Друцкі апусціў гальштук, які сціскаў у руцэ, і падышоў да яе з такім выразам твару, што калі б не яе вытрымка, то яна б адступіла за стол.
— Як гэта паехала на пасаду? На якую пасаду? — спытаўся ён глуха і вельмі ціха.
— На ўскраіну.
— Яна ж не хацела ехаць? Так?.. Я ж прапанаваў ёй выдатную пасаду ў Варшаве? Хіба не?..
— Я табе паўтараю, — ссунула бровы Аліцыя, — што яна паехала на крэсы.
— Гэта ты яе змусіла?
— Выбачай, Бох, але якое права ты маеш умешвацца ў пытанні маёй апекі над Юлькай? Я лічу, што ты мог бы сябе прымусіць хоць з прыстойнасці праявіць крышачку такту. Мая выхаванка да паўналецця застаецца выключна пад маёй апекай, і я вырашаю, якая пасада ёй падыходзіць, а якая не. Ты мяне здзіўляеш, Бох, сваім жаданнем падкрэсліць тое, пра што я, якая павінна цікавіцца Юлькай і як дзяўчынай, якую я выхавала з малога дзіцяці, і як жанчынай, якой я магу выставіць пэўныя вельмі дакладныя патрабаванні, магла толькі з-за далікатнасці ў адносінах да цябе змаўчаць.
— Гэта не «fair play»[48]! — абурыўся Багдан.
— Не ёсць і не было ні з аднаго боку, дарагі мой, не было спачатку… Не будзем больш пра гэта.
— Твая праўда. Не будзем.
Друцкі засунуў рукі ў кішэні штаноў, пакруціў галавой і дадаў:
— Здаецца, Аль, нам увогуле няма чаго сказаць адно аднаму. У нас ніколі і не было надта шмат, а зараз не засталося нічога, акрамя слоў, якімі развітваюцца людзі, што не хочуць, каб іх раздзяляла больш, чым можа яднаць.
— Ты жартуеш, Бох!
— Я сур’ёзна, Аль. І думаю, што размаўляю з чалавекам, які таксама добра разумее гэта, як і я. Лепей расстацца, калі яшчэ можна абмяняцца шчырымі поціскамі рук і ветліва ўзаемна падзякаваць за адрэзак жыцця, праведзенага побач, чым пакінуць пасля сябе горыч і пракляцце.
— Але я цябе кахаю, Бох, — прашаптала Аліцыя.
— Ты не можаш мяне кахаць, — сказаў ён, падумаўшы. — Для таго, каб кахаць, трэба палюбіць тое, што ён любіць, што з’яўляецца часткай яго існавання. А ты не любіш жыццё. Не толькі не любіш. Ненавідзіш яго. Усё, што ўтрымлівае гэта жыццё: радасць, свабоду, волю, бесклапотнасць, адкрытую барацьбу, сумленную, на роўных, — ды ці я ведаю, што яшчэ, словам, усё, з чаго складаецца маё найвялікшае шчасце, выклікае ў цябе непрыязнасць. Ты мяне не кахаеш, Аль, не!
— А раней…
— Не будзем лічыць мінулых дзён. Я не разбіраюся ў гэтых рахунках. Я ніколі не ўмеў рабіць нешта сёння таму, што так думаў пра гэта ўчора, ці што так будзе заўтра. Можа, гэта нават не вельмі разумна, але я лічу, што, жывучы сёння, я павінен радавацца праўдзе, якую бачу сёння.
Аліцыя закусіла вусны. Яна хацела кінуцца яму ў ногі і маліць, каб ён паверыў, што яна кахае яго больш за ўсё на свеце, што ўласным жыццём яна гатова заплаціць за яго пачуццё, што звар’яцее, калі ён ад яе адрачэцца…
Аднак яна маўчала. Ведала, што гэта быў бы не лепшы шлях, што ўсе яе словы, самыя горкія, самыя палымяныя і адданыя, адскочаць ад яго аргументаў, нічога для яе не змяняючы. Трэба было любой цаной перайсці на іншую тэму.
— Бох, — спакойна сказала яна, хоць у яе дрыжаў кожны нерв, — сёння мы абое стомленыя, усхваляваныя, мы надта паддаёмся імпульсам, зразумела, не заўсёды намі самімі жаданым… Магу я папрасіць цябе пра адну паслугу?.. Давай адкладзём гэта да заўтра…
Друцкі зрабіў невыразны рух рукой:
— Навошта, Аль? Навошта нам мучыцца яшчэ раз?
— Я прашу цябе…
— Ну добра, як хочаш…
— Дзякуй табе, — яна падала Друцкаму руку, а тая так дрыжала, што Друцкі аж здзівіўся.
Аднак гэта ніяк не магло змяніць яго намеру. У яго проста ў галаве не ўкладвалася, што Аліцыя змагла рашыцца на такі брыдкі і нізкі ўчынак у адносінах да Юлькі. Калі б гэта было ў яго сілах і праве, то ён зрабіў бы ўсё, каб вярнуць Юльку ў Варшаву. Зрэшты, ён яшчэ не адмовіўся ад гэтага. Калі ён атрымае ад Юлькі ліст са скаргай на гэта выгнанне, то прымусіць Аліцыю дазволіць ёй вярнуцца або прывязе яе сам.
З Аліцыяй ён вырашыў парваць, нягледзячы ні на якія наступствы. Ён улічваў тое, што яна яму адпомсціць. Магчыма, яна нават выкрые яго як злачынцу, які хаваецца пад іншым прозвішчам. Не мае значэння, а хутчэй не, якраз тым лепей… У любым выпадку Друцкі ні за што не змяніў бы свайго рашэння.
Таму назаўтра ўсе надзеі Аліцыі цалкам не апраўдаліся. Друцкі не мог і не хацеў зразумець яе трагедыі, ні на момант ён не адступіў ад сваёй невыносна спакойнай і ветлівай манеры паводзін. Яго не кранула нават тое, што яна, такая гордая, такая незалежная, адмаўлялася цяпер ад усялякіх правоў, адракалася ад усялякіх прэтэнзій, молячы толькі пра дазвол бачыць яго час ад часу, пра ласку яго мімалётнай пяшчоты, пра магчымасць чуць ад яго некалькі хаця б самых абыякавых слоў.