Выбрать главу

— Аля, пачакай, я павінна табе сказаць нешта вельмі важнае, страшна важнае!

— Ну?

— Ты не ўяўляеш, як я цябе люблю! Больш, чым увесь свет.

Аліцыя вярнулася і пацалавала Юльку ў выпнутыя вусны.

Яна нічога не сказала. Бо сама любіла Юльку, як сястру. Што ж значаць кроўныя сувязі? Пытанне выпадку і толькі… А гэтая чужая дзяўчына, па крыві далейшая, чым можна сабе ўявіць, якая самім сваім існаваннем нагадвае брата… Голас, напрыклад, у яе цалкам такі, як у Паўла… А ўсё ж яна для Аліцыі самая блізкая… Сапраўды, ва ўсім свеце няма нікога больш блізкага…

— Аля, пра што ты думаеш?

— Пра ўсё патрохі, сонейка.

— А суп стыне! — з іншага пакоя пачуўся голас Чухноўскага.

Трэба было сядаць за стол.

Раздзел 4

У актах справы Валяр’яна Трачыка было шмат белых плям. Паліцыя не патурбавалася адшукаць жанчыну, якая выклікала начнога вартавога, не зняты адбіткі пальцаў з электрычнага ліхтарыка, які несумненна падчас учынення злачынства трымаў у руках ліхадзей, а следчы палічыў за дастатковае алібі для Вячоркі паказанні яго сястры.

Складанне акта абскарджвання на гэтых падставах было б проста разгільдзяйствам.

Падпракурор Аліцыя Горн вырашыла адаслаць справу з мэтай больш грунтоўнага расследавання, скончыла пісаць і адклала пяро.

Набліжалася чацвёртая гадзіна.

Сёння Аліцыя працавала без перапынку, амаль не ўзнімаючы галавы над стосам папер. Работы было вельмі шмат. Толькі-толькі мінуў тыдзень, як яна ўпершыню села за гэты стол, а ўжо вельмі добра арыентавалася ва ўсім.

Мартыновіч ні разу не ўнёс нават самай малой змены ў яе рашэнні, Мадронь казаў, што віцэпракурор Меснер збіраўся пра яе выказацца: «Гэта ж пракурор ад Бога!».

Аліцыю гэта не надта радавала. Яна ведала, што так будзе. Як і стасункі — прадбачыла яна — склаліся даволі нармальныя. Яна не перастала яшчэ быць адметнасцю ў судзе і тэмай для размоў, аднак на яе ўжо не глядзелі, як на каршуна.

«Няхай пачакаюць, — думала яна, — як я выступлю перад судом! Тады я ім пакажу, на што здольная падпракурор Аліцыя Горн».

Пакуль нічога такога не намячалася, аднак жа на наступным тыдні магла ўсплыць справа Квяткоўскага, і трэба было падумаць пра тогу і берэт.

Аліцыя зачыніла стол і патэлефанавала дадому. Адказала Юлька. Паведаміла, што яны з доктарам сядзяць і чакаюць яе страшна галодныя.

— Абедайце, — сказала Аліцыя, — у мне яшчэ ёсць справы ў горадзе, і я спазнюся. А цяпер перадай трубку доктару… Добра, добра… перадай… Прывітанне, Уладэк… Ну што? Ты быў у прафесара Бруніцкага? Алё! Толькі больш нічога не кажы, калі там Юлька. Адкажы проста: так або не… Ну добра. Абедайце… Што? Ой, які ты нудны!.. Абедайце, прашу вас. Я прыеду праз паўгадзіны, можа, праз тры чвэрці. Да пабачэння.

Выходзячы з суда, Аліцыя сустрэла старшыню Турчыньскага. Ён затрымаў яе ў варотах:

— Ну і як жа вам працуецца?

— Дзякуй, — весела адказала яна, — выдатна.

— Мартыновіч ад вас… але прашу нікому не расказваць!.. Ён ад вас у захапленні.

— О?! Я не чакала, што пан пракурор здольны захапляцца.

— А як жа! Калі я спытаў у яго пра вас, ён красамоўна выказаўся: «Хм… так…»

Абое рассмяяліся.

— Паверце, — дадаў старшыня, — што для Мартыновіча гэта занадта.

Аліцыя цёпла развіталася са старшынёй і зайшла ў краму купіць тогу і берэт. Нягледзячы на тое, што Аліцыя была высокая, тога выглядала вельмі вялікай, аднак падпракурор узяла яе і паехала на Кручу[4] да краўчыхі, у якой і так павінна была быць сёння, каб прымераць вечаровую сукенку.

— Падкараціце гэтую тогу сантыметраў на восем, і рукавы трэба завузіць.

Краўчыха аддана ўтыкала шпількі.

— Мне гэта да твару? — спыталася Аліцыя, надзяваючы берэт.

— Ах, шаноўная пані, — пляснула ў далоні краўчыха, — свет яшчэ не бачыў такога пракурора! Асуджаныя з радасцю будуць ісці на смерць!..

Сапраўды, прыгледзеўшыся да сябе ў люстэрку, Аліцыя задаволілася. У гэтай чэрні з вузкай чырвонай акантоўкай яна выглядала чароўна. Кантраст амаль залацістых валасоў і маладой здаровай скуры са строгасцю касцюма ствараў незвычайны эфект.

— Прышліце мне гэта, калі ласка, дадому, — развітваючыся і паглядаючы на гадзіннік, сказала Аліцыя.

Яна села ў таксі. Рэдка Аліцыя дазваляла сабе такую раскошу, хоць цяпер, калі да яе пенсіі дадаўся сціплы заробак падпракурора, шчыра кажучы, пакрывала свае выдаткі і заставалася ў плюсе.

Ужо на лесвіцы яна пачула гук грамафона.

Ну хто б сумняваўся! Як жа гэта Уладэк у яе адсутнасць ды не ўключыў грамафон! Уласна кажучы, Аліцыя нічога не мела супраць грамафонаў, але і ў захапленні ад іх не была.

вернуться

4

Круча (Кruczа) — вуліца ў Варшаве, у раёне Сяродмесця.