Выбрать главу

Падарожныя... На пальцах дзвюх рук, ды з недаборам, можна палічыць ix, нашых пакутнікаў-«падарожных». Тых, што вярнуліся. I пра свае «падарожжы» гадамі пісалі, павінны былі пісаць да суму i болю не тое, не так. Хто з ix, бачыце, быў бухгалтарам, хто цесляй, хто настаўнікам, хто геолагам. Проста ўзялі ды перайшлі на іншую прафесію, на заработкі адлучыліся на пэўны час. На трыццаць, дваццаць пяць, дваццаць гадоў — такі сабе перапынак у творчай працы...

Колькі трагічна значнага, патрэбнага сучаснікам i гісторыі, праўдзе жыцця пайшло i можа пайсці ў нябыт!..

Не папрок гэта — крыўда i жаль.

1987

АДЗІН НЕ СКАЖАШ

Два блакнотныя запісы. Першы. Улетку семдзесят восьмага: «Варшаўскі шлях». Яшчэ раз, у добрым перакладзе Хелемскага, перачытаў у кнізе ўспамінаў пра Твардоўскага. A нядаўна дома перачытваў яго ў арыгінале. Культура i душа. I легенда ці не, што ў бальніцу да Аркадзя, у семдзесят другім годзе, прыходзілі высокія наведвальнікі, спачатку Машэраў, які сам не змог, прыслаў Пілатовіча, у якога хапіла ідэйнасці, каб сказаць: «I навошта вам тут, у такой добрай рэчы, Твардоўскі? »

На што адказ:

«Сяброў i мёртвых я не пра даю». Успомнілася наша з ім гутарка ў вагоне, па дарозе з Масквы, калі ён пытаўся, ці ісці яму з рэдкалегіі «Нового мира». Яго нерашучасць. А ласка ў начальства была ўсё-такі страчана: з-за паэмы. А потым самотная, нават трагічная смерць. Што ж, «jeder sterbt für sich allein» [1]. Аднак у замку-санаторыі зімовым досвіткам упасці на парозе медпункта, неяк дабрыўшы да яго з адзіночнай палаты наводшыбе, на даўнім крапасным вале, — гэта аж надта сцюдзёнае «allein»...

I зноў жа — яму ўжо нічога не скажаш.

Другі. У восемдзесят пятым: Зноў успомнілася, як мы вярталіся з Куляшовым з Масквы. Выпадкова сустрэўшыся на пероне, дамовіліся, што я зайду ў яго вагон,— Аркадзь запрасіў.

Ён быў адзін у двухмесным купэ. Нешта хутка, без усякіх уступаў, спытаўся, што яму рабіць — ісці з рэдкалегіі «Нового мира», у знак пратэсту супраць дзікага «вызвалення» Твардоўскага, ці заставацца там?

Я сказаў яму проста, з сяброўскай грубасцю: «Ты будзеш..., калі не пойдзеш».

Ён не пайшоў. Ён напісаў «Варшаўскі шлях». Сумна: такое — ды наўздагон!..

Агульны наш з Куляшовым сябар казаў мне нядаўна, што Твардоўскі пад канец іхняй з Аркадзем дружбы пахаладзеў да яго. Марыя Іларыёнаўна Твардоўская расказвала мне ў Дубултах, на зімовай ранішняй праходцы, як Аляксандр Трыфанавіч цяжка перажываў тое, што ніхто з рэдкалегіі так i не запратэставаў супраць яго зняцця. Гамзатаў нават пытаўся па телефоне, ці друкавацца яму ў «Новом мире» пасля таго, што адбылося, на што Твардоўскі сказаў насарогу:

«Гэта справа твайго сумлення». Баюся памыліцца, але як быццам i яшчэ адзін з сяброў пытаўся...

Не асуджаю, пішучы. Бо гэта ж вам не тады, калІЧэхаў i Караленка пратэставалі за Горкага!..

Слізняк Аўчарэнка спытаўся неяк, што я, відаць, у крыўдзе на яго «за некоторые критические замечания» пра мой раман. A ў мяне не хапіла ахвоты сказаць, што я проста не паважаю яго за выступленне на тым сходзе, дзе здымалі Твардоўскага, дзе Аляксандр Трыфанавіч — такое чулася — сказаў у сваім апошнім слове: «Какие же вы все животные!..» I толькі. I хопіць.

Цяпер — пачатае ў восемдзесят грэцім, з крыху пазнейшай паметкай: «Не проста гэта — дакранацца да чужога жыцця!»

Няпроста, аднак...

З прадвесня сорак чацвёртага года, з партызанскага лесу жыве ўва мне i адгукаецца самае першае ўражанне ад паэзіі Куляшова — радкі «Ліста з палону», прачытаныя ў нейкай брашуры, прысланай з Вялікай зямлі, ix высокая паэтычная прастата:

...А след тваіх ботаў убачу — Пацалую яго і, як баба старая, Заплачу...

У заслужанай славе ў трыццаць гадоў ён быў першым пасляваенным рэдактарам «Літаратуры i мастацтва». Цягнула i мяне туды, да той вясёлай творчай атмасферы з новымі сябрамі, перш за ўсё Таўлаем i Вялюгіным, з такім рэдактарам, які хоць i з'яўляўся на службу не надта рэгулярна, але ж i прыносіў туды, i чытаў свае новыя вершы. Зноў жа помніцца ix абаяльная прастата, шчасліва неразгаданы сакрэт яе ў радках:

Жыў ляснік са сваёй леснічыхай каля завадзі ціхай...

Або такое — ад радасці волі, імкнення да маладое несмяротнасці:

Шумі, шумі, дуброва! Звіні, звіні, падкова!..
вернуться

1

«Кожны памірае сам-насам» (ням.).