Павярнулі на Кракаўскае Прадмесце.
— Увогуле, дарагі мой, я не цярплю сантыментаў. Ужо сам факт, што ты сабе дазволіў гэты выбрык, сведчыць пра тое, што мы ніяк не падыходзім адно аднаму па характары.
— Аля, ты ж не можаш папракаць мяне за тое, што я хацеў як найхутчэй даведацца, як.
— Менавіта за гэта я цябе і папракаю. Ты не разумееш?!
Аліцыя была ўжо раздражнёная і, заходзячы ў трамвай, наўмысна заняла такое месца, што Чухноўскі не мог размаўляць з ёй пра інтымныя рэчы. Каб не здароўе Юлькі, яна загадала б яму выйсці.
— Як Юлька? — спытаўся, нахіляючыся, Чухноўскі.
— Зранку было 37 і пяць. Яна хацела нават устаць і ісці ў школу.
— Барані божа!
— І таму я не дазволіла. Баюся за яе ныркі. Пасля шкарлятыны ўжо тры гады таму ледзь яны ў яе не захварэлі. А цяпер, калі гэта грып, то ён таксама часта пашкоджвае нырачныя лаханкі.
— А спала яна добра?
— Дзе там! Ты ж яе ведаеш. Да трэцяй ночы зубрыла фізіку.
— Ты не павінна гэтага дазваляць. Дзяўчаты яе ўзросту хутка захворваюць на хлароз.
— Я ёй казала, але яна прыводзіць свой звычайны аргумент: атэстат. Калі атрымае атэстат, — кажа, — будзе мець час на вылежванне і высыпанне.
Выйшлі яны на Тапалёвай. Чухноўскі спрабаваў вярнуцца да няскончанай размовы, аднак Аліцыя тут жа перарвала.
— Не нудзі. Я ведаю, што ты мог бы яшчэ сказаць і мне гэта зусім не цікава.
Вуліца Тапалёвая выходзіла на аэрадром, які іскрыўся ружовым снегам у заходзячым сонцы.
Узышлі на трэці паверх. Аліцыя адчыніла дзверы.
— Ты не ўяўляеш, як я люблю гэту тваю кватэрку, — звярнуўся Чухноўскі да Аліцыі. — Кожны раз, калі я тут бываю, адчуваю, што карабель у порце.
— Ох, якое яркае параўнанне! Але, калі так хочаш, то ў порце гэтым вельмі мала докаў.
— Бо гэта порт… камерны.
— Аля! Аля! — данёсся з глыбіні кватэры дзявочы голас.
— Зараз, малышка!
— Добры дзень, панна Юлька! — клікнуў Чухноўскі.
— Добры дзень, доктар!
— Я не пайду да яе, пакуль рукі не сагрэюцца, — сказаў доктар.
— Аля! — крычала Юлька. — Ты ўжо ўпекла каго-небудзь у турму?
— Не верашчы, бо забаліць глотка! Зараз Уладэк да цябе прыйдзе. Я павінна зазірнуць на кухню.
У малой куханьцы ўвіхалася старая Юзэфова і мармытала свае вечаровыя пацеры. Аліцыя ні пра што не пыталася ў яе, бо ведала, што Юзэфова ўсё роўна не адкажа, пакуль не скончыць сваю малітву. Аліцыя даўно звыклася з гэтай звычкай старой і сама зазірнула ў каструлі.
Памідоравы суп быў ужо гатовы, а вось штуфат[3] павінен быў яшчэ падтушыцца, прыкладна — з паўгадзінкі. Кампот стыў на акне, а талеркі з рэшткамі булёну і курынымі касцямі, якія стаялі побач, сведчылі пра тое, што Юлька паабедала.
Аліцыя ўвайшла ў свой пакой, паправіла перад люстэркам валасы, злёгку прыпудрыла нос і накіравалася да Юлькі.
Чухноўскі сядзеў ля яе на ложку і лічыў пульс.
Юлька выцягнула свабодную руку і — каб не перашкодзіць доктару — паслала Аліцыі паветраны пацалунак.
Дзяўчына выглядала значна лепей, чым раніцай. Вочы яе блішчэлі, а шчокі ружавелі.
«Якая ж яна прыгожая!» — падумала Аліцыя, прыглядаючыся да яе прамяністага напаўдзіцячага-напаўжаночага тварыку.
— Хм… — прамовіў Чухноўскі, — дзяўчына не спіць начамі — і вось вам пагаршэнне.
— Але ж я цудоўна сябе адчуваю! — усклікнула Юлька.
— Ну, яшчэ пабачым, што нам скажа пра гэта тэрмометр. Толькі, панна Юлька, трымайце, калі ласка, добра.
— Смачны быў абед? — запыталася Аліцыя.
— Выдатны!.. Ну раскажы ўжо! Мне так цікава! Гэта ж павінна была быць сенсацыя! Ну давай!..
— Нічога надзвычайнага. Пракурор прадставіў мяне калегам, потым я нанесла візіт старшыні суда.
— Ну і як яны? Сімпатычныя?
— Так.
— А ў цябе ёсць свой пакой?
— Ёсць. Невялікі кабінецік.
Юлька надула вусны:
— Нядобрая ты, Аля. Абыходзішся паўсловам. Як заўсёды! Я расказваю табе пра сябе ўсё-ўсё! І што раблю, і што думаю, а ты ніколі!.. Ты лічыш мяне смаркачкай…
Аліцыя з усмешкай пагладзіла амаль каштанавыя валасы дзяўчыны:
— Дык што ж я табе павінна расказаць?
— Ну, хаця б тое, ці ёсць там якія-небудзь прыстойныя мужчыны…
— Хо-хо! — абурыўся доктар. — Што вас, аднак, цікавіць!
— У тым ліку!.. — паціснула плячыма Юлька.
— Увага! — прытрымаў яе Чухноўскі, — тэрмометр!
— Ну дык уяві сабе, — сказала Аліцыя, — што ёсць там адзін такі малакасос, практыкант, які не зводзіць з мяне вачэй. Астатнія — старэйшыя і сур’ёзныя людзі.
— Ой, я ўпэўнена, што яны там усе ў цябе закахаюцца!
3
Штуфат — мясная страва заходнееўрапейскай кухні, для якой буйным кавалкам (цалкам, з падскурным тлушчам) бярэцца край або філе тлустай ялавічыны або цяляціны і шпігуецца на ўсю глыбіню свіным салам ці беконам, уперамежку з часнаком і морквай.