Выбрать главу

Дзяды і бабулі любілі пры нагодзе і без яе баяць бясконцыя гісторыі-казкі пра краіны свайго дзяцінства. Пра Дзядзюлевую Галіцыю, зробленую з букаў, пагоркаў, авечае воўны і шэрага хлеба, я, здаецца, ведаў больш за гуцулаў і лэмкаў. Аўстра-Вугорская імперыя, горныя сёлы, дзедавы асабістыя ўражанні ад жыцця ў заможных мястэчках і культурных местах. Чуў процьму падрабязнасцяў пра неафіцыйную сталіцу свету горад Драгобыч, дзе нарадзіліся бацькі Дзядзюлі. Ведаў я нават сякія-такія дэталі пра далячэзную Гішпанію, у якой колькі стагоддзяў да Галіцыі бавіліся далёкія продкі Дзядзюлі, пакрысе імігруючы на ўсход і назапашваючы розныя габрэйскія мовы, ад ладына да ідыша, а таксама прыўлаўшчыўшы звычку размаўляць адразу на некалькіх мовах адначасова. Ад сярэднявечнай Гішпаніі, вядома ж, успамінаў не захавалася, але засталося прабабчына прозвішча Азбель, а таксама крыху маўрытанская знешнасць, праз якую Дзядзюля пачуваўся ва ўсіх паўднёвых краях калі не гаспадаром, дык сваім хлопцам. “Від Голысыі до Голыцыі он козакс ун інквізіцыя”[1], – часта дэкламавала Бабадора, маці Дзядзюлі, саматужны куплет пра збольшага шчаслівае жыццё сваёй радзіны на абшарах Еўропы.

А праз Бабарозу я зрабіўся спяцом па Расіі, а дакладней па Падмаскоўі, бацькаўшчыне яе мужа Дзедвасілія. Краі, дзе пахмельныя мужыкі робяць у падмаскоўнай мясцовасці Гжэль “сама харашмяны на свеце посуд” (так сказала Бабароза): бела-блакітныя збаны і запарнікі з парцаляны. Пара такіх збаноў стаяла ў нас на лядоўні “Сара”.

А яшчэ – ужо праз іншую бабулю, праз Бабаманю – я ўведаў пра бязлюдныя карэльскія абсягі, яе родныя мясціны, бясконцыя лясы і азярыны, што рассцілаюцца адразу за межамі “паўночнай перліны”, Ленінграда-Пецярбурга.

…Вось ён я, Ігарок Качуня. Саплівы заўсёднік опіумнага прытону, халіф на гадзіну. Султан выходнага дня. Пратачыўся сюды, у сераль на вуліцу Чкалава (ці Кнорына), дзе паняцце “абавязкі” сыходзіць, як дымок ад пахошчаў. Дзе гадзіна як хвіліна. Расхамячыўся на парчовых падушках Бабамані ці Бабагруні сярод манаршага ложка. Лянотным жэстам рукі цераз паўпразрысты балдахін кухонных пароў аддаю бабулям і дзядам дробную манету сваёй прыязнасці. А наўзамен маю эксклюзіўны наркотык – гісторыі і гісторыйкі. Майсы, быліны, показкі, палабры, абразкі, сагі і здубавецці. На залачоных хахламскіх падносах бабулі і дзяды цягаюць мне новыя і новыя дозы ўлёту ў далёкія чароўныя краіны…

Аднак і бацькі не спалі ў шапку. Праз шчыльную завесу дзядоўскага артабстрэлу, праз паляны сівых дзьмухаўцоў і плюшч кусцістых вусаў ды бародаў, мама і тата пнуліся дакрычацца да мяне. Апусціць сына на цвёрдую менскую глебу. Намагаліся вярнуць законы гравітацыі ды інерцыі ў скрыўленую дзядамі рэальнасць. Бацькі імкнуліся ўсталяваць сярод беспрабуднай азіятчыны хоць мінімальныя еўрапейскія законы. Аднавіць дысцыпліну і справаздачнасць на даручаным ім лапіку быцця.

Усе тыя высілкі збольшага ішлі на глум, бо голасныя ўшчуванні вярнуць мяне да рэчаіснасці і абавязкаў проста не даходзілі да вушэй. Патаналі ў чароўным шматгалоссі бабульчынага вуркату і дзядоўскага сакатання. “Ігарочачак, Ігарочак, Ігароша, Ігаль…” Раставалі разам з шызымі арабескамі, выпушчанымі ў паветра Дзядзюлевай папяросай.

Урэшце бабулі і дзяды, нібыта задаволеныя крывасмокі, раз’язджаліся па сваіх менскіх кутах і закуточках. З адвіслымі ад гаварнечы сківіцамі, пакідалі нас адных з бацькамі ў двухпакаёўцы на мікрараёне Зялёны Луг. Або вярталі мяне нядзельным вечарам пасля п’янкіх і галюцынагенных выходных з хрушчоўкі на Кнорына (ці брэжнеўкі на Чкалава) вярталі на дзявяты паверх у зялёналужскую панэльку.

Як толькі нас пакідаюць сам-насам, дык бацька, яшчэ не паспеўшы сцерці з твару развітальную ўсмешку, насамперш адчыняе ў маім пакоі фортку, ледзьве не вырываючы клямар з мясам. Каб скавыш здзьмуў, сарваў з маёй вопраткі прыблудны ачмур крамольнага летуценніцтва. Каб бескарысныя і, можа, нават шкодныя гісторыі, што прасякалі мяне ў дзядоўскіх сералях, павыходзілі праз фортку прэч.

Прахоплены сцюдзёным скавышом, я азіраюся. Казачныя краіны з дзіўнымі назовамі, кліматам і ландшафтам, што стракатым кілімам яшчэ зранку высцілаліся перад маім унутраным позіркам, цяпер пакрысе знікаюць, злушчваюцца. Праступае шэра-нудны слой менскай рэальнасці.

І толькі тады бацька пачынае гутарку, патрабуючы падрабязнай справаздачы. Дакладных лічбаў і фактаў. Шпіёнскіх звестак з далёкіх калоніяў. Ці п’е яшчэ Дзедлёня свой любовегонны чыфір? Колькі меладрамаў запар паглядзела Бабагруня суботнім вечарам? І ці ўсміхаецца Дзедбарыс сваёй заўсёднай дурнавата-мройнай усмешкай таксама ўва сне?

вернуться

1

Ад Галісіі да Галіцыі без казакаў ды інквізіцыі (укр. і ідыш).