— Чыстая праўда! — сказаў габрэй, які ўвайшоў у пакой, не заўважаны Оліверам. — Гэта ўсё ляжыць на паверхні, на паверхні, павер Махляру на слова, ха-ха! Ён дык ведае азы свайго рамяства як мае быць.
Стары ў захапленні склаў рукі разам, падкрэсліваючы гэтым жэстам справядлівасць слоў Махляра, і пасмейваўся, задаволены яго прафесійнасцю.
На гэты раз гутарка не мела працягу, бо габрэй прыйшоў не адзін. Яго суправаджалі міс Бэці і джэнтльмен, якога Олівер да гэтага ніколі не бачыў. Ён запыніўся на лесвіцы дзеля невялікага флірту з лэдзі і зайшоў крыху пазней. Махляр называў яго Томам Чытлінгам.
Містэр Чытлінг быў гадамі старэйшы за Махляра. Ён мог бы размяняць ужо васямнаццатую зіму. Але яго стаўленне да гэтага маладога джэнтльмена паказвала, што ён усведамляе поўную перавагу Махляра ў сэнсе розуму і прафесійнасці. У яго былі маленькія мігатлівыя вочкі і рабаціністы твар. На ім былі надзеты шапка з футра, цёмная куртка з плісу рубчыкам, зашмальцаваныя картовыя штаны і фартух. Яго гардэроб насамрэч патрабаваў рамонту, але ён выбачыўся перад грамадой тым, што ягоны тэрмін скончыўся толькі гадзіну таму і што ён, адпаведна, мусіў насіць усё казённае шэсць тыдняў і з гэтай прычыны не мог надаваць належнай увагі асабістай адзежы. Містэр Чытлінг з прыкметным раздражненнем дадаў, што найноўшыя метады цеплавой дэзінсекцыі2 адзення пякельна антыканстытуцыйныя, бо ў адзежы былі прапалены дзіры, але змагацца з уладамі графства няма сэнсу. Тую самую заўвагу ён меў і наконт стрыжкі валасоў: ён лічыў яе абсалютна незаконнай. Свой крытычны агляд містэр Чытлінг закончыў заявай, што вось ужо сорак два дні, поўныя мярцвяцкі цяжкай працай, у яго не было ў роце ані кропелькі і што «няхай яго заб’юць, калі ён не высах на лазовы кошык».
— Як ты думаеш, Олівер, адкуль прыйшоў гэты джэнтльмен? — запытаўся з усмешкай габрэй, калі маладыя людзі паставілі на стол бутэльку спіртнога.
— Я... я не ведаю, сэр, — адказаў Олівер.
— Хто гэта? — спытаў Том Чытлінг, пагардліва паглядзеўшы на Олівера.
— Гэта мой малады сябар, даражэнькі, — азваўся габрэй.
— Тады ён шчаслівы... — працягнуў юнак і шматзначна паглядзеў на Фэджына. — Якая розніца, адкуль я прыйшоў, малец; магу паставіць на заклад крону, што ты сам неўзабаве знойдзеш туды дарогу!
Пачуўшы гэты жарт, хлопцы засмяяліся. Пажартаваўшы яшчэ крыху на тую самую тэму, яны аб чымсьці перашапнуліся з Фэджынам і выйшлі.
Фэджын пагаварыў крыху сам-насам з госцем, потым яны падселі да агменя. Габрэй прапанаваў падсесці да іх і Оліверу і распавёў пра тое, што, паводле яго разлікаў, павінна было найбольш зацікавіць ягоных суразмоўцаў. Гэта былі вялікія перавагі рамяства, прафесійнасць Махляра, абаяльнасць Чарлі Бэйца і ліберальнасць самога габрэя. Нарэшце стала падобна на тое, што тэмы гэтыя вычарпаліся. Вычарпаныя былі і сілы містэра Чытлінга, бо папраўчы дом пачынае стамляць ужо пасля аднаго ці двух тыдняў. Таму міс Бэці пайшла, каб даць магчымасць грамадзе адпачыць.
Пачынаючы з гэтага дня, Олівер рэдка заставаўся адзін. Ён амаль заўсёды быў з двума хлопцамі, якія штодня ігралі з габрэем у колішнюю гульню. Габрэю лепш было вядома, мусіла гэта больш спрыяць іхняй форме або перавыхаванню Олівера. Іншы раз стары расказваў ім гісторыі пра рабаўніцтвы, якія ён учыніў, калі быў маладзёнам, і ў гэтых гісторыях было столькі цікавага і камічнага, што Олівер не мог стрымацца і ад душы смяяўся, паказваючы тым самым, што гэтыя авантуры падабаюцца яму, нягледзечы на ўсе яго станоўчыя якасці.
Карацей, хітры стары габрэй заблытаў хлопчыка ў свае сеці. Праз самоту і змрочнасць ён псіхалагічна падрыхтаваў хлопчыка да таго, што дзіця аддало перавагу ўзаемінам з людзьмі, хоць і дрэннымі, перад сваімі маркотнымі думкамі ў надзвычай сумным месцы; цяпер габрэй пачаў уліваць у ягонае сэрца атруту, спадзеючыся, што яго душа пачарнее і назаўсёды зменіць свой колер.
РАЗДЗЕЛ ХІХ,
у якім абмяркоўваюць і прымаюць выбітны план
Была шэрая, вільготная, ветраная ноч, калі габрэй, туга зашпіліўшы ўсе гузікі свайго шэрага паліто, якое шчыльна аблягала яго лядашчае цела, наставіўшы каўнер да вушэй так, каб нябачнай была ніжняя частка твару, вылез са свайго схову. На ганку ён пачакаў, пакуль за ім не замкнулі на замок і ланцуг дзвярэй, упэўніўся, што хлопчыкі зрабілі ўсё належным чынам і што іх крокаў больш не чуваць, і прыпусціў уніз па вуліцы як мага.