакоі: не толькі пакояў, але хаты не варты яны — з зямлі шчыт рукамі дастанеш. Некалі гэта Вінцэнтава будыніна не хата, а варывенька звалася. Складаў у ёй той чалавек ад каго Вінцэнты яе адкупіў, па крысе буракоў, бручкі, рэдзькі, капусных качаноў на высадкі, ставіў у ёй кадзь сечанай капусты і кадзь галовак сабе на зіму, цэбар пасоленых агурок гэтаксама меў сваё месца. А перавёз сабе Вінцэнты тую варывеньку, і лепшы яна ў яго знайшла толк: два акны, як далонню закрыць, прарэзаў новы гаспадар, каб крыху блішчала ў хаце, каб ведаць, калі развіднее і калі змяркаецца на дварэ. Наняў муляра, зрабіў печ і пачаў ад тых дат у варывеньцы жыць Вінцэнты Заблоцкі, пачаў хатаю сваю будку зваць.

Нагінайцеся, нагінайцеся, таварыш чытач! Не надта хаджаламу чалавеку ссадзіць сабе лабэціну ў Вінцэнтавых нізкіх дзвярах. У тры-чатыры пагібелі згінайцеся тут, бо з паклонам:

— Дзіндобры! — Вінцэнту Заблоцкаму і Разэлі Заблоцкай трэба даць.

І ў хату зайшоўшы, не рассядайцеся надта, не раскідайце на бакі шырока, не выцягуйце наперад далёка сваіх цыбатых — калі яны ў вас такія — ног, бо цесна будзе. Вы ж не захочаце, можа, у столь галавою ўпёршыся стаяць, прастарнейшае сабе ў гэтай цеснай хаце выбраўшы месца, бо, калі крыху завысокі, і тут нагнуцца давядзецца.

Можа б, крыху і лепей, прастарней у Вінцэнтага было, каб не печ. Вялікая з яе замінка ў гэтай шчыгульнай, у абляжку збудованай хаце. Але няма на гэта ніякае рады — не можа без печы абысціся гаспадарскі чалавек.

Меншы Юстапаў брат, гаспадар гэтай хаты, па праўдзе сказаўшы, і не Вінцэнты зваўся, а Вінцэсь. Не малому яму далі такое імя, а даросламу. З Вінцэся на Вінцэнтага перахрысцілі, што не абы-які чалавек быў ён у нас, што за сваё гранне і ў Баркаўцох і за Баркаўцамі далёка на свеце славен быў. Дзе толькі людзі чулі што пра нашы Баркаўцы, там і Вінцэнтага зналі. Здалёк ездзілі па яго, каб на вяселлі ці на іншай якой вясёлай бяседзе пайграў. Не было над Вінцэся ні здатнейшага музыкі, ні лепшага чалавека. І дзіва тут няма, што далікатнейшае яму здумалі людзі імя.

За вяселлямі ды за ігрышчамі не было калі Вінцэнтаму ні сваёй слімазарнай гаспадаркі глядзець, ні вольна дыхнуць у сваёй хаце. Адно яму ў руку было, што ў пост не толькі на скорам, але і на людскую весялосць пост быў. А даўней шмат пастоў людзі зналі і вялікіх шэсць тыдняў пасцілі ды дробных пастоў усякіх розных яшчэ была чортава гібель: пятроўка, іспасаўка, піліпаўка ды штотыдня серада з пятніцаю. Толькі і жыў у пасты Вінцэнты — ніхто да яго тады не сляпіўся.

Надта ж мяккі Вінцэнты на далікатнае слова. Не можа ён нічога чалавеку наперакор сказаць. Гатоў кінуць сенажаць някошаную, сена нягрэбенае, кінуць жыта нязвезенае, а ўкруціць цымбалы ў абрус, сесці чалавеку на воз, калі здалёк той па яго прыехаў, ды й махнуць з Баркаўцоў. Толькі яго тут і бачылі! Адно пыл закурыць.

Гіне Вінцэнты.

Гіне праз свой дур.

Не любіў ён рыбы ні лавіць, ні есці. Не любіў, але мусіў.

— Хто яго ведае, недзе як звалокся, дык от ужо другі дзень як дома няма, — маніла Вінцэсіха прыезджаму чалавеку, што распытваўся ў яе:

— Дзе ж ваш чалавек! Можа б, ён паехаў пайграць нам.

А Вінцэнты гэтым часам, каб ад абрыджонага чалавека адкасніцца, браў дзве вуды ды, туляючыся, па загароддзі ўцякаў на рэчку.

Закіне Заблоцкі сваё рыбацкае начынне ў ваду. Падапрэ плячыма старую збуцвелую алешыну, сядзе конна на яе карэннях, што павымывала ў паводку вада. Сядзіць і думае цяжкія думы пра свой марны лёс. І ні разу ён на паплавок не зірне: схаваўся той ці наверсе на вадзе ляжыць. Каб завялася ў баркаўской рацэ дурная рыба, каб дарэшты высахлі яе невялікія мазгі, каб наважыла яна сябе са свету збаёдаць, дык от — як мела вешацца — магла б зачапіцца на Вінцэнтаў зазубень[2], тут сабе смерці пашукаць. Цяжкі быў бы канец таей рыбе. Давялося б ёй згнісці на Вінцэнтавым зазубні, пакуль бы той агледзеўся, што нешта злавілася ў яго. Толькі не вядзецца дурной рыбы ў нашай рацэ. І не ловіцца нічога ў нашага музыкі. Ды дзе там будзе брацца што на яго зазубень, калі Вінцэнты часта не толькі пра рыбу, але і пра чарвяка забываўся. Нічога не зачапіўшы — без ніякай прынады закідаў ён у ваду рыбіну смерць.

вернуться

2

Зазубень — кручок.