– Вось, значыць, што стала прычынай усіх гэтых забойстваў, – прыпадняўся са свайго месца і пацягнуўся да сшытка Давід Ратнер.
Хлюдзінскі пільна ўглядаўся ў яго твар: не было ў ім прагнасці, сквапнасці – увогуле не было ў абліччы Ратнера нейкіх моцных жарсцяў, якія рухаюць чалавекам і змушаюць яго да жорсткіх учынкаў. Была адна толькі цікаўнасць.
– Прыбяры рукі і сядзь, – прагучаў рэзкі голас адваката. – Гэта не табе.
– Куш мір ін тохес[7], – прамармытаў Ратнер, які не збіраўся спыняцца.
Гук рэвальвернага стрэлу быў настолькі гучным і нечаканым, што здалося, быццам у пакоі раздаліся грымоты. Кітаеўскі страляў, не выняўшы рукі з кішэняў паліто.
Аднак, мяркуючы па ўсім, страляў ён толькі для таго, каб перасцерагчы або напалохаць – ні забітых, ні нават параненых у пакоі не з’явілася. Куля проста адшчапіла доўгую трэску ад маснічыны.
– Я не дзеля цябе стараўся здабыць гэты сшытак, ён мне самому патрэбны, – спакойна патлумачыў адвакат.
– Додзік, не чапай яго, – істэрычным тонам прагаварыла Верацінская, учапіўшыся ў рукаво Ратнера. – Я цябе прашу – не чапай. Нам гэта не трэба, мы тут ні пры чым, мы зараз пойдзем адсюль. І нікому нічога не скажам. Праўда-праўда!
Апошнія словы яна адрасавала ўжо Кітаеўскаму, які яшчэ працягваў моўчкі стаяць. Штучная разгубленая ўсмешка мусіла, на думку жанчыны, супакоіць адваката і не даць яму нагоды стрэліць яшчэ раз: вам, маўляў, няма чаго нас асцерагацца, мы вам небяспекі не нясём.
Стралок зрабіў крок да стала і левай рукой узяў тэчку. Правая па-ранейшаму заставалася ў кішэні – відавочна, у ёй быў рэвальвер. Нязграбна трымаючы сваю ношу ў левай руцэ, Кітаеўскі стаў адступаць да дзвярэй, стараючыся трымаць у полі свайго зроку ўсіх прысутных.
– Кітаеўскі, вы ж цудоўна разумееце, што ніхто з нас не пойдзе на вас даносіць, – голас Хлюдзінскага быў спакойны, быццам не было ніякага стрэлу, а ўсё яшчэ працягвалася папярэдняя размова. – Магу я спытацца, як вы збіраліся здабыць скарбы з езуіцкіх сутарэнняў? Там жа цяпер турма.
– А я адвакат, – адказаў той з саркастычнай усмешкай, быццам неразумнаму дзіцяці. – Я б знайшоў з кім дамовіцца.
– І навошта яно ўсё вам? – не спыняўся цікаўны музейшчык. – Усё адно ж вы не зможаце жыць гэтаксама багата, як да рэвалюцыі.
– У мяне з савецкай уладай пачынаюць узнікаць непераадольныя супярэчнасці, – з’едлівасці ў голасе Кітаеўскага стала больш. – Яна ўсё менш любіць сабой жа абвешчаны нэп і ўсё менш дае свабоду індывіду. Мой кравец нядаўна закрыў сваю лаўку і пайшоў у кааператыў. Ведаеце чаму? Яму прынеслі паперы на выплату гадавога падатку – ён заплаціў. Праз два тыдні яму прынеслі зноў патрабаванне выплаціць падатак – у двайным памеры. Ён падсабраў грошы і заплаціў. Але праз наступныя два тыдні з яго зноў запатрабавалі гэты ж самы падатак! Тады ён закрыў сваю лаўку і пайшоў у кааператыў. А я застаўся без краўца…
– І дзеля гэтага варта было забіваць? – падаў голас Андрэй Камар, які дагэтуль сядзеў моўчкі. У галаве ў хлопца ніяк не магла ўкласціся гэткая вычварная логіка.
– Не хацеў я забіваць, але мне быў патрэбны сшытак, – прызнаўся адвакат. – З золатам эміграваць значна прасцей, чым без яго…
Руку з тэчкай ён завёў назад і, намацаўшы ручку, штурхануў дзверы:
– Бывайце!
Аднак у дзвярной пройме Кітаеўскі нечакана спыніўся. Ягоная высокая фігура маляўніча застыла ў партрэтнай позе, і вушак паслужыў рамай для гэтага партрэта.
– А-ку-рат-на і павольна дастаём правую руку з кішэні, грамадзянін, – голас, які нечакана раздаўся за спінай адваката, трымцеў ад узбуджэння. – Вельмі павольна і без дурасці. А потым падымаем абедзве рукі ўгору.
Пасля таго як хтосьці, нябачны з пакоя, выцягнуў рэвальвер з паліто Кітаеўскага, адвакату закруцілі рукі назад і штурхнулі ў бок стала. На яго месцы ў дзвярах быццам вырас чалавек у фрэнчы, які трымаў ва ўзнятай руцэ маўзер. Хвілінай раней руля менавіта гэтага маўзера ўваткнулася ў спіну адвакату і спыніла ягоны сыход.
Няспешна, перавальваючыся, супрацоўнік АДПУ зайшоў у пакой, атрымліваючы асалоду ад свайго эфектнага з’яўлення:
– Усім заставацца на сваіх месцах і падняць рукі!
Пасля гэтых слоў у памяшканне літаральна ўварваліся яшчэ некалькі ўзброеных чалавек.
«Вось і ўсё», – мільганула ў галаве ў Хлюдзінскага думка, якому закруцілі рукі за спіну і зашчоўкнулі кайданкі.
Зрэшты, што азначала гэтае «ўсё», сам ён адразу б не змог растлумачыць – было ў гэтай фразе безнадзейнае развітанне з папярэднім жыццём.