Аповед перарваўся тэлефонным званком. Друцкі пацягнуўся і зірнуў на гадзіннік. У гэты час магла званіць толькі Аліцыя.
— Джэк, вазьміце трубку і скажыце, што мяне няма, я не прыехаў, чэрці мяне забралі ці што заўгодна.
Залкінд падышоў да апарата і вярнуўся з паведамленнем, што гэта з «Аргенціны». Друцкі ўзяў трубку. Тэлефанаваў касір Юстэк:
— Пан дырэктар, тут гэтая пані, з якой вы бываеце, загадала злучыць і зараз падыдзе…
Пакуль Друцкі здолеў нешта сказаць, пачуўся голас Аліцыі:
— Вы прыехалі? Гэта добра. Я зайшла ў «Аргенціну», думала, што заспею вас тут, але раз так, то я зараз да вас прыеду. Да пабачэння.
Яна паклала трубку, а Друцкі скрывіўся.
— Баба? — з усмешкай спытаўся Залкінд.
— Ліха на яе! Я змарыўся… ведаеш, Джэк, даволі мне ўжо сядзець у гэтым горадзе. Чалавек ржавее ў гэтай вечнай бяздзейнасці і аднастайнасці…
— Ну, цяпер на недахоп прыгод вы наракаць не можаце… — пажартаваў Залкінд.
— Э… раз на год нешта цікавае. Я баюся так заседзецца, як вы… Ну, я павінен выкінуць вас за дзверы… З Фана[47] зараз выплываюць старыя судны на кашалотаў. А ў Фларыдзе штогадовае дэрбі… Свет цудоўны, Джэкі, цудоўны і шырокі. Ідзі ты ўжо на ўсе чатыры і падумай пра гэта, калі твая пярына астыне…
— Так хутка не астыне, яны не такія. Бывай, капітане, і памятай, што Чорны Джэк разумее значэнне слова «ўдзячнасць».
У паўзмроку вітальні вочы яго так дзіўна блішчалі, нібы на іх навярнуліся слёзы, але Друцкі гэтага не заўважыў. Няўпэўненым крокам ён хадзіў з кута ў кут і ўголас паўтараў:
— З Фана зараз выплываюць старыя судны на кашалотаў… А першы рушыў, канечне, Мак Холан на сваім каўчэгу «Ной»… З Фана зараз выплываюць за Гусіны мыс, а там ужо ловяць спадарожны вецер…
Друцкі наліваў сабе віскі, калі зазвінеў званок. Ён няспешна падышоў адчыніць. Аліцыя была вясёлая і ўзбуджаная. Яна моцна пацалавала яго, заўважыла, што ён стомлены, і прапанавала легчы адпачыць. Яна сама расшпіліла яму каўнерык і развязала гальштук, расказваючы дэталі нейкага забаўнага працэсу, які праходзіў сёння ў судзе. Калі ён лёг, яна села ля яго і, гладзячы па валасах, засыпала чулымі словамі, якія даўно ўжо не магла прамовіць у адносінах да яго не таму, што не адчувала гэтага, а таму, што халоднасць Багдана паралізавала ўсялякую чуласць.
І так працягвалася б доўга, пакуль паміж імі не стала Юлька…
У Друцкага былі шэрыя цені пад вачыма і абветраныя вусны, а на гэтых вуснах блукала такая прыгожая паўусмешка.
— Ведаеш, Аль, — пачаў ён, не расплюшчваючы вачэй, — што зараз з Фана выплываюць старыя судны на кашалотаў?..
— Чаму ты пра гэта падумаў? — спакойна спыталася яна.
Ён не адказаў, толькі пацягнуўся і ўздыхнуў. Аліцыя не сумнявалася, што ён увогуле не чуў яе аповеду. Яна закусіла вусны, але тут жа авалодала сабой. Яна не магла сабе дазволіць распаліць нават самую нязначную спрэчку. Яшчэ некалькі месяцаў — і вернуцца даўнія, нічым не азмрочаныя адносіны, яшчэ некалькі месяцаў — і яна застанецца з ім назаўсёды… Хай будзе што будзе, ён ужо не маладзён. У ім павінен згаснуць запал валацугі. У Аліцыі ўжо быў гатовы дэталёва прадуманы план паступовага ўтаймавання гэтай буйнай натуры. З гэтай мэтай яна вырашыла нават узяць на год водпуск за свой кошт, каб разам з Багданам накіравацца ў якое-небудзь далёкае падарожжа, хутчэй пілігрымку па «святых месцах яго авантурнай маладосці». Ён жа так любіць пра іх гаварыць. Напэўна, яшчэ больш прыемна было б яму іх паказваць. І такая пілігрымка павінна была б нагадваць развітанне з мінулым.
Аліцыя Горн разважала лагічна і была ўпэўнена ў сваёй логіцы. Калі яна чагосьці не брала пад увагу, то ролі, якую ў яе планах можа адыграць ужо адсутная Юлька.
А пачалося ўсё так.
Каля поўначы Багдан падняўся з тахты і заявіў, што, нягледзячы на стому, ён павінен зазірнуць у «Аргенціну».
— Мне трэба было б пераапрануцца, — пачала Аліцыя, — а зрэшты, не надта і хочацца. Ведаеш, а ты не прыехаў бы з «Аргенціны» да мяне?
— Што за ідэя? — паціснуў ён плячыма. — Па-першае, я страшна змучаны, а па-другое… увогуле. Што ў цябе дома можна прыдумаць?
— Нічога мы не будзем прыдумваць, — нязмушана адказала Аліцыя, — таму што няма пра каго думаць. Я адна.
— Як гэта? — Друцкі павярнуўся да люстэрка, перад якім завязваў гальштук.
— Адна, — паўтарыла Аліцыя. — Юзэфова ў адпачынку, а Юлька паехала на пасаду.
Аліцыя ведала, што Багдана ўразіць гэтая навіна, але не думала, што настолькі, яна таксама не чакала, што ён не будзе нават спрабаваць схаваць гэтае ўражанне.