Выбрать главу

ПЫТАННЕ: Хто яшчэ прысутнічаў на гэтых сустрэчах?

АДКАЗ: Мне што, усіх называць?

ПЫТАННЕ: Называйце ўсіх, каго згадаеце.

АДКАЗ: Ну, вядома, быў мой муж – Давід Ратнер. Дакладней, спярша ён не быў мой муж, і я хадзіла адна. Але потым мы пабраліся і сталі хадзіць удваіх.

ПЫТАННЕ: Значыць, Ратнер пачаў хадзіць да Пашкоўскага толькі пасля знаёмства з вамі?

АДКАЗ: Не, што вы! Не пасля знаёмства – нашмат пазней.

ПЫТАННЕ: Хто яшчэ наведваў Пашкоўскага разам з вамі?

АДКАЗ: Са мной – больш ніхто. Я толькі з Додзікам… з таварышам Ратнерам туды хадзіла.

ПЫТАННЕ: Так, перафармулюю: каго яшчэ вы пастаянна бачылі на вечарах у Пашкоўскага?

АДКАЗ: Ну, прыходзіла да яго Ганна Кавалёва, былая настаўніца з гімназіі. Вось тая, каторую забілі нядаўна… Быў адвакат Кітаеўскі, таксама Луст заходзіў.

ПЫТАННЕ: А ён чым займаецца?

АДКАЗ: Нават не ведаю, ніколі не цікавілася. Здаецца, недзе служыць.

ПЫТАННЕ: Добра. Каго яшчэ можаце прыгадаць?

АДКАЗ: Ну, вось нядаўна з’явіўся такі маладзенькі хлопчык, смешны такі. І прозвішча яму пасуе – Камар, Андрэй Камар. Ведаеце, ён і праўда нечым нагадвае камара – паўсюль суне свой нос і гудзе, гудзе…

ПЫТАННЕ: Яшчэ хто хадзіў да Пашкоўскага?

АДКАЗ: Ну, я больш нікога не бачыла. Не думаю, што ён жыў анахарэтам, але прынамсі пры мне іншых гасцей не было.

ПЫТАННЕ: Толькі вось гэтае невялікае кола?

АДКАЗ: Ага.

ПЫТАННЕ: Пра што вы размаўлялі з Пашкоўскім?

АДКАЗ: Ну, у нас розныя тэмы для гутарак былі, хіба ўсё прыгадаеш…

ПЫТАННЕ: Я дапамагу вам прыгадаць. Як ставіўся Пашкоўскі да савецкай улады? Ці вёў антысавецкія размовы?

АДКАЗ: Не-не-не, ніякіх антысавецкіх гутарак! Што вы, таварыш камандзір!

ПЫТАННЕ: Лепш звяртайцеся да мяне «грамадзянін следчы», дамовіліся?

АДКАЗ: Добра, як скажаце…

ПЫТАННЕ: Дык што казаў Пашкоўскі пра савецкую ўладу?

АДКАЗ: Казаў, што як стары эсдэк ён не можа быць супраць рабочай улады. Ён жа яшчэ да рэвалюцыі быў за рабочых і нават быў асуджаны, а потым эміграваў, вы ведалі?

ПЫТАННЕ: Яшчэ раз нагадваю, што пытанні тут задаю я. Хто з астатніх крытычна выказваўся пра савецкую ўладу?

АДКАЗ: Магу вам сказаць, таварыш… грамадзянін следчы, мы не абмяркоўвалі палітыку савецкай улады. Вы ж ведаеце, што мой муж – таварыш Ратнер – знаходзіцца на адказнай пасадзе. Ён ваяваў за савецкую ўладу, праліваў за яе кроў на франтах. І таму наша рабоча-сялянская ўлада яму давярае. Чаму вы хочаце паставіць пад сумнеў яго адданасць савецкай уладзе? Якое вы маеце права сумнявацца? (Усхліпвае, закрывае твар рукамі.)

ПЫТАННЕ: Дык савецкую ўладу на вашых сходах не крытыкавалі?

АДКАЗ (праз слёзы): Я ж вам ясна сказала – не, не і яшчэ раз не!

ПЫТАННЕ: А пра што гаварылі?

АДКАЗ: Мы гаварылі пра духоўныя рэчы, пра нябесныя сферы, множнасць сусветаў, эфемерныя вымярэнні. Урэшце – пра духоўнае развіццё асобнага чалавека і ўсяго чалавецтва.

ПЫТАННЕ: У вас былі якія-небудзь рытуалы на гэтых сустрэчах?

АДКАЗ: Ну, не ведаю, ці можна лічыць гэта нейкім рытуалам… Але Пашкоўскі, ведаеце, любіў белыя ружы. Таму амаль заўжды на стале былі гэтыя кветкі. Але гэта проста прыгожа!

ПЫТАННЕ: Значыць, гэта былі сходы рэлігійнай арганізацыі?

АДКАЗ: Што вы такое кажаце! Якая такая «рэлігійная арганізацыя»?

ПЫТАННЕ: А як іначай гэта называць? Група з некалькіх чалавек рэгулярна збіраецца, вядзе размовы пра духоўнасць (вы самі сказалі!), выкарыстоўвае пры гэтым рытуалы… Можа быць, вы там яшчэ і маліліся разам?

АДКАЗ (праз слёзы): Вы перакручваеце мае словы і спрабуеце мяне заблытаць! Вы гадкі чалавек! У вас няма сумлення…

З ПРЭСЫ

Пацалункі і хвароба

У Парыжы існуе «антыпацалункавая ліга», якая абвясціла вайну пацалункам, так як з кожным пацалункам ад адных вуснаў да другіх можа перадавацца быццам бы да 40 тысяч мікробаў. Нават амерыканцам, якія, як вядома, любяць вялікія лічбы, гэтая цыфра паказалася падазронай, і амерыканскі часопіс «Веды і вынаходжанні» бактэрыялагічнай лабараторыі праверыць гэта зацверджанне французаў. Ад аднаго пацалунку жаночых губ на рэактыўны пласток бактэрыёлага ў сярэднім пападала 534 розных зародышаў хваробаў; калі губы былі накрашаны губнаю фарбай, то колькасць /…/ мікробаў паднімалася да 707 калоній. Сярод знойдзеных мікраарганізмаў было шмат узбудзіцеляў розных хваробаў.

Чырвоная Змена, 1 кастрычніка 1927 года

Кастрычнік, 1927

Хлюдзінскі вырашыў наладзіць сабе не звычайную халасцяцкую вячэру, а крыху папіраваць: натушыў сабе грэцкіх крупаў з мясам (удалося купіць ладны кавалак свежыны). Пакуль прымус[6] спяваў сваю песню, Антон мармытаў сабе пад нос «Беларускую марсельезу»:

вернуться

6

Прылада з помпай, якая падае газу ў гарэлку. Выкарыстоўваецца для награвання і гатавання ежы.