Сярод жыхароў меліся і здраднікі, якія ішлі ў паліцыю, на службу фашыстам, былі агентамі гэстапа, паведамлялі пра партызанаў, зьвязаных зь імі патрыётаў. Між гэткіх здраднікаў трэба адзначыць доктарку З. А. Крэсік, жонку былога полацкага пракурора, якая паводле спэцыяльнасьці была лекаркай-інфэкцыяністкай. Яна, калі была прызначаная немцамі загадчыцай аддзелу аховы здароўя, вельмі старанна сачыла за гарадзкім мэдпэрсаналам. На падставе ейнага паведамленьня загінуў фэльчар Пліскуноў, які дапамагаў партызанам мэдыкамэнтамі. За адданасьць немцам і выдачу шэрагу мэдычных работнікаў партызаны ёй вынесьлі сьмяротны прысуд, і яна была імі забітая. Супрацоўнічалі з фашыстамі Гаўрыкін, бацька і сын Іваньковічы, працаваў у паліцыі Дук і шмат іншых. Аддзел народнае адукацыі падчас акупацыі ўзначаліў настаўнік 1-е школы Сафрановіч. У горадзе было адчынена некалькі школаў, настаўнікаў абавязалі выйсьці на працу пад пагрозай суровых пакараньняў, але частка іх схавала сваю прафэсію і не пайшла ў школу. Немцы ўвялі для школаў адмысловыя праграмы з улікам, што ўсё выкладаньне будзе весьціся ў духу Райха і новага парадку. З падручнікаў выдзіраліся старонкі, дзе пісалася пра партыю, перамогу сацыялізму, посьпехі савецкай улады і да т. п., ці частка тэксту зафарбоўвалася. Уводзіліся і асаблівыя лемантары. У Менску была створаная адмысловая Беларуская рада з аддзеламі, між якіх быў і аддзел народнае асьветы. Сафрановіч, каб давесьці сваю прыхільнасьць да новага парадку, выступіў з публічнай лекцыяй, у якой абвяргаў правільнасьць вучэньня Маркса[10]. Але арганізаваць справу асьветы ў горадзе ня здолеў, бо ў школах было мала вучняў, настаўнікам не хацелі плаціць заплату, што абавязаная была рабіць гарадзкая ўправа, не было сродкаў на ўтрыманьне школаў, ацяпленьне іх і г. д. Празь нейкі час Сафрановіч вырашыў пакінуць аддзел адукацыіі і стаць сьвятаром. Ён паступіў на курсы падрыхтоўкі сьвятароў, якія адчыніліся ў Полацку, але з гэтага нічога ня выйшла, бо школа развалілася. Пасьля вызваленьня Полацка ён прапанаваў паслугі гарсавету, які аднавіў сваю дзейнасьць, і браў удзел у адчыненьні некалькіх гарадзкіх школаў, але як толькі ўлады даведаліся пра дзейнасьць Сафрановіча пры немцах, той быў адразу звольнены. За антысавецкую дзейнасьць ён быў арыштаваны і асуджаны на высылку ў лягер. Што да дзейнасьці полацкага бурмістра Пятроўскага, дык цяпер няма дадзеных, быў ён пакінуты для нелегальнай працы ці не. Але вядома, што немцы шукалі кандыдатуры на галоўныя пасады, як сярод розных адшчапенцаў, злачынцаў, гэтак і сярод інтэлігенцыі і спэцыялістаў, якія б карысталіся аўтарытэтам сярод тутэйшых жыхароў, што надавала б аўтарытэт і новаму ладу, бо паважаныя асобы перайшлі на службу да «новага парадку ды Райху». Пэўна з гэтай мэтай Пятроўскі і быў прызначаны немцамі на пасаду бурмістра. Пра яго былі добрыя водгукі ад кіраўнікоў, што прывяло ў свой час да вылучэньня на пасаду дырэктара гархарчпрамгандлю, пры тым беспартыйнага. Ці дапамагаў Пятроўскі партызанам? З расповядаў і сьведчаньняў у некаторых друкаваных выданьнях, прыкладам, Лабанка ў кнізе пра партызанаў полацка-лепельскае зоны, вынікае, што Пятроўскі быў зьвязаны з партызанамі, дапамагаў ім сольлю ды іншымі харчамі. Пацьвярджаюць гэтыя зьвесткі Арцем'еў, Жыганаў і іншыя. Што да дзейнасьці Шалаева, Аксяновіча, Жаўранкава, дык няма дадзеных, што яны мелі сувязі з партызанамі, але ёсьць сьведчаньні, што некаторым дапамаглі харчовымі карткамі. Шалаеў аднавіў працу мастацкага ансамблю пры Доме настаўніка ці асьветы. Гэта быў аркестар домбраў з сьпевакамі-салістамі. Дапамагаў яму ў гэтым Аксяновіч. Яны выступалі ў часе акупацыі з канцэртамі, на якіх прысутнічалі і нямецкія афіцэры. Распавядаюць, што некаторыя іхныя выступы, асабліва гумарыстычныя, мелі двухсэнсоўны характар. Было гэта зрэдку, а ў цэлым канцэрты адпавядалі духу «новага парадку», і немцы не чынілі перашкодаў іхнай дзейнасьці. Адну настаўніцу, удзельніцу гэтага калектыву, пасьля вайны асудзілі за антысавецкія выступы на гэтых канцэртах. Сярод жыхароў гораду былі малаўстойлівыя людзі і выразныя ворагі савецкае ўлады. Немцы даволі хутка ўцягнулі іх у свае арганізацыі дзеля службы Райху. Выкладчыкі полацкага лястэхнікуму Мікалай Гаўрыловіч і Падлужны шчыра працавалі на немцаў у арганізацыі «Віко» ў справе функцыянаваньня гарадзкой прамысловасьці. Завуч тэхнікуму Сіманаў вымушаны быў узначаліць лясную гаспадарку, выдзяляць немцам дзялянкі дзеля нарыхтовак драўніны. Нарыхтоўвалі яны драўніну ў вакольлі станцыі Алёшча. Лесапільню збудавалі ля пераезду праз чыгунку на вул. Фрунзэ. Сіманаў пасьля вайны быў асуджаны, але потым рэабілітаваны. Гаўрыловіч быў пасланы ў Нямеччыну дзеля азнаямленьня з новым парадкам, каб потым прапагандаваць яго ў Полацку, і, вярнуўшыся зь Нямеччыны, выступіў у мясцовым друку з ухваленьнем гэтага парадку. Сакратар камсамольскае арганізацыі лястэхнікуму Мядзьведзеў служыў у паліцыі і даслужыўся да афіцэрскае годнасьці і ўзнагароды.
10
Не прыняцьцё клясавага вучэньня ня ёсьць доказам прыхільнасьці да нацыянал-сацыялізму. Але і камунізм і нацызм аднолькава адкідалі хрысьціянскі сьветапогляд.