— Брахуны3 для мяне, Барні, — сказаў Тобі Крэкіт.
— Вось яны, — азваўся Барні, вымаючы пару пісталетаў. — Вы іх самі зараджалі.
— У парадку, — адказаў Тобі і схаваў іх. — Пераканальнікі4?
— У мяне, — прамовіў Сайкс.
— Абцугі, адмычкі, свердзелы, цёмнічкі4* — нічога не
забыліся? — дапытваўся Тобі, замацоўваючы ў пятлі пад крысом свайго паліто невялікі лом.
— Усё ў парадку, — адгукнуўся яго таварыш. — Валачы дубінкі для іх. Ужо пара ісці.
З гэтымі словамі ён узяў з рук Барні тоўсты кій, а той аддаў другі Тобі і пачаў зашпільваць накідку Олівера.
— Ану! — сказаў Сайкс, працягваючы руку.
Олівер, які зусім ачмурэў ад нязвыклых высілкаў, ад паветра, ад пітва, якое яго прымусілі выпіць, механічна паклаў сваю руку ў руку Сайкса.
— Тобі, вазьмі яго за другую руку, — працягваў Сайкс. — Барні, выгляні, што там.
Барні пайшоў да дзвярэй, потым вярнуўся і абвясціў, што ўсё ціха. Двое рабаўнікоў выйшлі разам з Оліверам. Барні, замкнуўшыся, зноў закруціўся ў коўдру і заснуў.
Навокал стаяла густая цемра. Туман цяпер быў куды цяжэйшым, чым звечара, паветра было такім вільготным, што, хоць дажду і не было, валасы і бровы Олівера літаральна за некалькі хвілін пасля выхаду з дому пакрыліся напалову замерзлай імжой, якая насілася ў паветры наўкола. Яны перайшлі мост і кіраваліся цяпер у бок агнёў, якія Олівер бачыў раней. Шлях быў недалёкі, і паколькі яны ішлі вельмі хутка, то неўзабаве прыйшлі ў Чэрсі.
— Гайда праз горад, — прашаптаў Сайкс, — ноччу нас ніхто не ўбачыць.
Тобі згадзіўся, і яны пашыбавалі галоўнай вуліцай мястэчка, зусім пустой у такі позні час. Там-сям у акне спальні мігцела цьмянае святло, і час ад часу маўчанне ночы разрываў хрыпаты сабачы брэх. Але на шляху не было нікога, і яны пакінулі мястэчка, калі царкоўныя куранты прабілі дзве гадзіны.
Яны паскорылі крок і збочылі на дарогу налева. Пераадолеўшы каля чвэрці мілі, яны падышлі да асабняка на водшыбе, абнесенага мурам, на які Тобі Крэкіт, амаль не аддыхваючыся, узбіўся ў адзін момант.
— Цяпер давай хлопчыка, — сказаў Тобі. — Падымі яго, а я падтрымаю.
Перш чым Олівер змог агледзецца, Сайкс падхапіў яго пад рукі, і праз тры або чатыры секунды ён і Тобі ляжалі ў траве на другім баку мура. Адразу следам пералез Сайкс, і яны асцярожна пачалі падкрадвацца да дома.
Толькі цяпер Олівер, які ледзь не звар’яцеў ад страху і роспачы, убачыў, што мэтай экспедыцыі былі ўзлом і рабаўніцтва, калі не забойства. Ён склаў далоні, і міжволі вырваўся з яго грудзей глухі крык жаху. У яго пацямнела ўваччу, халодны пот выступіў на попельным твары, ногі больш не трымалі яго, і ён абсунуўся на калені.
— Уставай! — прамармытаў Сайкс, дрыжучы ад шаленства і вымаючы з кішэні пісталет. — Уставай, ані то я вывалю табе мазгі на траву.
— О! Імем Бога адзінага адпусціце мяне! — выкрыкнуў Олівер. — Дайце мне ўцячы і памерці ў палях. Я ніколі не набліжуся да Лондана, ніколі, ніколі! О, малю, злітуйцеся і не прымушайце красці. Дзеля любові ўсіх шчырых анёлаў на небе, злітуйцеся!
Чалавек, да якога былі скіраваныя гэтыя словы, выдыхнуў страшэнны праклён і ўзвёў курок пісталета, але Тобі, выбіўшы ў яго з рук зброю, заціснуў рукой рот хлопчыка і павалок яго да дома.
— Ціха! — крыкнуў ён. — Размовы тут не маюць сэнсу. Яшчэ слова — і я сам з табой разлічуся, урэжу табе разок па кумпалу. Гэтаксама надзейна, затое без шуму і больш высакародна. Ану, Біл, узламай гэтую аканіцу. Думаю, хлопчык крыху ачомаўся. У такую халодную ноч людзі больш дарослыя, чым ён, бывала, губляліся на хвіліну ці дзве, сам бачыў.
Сайкс, наклікаючы на галаву Фэджына грозныя праклёны за тое, што ён паслаў на такую справу Олівера, рашуча, але ціха пусціў у ход лом. Праз некаторы час, дзякуючы падтрымцы Тобі, аканіца, да якой прыкладваліся намаганні, расхінулася і павісла на петлях.
За ёй было маленькае акенца з кратамі, каля пяці з паловай футаў над зямлёй. Яно знаходзілася ў задняй частцы дома ў канцы калідора і належала, напэўна, да памяшкання для мыцця посуду або браваранькі. Адтуліна была такой малой, што жыхары, відаць, не думалі, што варта засцерагацца больш надзейна, але тым не менш яна была дастаткова вялікай, каб у яе мог пралезці хлопчык з камплекцыяй Олівера. Вельмі кароткай акцыі накшталт той, якую ажыццявіў Сайкс, хапіла, каб адолець мацаванне кратаў, і хутка акенца было шырока расчыненае.