Выбрать главу

Непадалёку ад месца, дзе Сноў-Хіл пераходзіць у Хольбарн-Хіл, праваруч, калі ісці ад Сіці, пачынаецца вузкі і цёмны завулак, які вёў у Сафран-Хіл. У яго брудных крамах выстаўленыя на продаж вялізныя пачкі ўжываных ядвабных насовак усемагчымых памераў і афарбоўкі, бо тут гандлююць крамнікі, якія скупляюць іх у кішэннікаў. Сотні гэтых насовак вісяць на цвіках над вокнамі або гойдаюцца на ветры ля дзвярных проймаў. Унутры імі запоўненыя паліцы. Нягледзячы на невялікія памеры Філд-Лэйн, тут ёсць свой цырульнік, свая кавярня, свая піўніца і свая крама, дзе прадаецца смажаная рыба. Гэта нешта накшталт камерцыйнай калоніі, рынак дробных злодзеяў, які ўранні і ў цёмны час сутак наведваюць маўклівыя гандляры, якія сноўдаюць у цёмных задніх пакоях і якія сыходзяць гэтаксама непрыкметна, як і з’яўляюцца. Тут гандляр адзеннем, абутнік, старызнік выстаўляюць свой тавар, які для злодзеяў з’яўляецца шырмай; тут кучы старога жалеза і касцей, сплеснелыя шматы шэрсці і паркалю ржавеюць і гніюць у цёмных скляпах.

Менавіта сюды рушыў габрэй. Ён быў добра знаёмы тутэйшым нягеглым жыхарам, бо тыя, хто стаяў, каб што-небудзь купіць або прадаць, па-сяброўску ківалі яму, калі ён іх мінаў. Ён таксама вітаўся ў адказ, але ні з кім не размаўляў, пакуль не дасягнуў дальняга канца завулка; тут ён спыніўся, каб загаварыць да нейкага гандляра вельмі нізкага росту, які, нейкім чынам уціснуўшы сябе ў дзіцячае крэсла, курыў люльку каля дзвярэй сваёй крамы.

— Варта паглядзець на вас — і слепату як рукой здыме, — адказваў гэты годны гандляр на пытанне Фэджына пра яго здароўе.

— Па суседству было занадта горача, Лайвлі, — сказаў Фэджын, падняўшы бровы і скрыжаваўшы рукі на грудзях.

— Так, я ўжо раз ці два чуў такія скаргі, — адказваў гандляр, — але ж гарачае хутка астывае, ці не так?

Фэджын кіўнуў галавой. Паказваючы рукой у кірунку Сафран-Хіла, ён спытаў, ці не праходзіў хто туды сёння ўвечары.

— У «Тры Калекі»? — перапытаў крамнік.

Габрэй кіўнуў.

— Дайце прыгадаць, — гандляр задумаўся. — Так, заходзілі туды з паўтузіна тых, каго я ведаю. Але я не думаю, што ваш сябра там.

— Сайкса няма? — перапытаў габрэй. Ягоны твар набыў расчараваны выраз.

— Non istventus5, як кажуць адвакаты, — адказаў маленькі крамнік, трасучы галавой і зрабіўшы на рэдкасць хітрую міну. — Ці маеце сёння што-небудзь для мяне?

— Не, сёння нічога, — адказаў габрэй і пайшоў.

— Фэджын, вы ідзяце ў «Тры Калекі»? — крыкнуў яму ўслед чалавечак. — Пастойце! Я прапусціў бы з вамі якую кроплю!

Але габрэй, азірнуўшыся, паказаў рукой, што яму лепш пабыць аднаму. Да таго ж, чалавечку не так лёгка было вызваліцца з крэслейка, так што «Калекі» на гэты раз не займелі гонару быць наведанымі містэрам Лайвлі. Пакуль ён узбіваўся на ногі, габрэй ужо знік, так што містэр Лайвлі, пастаяўшы колькі часу на дыбачках у спадзяванні ўгледзець яго, зноў уціснуўся ў крэслейка, абмяняўся кіўком з лэдзі з крамы насупраць, выразіўшы тым самым свае сумненні і недавер, і з ганарлівым выглядам узяўся зноў за люльку.

«Тры Калекі», або проста «Калекі», бо пад такой шыльдай гэтая ўстанова была вядомая яе заўсёднікам, — гэта тая самая карчма, у якой ужо фігуравалі містэр Сайкс з сабакам. Зрабіўшы знак чалавеку, які стаяў за стойкай, Фэджын адразу падняўся па лесвіцы. Там ён ціхенька прачыніў дзверы аднаго з пакояў, увайшоў і пачаў з устрывожаным выглядам азірацца, прыкрыўшы вочы даланёй, быццам кагосьці шукаючы.

Пакой быў асветлены двума газавымі свяцільнікамі, святло якіх не было бачнае з вуліцы з-за шчытна зачыненыхаканіц і лінялых чырвоных фіранак. Столь была пафарбаваная ў чорны колер, каб не мець клопату з перафарбоўкай: ад куродыму свяцільнікаў яна ўсё адно пачарнела б. Пакой настолькі быў захінуты ў тытунёвы дым, што ў ім напачатку цяжка было кагосьці разгледзець. Аднак паступова дым сышоў праз прачыненыя дзверы, і вачам габрэя адкрылася маса людзей, такая самая хаатычная, як і шум, які поўніў памяшканне. Калі вочы прывыклі да гэтай карціны, назіральнік упэўніўся, што за доўгім сталом сабралася ладная кампанія мужчын і жанчын. У галаве стала размясціўся старшыня з драўляным малатком у руцэ, а ў дальнім кутку за разладжаным фартэп’яна сядзеў джэнтльмен-прафесіянал з падвязанай дзеля заспакаення зубнога болю шчакой і сінім носам.

вернуться

5

Non istventus — скажонае «non est inventus»(лац.) — «не знойдзены».