Выбрать главу

– Быў такі манах-францішканец у чатырнаццатым стагоддзі, Уільям Окам. У Англіі жыў… Вядомы ён не тым, што англійскі манах, а тым, што быў навукоўцам – філосафам і логікам. Ён сфармуляваў прынцып, які атрымаў ягонае імя, – «брытва Окама». Калі сцісла табе патлумачыць, то сутнасць гэтага прынцыпу такая: не трэба нагрувашчваць існасці, калі ў гэтым няма неабходнасці…

– Нічога не зразумеў, – шчыра прызнаўся юнак, крыху агаломшаны новымі ведамі.

– Я разважаю пра вашых Прамяністых і спрабую выкарыстаць брытву Окама, – працягваў мужчына, у якім нескладана было пазнаць Антона Хлюдзінскага. – Я паглядзеў на ўсіх, хто хадзіў на сустрэчы да Пашкоўскага, і ўсе яны выглядаюць вельмі дзіўна і падазрона. Адвакат Кітаеўскі – чалавек з былых, які спрабуе падладзіцца пад новае жыццё, але гэта яму не вельмі ўдаецца. Ён нібыта шчыра нам распавёў пра сваё знаёмства з Пашкоўскім, але прыгадай: сутнасць адвакацкай працы ў тым, каб паказаць свайго кліента з найлепшага боку. Асабліва калі гэты кліент ты сам… Так што мы можам толькі здагадвацца пра тое, чаго Кітаеўскі нам не расказаў.

Ён зрабіў акцэнт на двух апошніх словах, пасля чаго памаўчаў.

– Васіль Луст – самы складаны выпадак. Чалавек вельмі баіцца сачкамаў[4] і ва ўсіх бачыць правакатараў. Нават дзіўна, што ён наважыўся хадзіць на вечары да Пашкоўскага…

– Я яго там бачыў літаральна пару разоў, – уставіў свае тры шэлегі Андрэй Камар. – Ён пераважна маўчаў.

Музейшчык з разуменнем паківаў: гэтыя словы пацвярджалі тое ўражанне, якое запалоханы Луст зрабіў на яго.

– І апошнія – Ратнер і Верацінская. Дакладней, у адваротным парадку – Верацінская і Ратнер. Яна, як я ўжо казаў, сінематаграфічная фам фаталь: з яе боку цікавасць да якога-небудзь спірытызму была б абсалютна натуральнай, бо гэта дадае загадкавасці ёй самой… Гэтая жанчына яўна грае ў іхнім дуэце першую скрыпку, але і Ратнер выглядае надзвычай падазрона. Былы чырвоны камандзір, які ходзіць на размовы пра духоўнае? – Хлюдзінскі ўзняў левае брыво, быццам дэманструючы свой скепсіс да такога спалучэння.

– Ён неяк казаў, што вучыўся ў габрэйскай ешыве, дзе выкладалі знаўцы талмуда і кабалістыкі, – паспяшаўся падзяліцца хлопец.

– Ага, цяпер трошку больш зразумела, адкуль такая цікаўнасць да нематэрыялістычнага свету…

– Дык а якім бокам тут манах той англійскі, пра якога вы казалі? – юнак не мог схаваць неўразумення.

Лёгкая ўсмешка кранула куточак вуснаў Хлюдзінскага і адразу знікла:

– Брытва Окама падказвае мне, што падазроных асоб хапае і сярод саміх вашых Прамяністых, так што не абавязкова шукаць кагосьці збоку.

Ён паглядзеў на імгненна закамянелы твар Андрэя і дадаў:

– Прабач, калі пакрыўдзіў – цябе я не меў на ўвазе. Ты малады і цікаўны. Усіх астатніх у гэты гурток, падобна, прывялі нейкія акалічнасці іхняга ранейшага жыцця. Таму з нікога з іх я не стаў бы здымаць падазрэнні… А гэта значыць, што нехта з іх, верагодна, вядзе жорсткае паляванне на сшытак Пашкоўскага і не спыніцца ні перад чым. Ты што, плачаш?

Юнак правёў рукой па твары:

– Гэта вецер… Сцюдзёны дужа!

Андрэй крыху памаўчаў, а калі загаварыў, то ў голасе хваляванне мяшалася з неўразуменнем:

– Але ж мы ўсе гаварылі пра тое, як палепшыць чалавека і чалавецтва. Пра тое, якія духоўныя шляхі могуць весці да гэтай высокай мэты… Хіба можа спалучацца адно з другім – такія размовы з забойствам?

Хлюдзінскі сцяўся: непрыемна было развейваць такія наіўныя юначыя ілюзіі.

– На жаль, у кожным чалавеку жыве сволач. У цэрквах кажуць пра чарцей і спакусы, а я называю гэта – унутраная сволач. У кімсьці гэта сволач будзіць пачуццё сквапнасці, у кімсьці – зайздрасці, у трэцім – яшчэ нейкія нядобрыя рысы. Нармальны чалавек сваю ўнутраную сволач ведае і ўсё сваё жыццё з гэтай сволаччу ў сабе змагаецца, – голас ягоны стаў глухім, быццам мужчына казаў штосьці сам сабе. – А хтосьці гэтай сволачы ў сабе патурае, песціць яе. І вонкава ён можа выглядаць як абсалютна звычайны чалавек, пакуль не вырашае падкарміць сваю ўнутраную сволач і не даць ёй разгуляцца… А ў іншы час ён зноў будзе мілым, прыстойным і ветлівым чалавекам, з якім не сорамна прывітацца на вуліцы. Неяк так!

Травень, 2010

У рэдакцыі было адносна ціха: свежы нумар газеты пайшоў у друк, тэхнічныя супрацоўнікі атрымалі перадых, толькі журналісты прыходзілі, сыходзілі, сядалі на рэдакцыйнай кухні папіць кавы і падзяліцца плёткамі.

Кміціч, запарыўшы каву ў кубку, пайшоў за сваё працоўнае месца, але і там яму не ўдалося застацца сам-насам з кавай.

вернуться

4

Ад слова «сачыць».