Не, гэта было ўжо занадта!
Ноч Аліцыя правяла без сну ў роспачы і перапоўненых жаданнем помсты разважаннях. Калі яна ўстала, то была ўжо зусім спакойная і авалодала сабой настолькі, што змагла амаль цёпла павітацца з Юлькай. Праз паўгадзіны яна была ўжо ў судзе.
Прынятае рашэнне ў псіхіцы Аліцыі цалкам актывізавала мысленчы працэс. Тое, што шэраг доўгіх тыдняў напаўняла яе мозг хаосам супярэчнасцей і сумненняў, цяпер укладвалася ў лагічныя, простыя сувязі, у якіх не магло быць памылкі.
У дзесяць прыйшла Буфалова. Служку, які яе праводзіў, Аліцыя заявіла, што сёння яна нікога не прыме, і зачыніла дзверы на ключ.
Прайшло добрыя дзве гадзіны, перш чым дзверы адчыніліся і служка ўбачыў, як прасіцелька выходзіць і вельмі спешна збягае па лесвіцы.
Раздзел 24
Юлька адклала пяро, заклеіла канверт і выцерла хусцінкай заплаканыя вочы. Пасля ўчарашняга ад’езду пана Янка яна не магла пазбавіцца ад нейкага дрэннага прадчування. Папраўдзе, яна не ведала, куды ён паехаў, ён сказаў ёй толькі, што яго чакае непрыемная паездка, ад якой ён не можа адкруціцца, таму што справа ў стрыманні абяцання, дадзенага сябру.
Юлька была ўпэўнена, што гэта звязана з нейкай небяспекай, і літаральна не магла сабе знайсці месца ў доме, у гэтым доме, які быў для яе чымсьці горшым і больш страшным, чым турма.
Яна проста не магла дачакацца моманту, калі атрымае гэтую пасаду. Тады яна паселіцца ў пані Бірмановай, цёткі адной са школьных сябровак, якая трымае пансіён у Калоніі Сташыца[45] ў такім прыгожым дамку з палісаднікам… Цяпер, калі паедзе Юзэфова, ёй тут будзе зусім нясцерпна…
А Юзэфова якраз стаяла ў дзвярах, апранутая ў дарогу.
Калі яна развітвалася з Юлькай, у яе вачах былі слёзы і такі выраз твару, нібыта яна радавалася, што вызваляецца з гэтага дому і спачувае тым, хто павінен тут застацца. На развітанне яна яшчэ раз напомніла Юльцы, каб тая заўсёды замыкала дзверы на ланцужок, і выйшла, згорбленая пад сваім вузлом.
Юлька накінула ланцужок і, абапершыся на сцяну, разрыдалася. Як страшна, як жахліва быць на свеце такой самотнай… Калі б і пан Янэк не захацеў яе больш бачыць, ёй засталося б толькі самагубства…
Рэзка, нецярпліва прагучаў тэлефонны званок.
Напэўна, звоніць Аліцыя з пытаннем, ці паехала Юзэфова… Юлька падняла трубку:
— Слухаю?
Загучаў чужы жаночы голас, нібыта занепакоены:
— Магу я пагаварыць з паннай Юліяй Горн?
— Гэта я, — здзівілася Юлька, — а хто гаворыць?
— Я ад імя аднаго мужчыны, ён загадаў… Ён цяжка паранены…
— Езус-Марыя! — крыкнула Юлька. — Які мужчына?
— Ціха, не крычыце і нікому нічога не кажыце, ён так загадаў, каб усё было тайна, бо яго заб’юць. Прыязджайце зараз. Ён чакае. Паньска, 118, кватэра 64…
— Але які мужчына? — хапалася за надзею Юлька. — Як яго завуць?
— Вінклер, пан…
Юлька захісталася на нагах і ледзь не ўпала.
— Дык што, вы прыедзеце?
— Ужо еду, ужо, момант, толькі паўтарыце, калі ласка, адрас…
— Паньска 118, кватэра 64, гэта ў другім двары, правы флігель, пяты паверх. Запомніце?
— Так, так… Ужо еду…
— І нікога ў двары не выпытвайце, каб ніхто не ведаў, бо яму смерць. І хутка!
Юлька, дрыжучы ўсім целам, у непрытомнай спешцы надзела капялюш, схапіла сумачку і, з трэскам зачыніўшы за сабой дзверы, выбегла на вуліцу. На рагу Фільтровай яна села ў таксі і выпаліла вадзіцелю адрас.
Значыць, яе прадчуванне не было дарэмным… Паранены… Божа, ён не памрэ, ён не можа памерці: што гэта было, паядынак ці напад, а можа, катастрофа?.. Пан Янэк страшна хутка ездзіць…
Дома нікога няма, могуць пранікнуць злодзеі… А, няхай, цяпер ёй усё роўна…
Разладжанае таксі рэзка падскоквала на выбоістым бруку. Вакол уздымаліся шэрыя, брудныя, абшарпаныя камяніцы. Юлька ніколі не была ў гэтым раёне горада, дзе жылі самыя бедныя, і выгляд наваколля яшчэ больш падкрэсліваў у яе ўяўленні адчайнае становішча пана Янка.
Машына спынілася перад велізарнай бруднай камяніцай. Юлька заплаціла таксісту і ўвайшла ў вароты, адкуль на яе патыхнуў смурод нагрэтага сонцам сметніка. У першым двары гуляла з паўтара дзясятка абадраных дзяцей, у другім, вузкім, як студня, панаваў вільготны холад і цішыня. Брудная траскучая драўляная лесвіца вілася ўгару стромкім серпанцінам. Юлька бегла, задыхаючыся, спатыкаючыся на стаптаныя прыступкі і лічачы паверхі.
Нарэшце яна спынілася перад вузкімі некалі чырвонымі дзвярыма, над якімі была прыбіта шыльда з нумарам «64». Сэрца білася, як молат. Некалькі хвілін яна шукала званок перш чым зразумела, што яго ўвогуле няма. Тады ціха пастукала.