— Не бойцеся, — сказала яна, супакойваючы, — тут вас ужо ніхто не кране, я зараз прынясу вячэру.
Сапраўды, яна прынесла кавалак хлеба, памазаны растопленым салам, і кубак мутнай гарбаты.
— З’ешце і кладзіцеся спаць, і не забудзьцеся патушыць святло. Дабранач.
Баба выйшла і замкнула дзверы на засаўку. Юлька, зразумела, не кранула ежу. Падціснуўшы пад сябе ногі, яна нерухома сядзела ў куце кушэткі, услухоўваючыся ў цішыню, якую парушала толькі хрыплае дыханне хворай у суседняй нішы.
Тысячы думак мітусіліся ў яе галаве. Яна добра ўсведамляла безнадзейнасць свайго становішча, ведала, што ніхто яе адсюль не зможа ўратаваць, аднак усё гэта ёй падавалася нейкім нерэальным, якімсьці ўяўным, надуманым, непраўдападобным, нягледзячы на тое, што пад рукой яна адчувала халодны дотык цыраты, а прама перад яе вачыма дагарала газавая лямпа…
На шчасце, калі апошні раз шуганула блакітная рэштка полымя, на дварэ пачало ўжо віднець і праз тоўстую плітку сляпога акенца стала сачыцца святло.
Юлька так ціха, як магла, устала і выпрастала здранцвелыя мышцы. Асцярожна кранула ручку, але дзверы былі яшчэ замкнёныя.
«Божа мой, — падумала яна, — хай бы пан Янэк напаў на мой след, бо ён жа сам расказваў, як у Танкіне знайшоў выкрадзенага анамітамі[46] касіра з Ханоя… А тут жа не дзікая краіна, а цэнтр Еўропы… Яе пэўна ўжо шукаюць… О, чаму яна не пакінула дома паперку з гэтым адрасам, была б ужо вольная, а гэтыя злачынцы апынуліся б у турме…»
Тым часам у кватэры пачаўся рух, відаць, прачнулася хворая, бо пачала стагнаць. Хутка адсунулася засаўка і ўвайшла гаспадыня.
Пабурчала даволі лагодна на Юльку за тое, што яна нічога не з’ела, і прынесла кубак гарачай кавы, да якой Юлька таксама не дакранулася.
Дзяўчына зноў засталася адна. Гадзіны цягнуліся так павольна, што яна час ад часу заводзіла гадзіннік, думаючы, што ён адстае. У гадзіну дня баба з’явілася з місай супу, але Юлька заявіла ёй, што яна не галодная. Затое спрабавала ўгаварыць гэтую страшную жанчыну, каб яна яе выпусціла, бо тады яна атрымае шмат грошай, больш, чым ёй могуць заплаціць гандляры жывым таварам.
Старая толькі паціснула плячыма і выйшла.
Пад вечар Юлька пачала адчуваць надакучлівы голад і смагу. Таму ў восем гадзін, калі гаспадыня прынесла вялікі кубак гарбаты і сухую на гэты раз лусту хлеба, яна не магла стрымацца і не пакаштаваць і адно, і другое. Хлеб быў смачны, а гарбата, хоць і мела нейкі непрыемны пах, што нагадваў расцёртае лісце лопуха, і гаркаваты смак, аднак спатоліла смагу.
Прайшло няшмат часу, і Юлька адчула не санлівасць, а нейкую дзіўную стомленасць. У той жа час яна заўважыла, што ў пакоі вельмі душна. Яна з усё большай цяжкасцю дыхала, рукі і ногі сталі невыносна халоднымі, ледзь было чуваць, як білася сэрца, адрывіста, няроўна… Па лбе сцякалі кроплі поту. Яна хацела падняць руку, каб выцерці пот, але рукі былі бяссільныя…
«Ага, — падумала дзяўчына, — я атручана, у гарбаце, відаць, была атрута…»
Гэта яна сцвердзіла так спакойна і абыякава, нібыта ўсё адбылося не з ёй, а з некім іншым. Тым часам прыкрае адчуванне ўдушша адступіла, затое ў вушах пачало шумець, нібы гэта былі вялікія хвалі вады ці лес… Так шумеў лес вакол іх палянкі ў Тухольскай пушчы… У гэты гук цяпер уплятаўся нейкі аддалены іншы. Юлька адкрыла вочы і ўбачыла мутную і расплывістую жаночую постаць з мігатлівым святлом у руках. Ёй нешта гаварылі, але яна не магла разабраць слоў, ды ёй, зрэшты, было усё роўна.
Юлька не страціла прытомнасці, ёй толькі авалодала млявая, блазнаватая апатыя. Яна разумела, што яе атруцілі і смерць нястрашная, а наадварот — прыемная… Усё здаецца малым і нязначным, туманным, прыглушаным і нейтральным. І час перастаў існаваць. Усе яе думкі, пачуцці, успаміны, усе даўнія і найдаўнейшыя вобразы аказаліся ў адной часавай прасторы сплюснутымі, уціснутымі адно ў другое, але пярэстымі і цікавымі…
У пакой увайшло некалькі чалавек, невыразная гаворка данеслася да яе вушэй, нехта ўзяў яе за запясце, прыемнае адчуванне дотыку гэтай далоні захоўвалася яшчэ доўга. Потым, а можа, і ў той жа час, бяссільнае цела панеслі і агарнулі нечым шорсткім… Відаць, кладуць у труну, значыць, я памерла… Аднак яна адчувае кожнае дакрананне, і любое прыносіць ёй задавальненне…
Зараз яе нясуць высока ўгору або вельмі глыбока апускаюць, паклалі на мяккія падушкі, пухлыя, узбітыя… Працэсія — прамільгнула ў яе галаве — мяне вязуць на Павонзкі… Юлька спрабавала адкрыць вочы, але павекі сталі неверагодна цяжкімі.
І зноў яе ўзялі за руку, так міла і асцярожна… Яе распраналі, яна ясна адчувала, як вызвалялі пояс ад падвязак, як сцягвалі панчохі… І раптам яе атуліла такая прыемная цеплыня і яна пачула вельмі аддалены плёскат вады… Ах, так, яе мылі… На скуры яна адчувала дотык спрытных рук, а ў ноздрах — пах мыла…
46
Анаміты — устарэлая назва в’етнамцаў, якая паходзіць ад наймення часткі іх краіны Анам, якое выкарыстоўвалася раней.