Выбрать главу

Менавіта начамі Юлька ўслухоўвалася ў шумы, менавіта начамі ўглядалася ў шыбы змешчанага высока ў столі акна, чакаючы, што ў любы момант за ім пакажацца ў змроку сілуэт пана Янка, які — як у дэтэктыўным рамане — адшукаў яе і ідзе выкрадаць… Сапраўды, чаму б яму так не зрабіць?.. Для яго няма нічога немагчымага!..

Гэтым ранкам прафесар паехаў па Пятра. Юлька даведалася пра гэта толькі ў адзінаццаць, калі японец з’явіўся на калідоры і адчыніў дзверы яе пакоя са словамі:

— Ну, зараз вы павінны будзеце замяніць прафесара! У нас сёння маленькая аперацыя. Падрыхтуйце, калі ласка, аперацыйнае крэсла ў пятым пакоі. Я хутка адвяду пацыентку наверх і адразу прыйду туды.

Доктар сёння падаваўся нейкім весялейшым і больш разняволеным, чым звычайна. Гэты настрой перадаўся і Юльцы. Яна пабегла ў пяты пакой і праз чвэрць гадзіны была гатовая. Гэты пакой знаходзіўся ў самым канцы калідора, побач з тоўстымі акаванымі дзвярыма, якія вялі ў незнаёмую Юльцы частку дома. Гэтыя дзверы зусім не мелі ручак, і прафесар з доктарам адчынялі і замыкалі іх заўсёды ключамі.

Як жа Юлька здзівілася, калі ўбачыла зараз, што яны прыадчыненыя. Доктар пакінуў іх так з-за рассеянасці. Спакуса была надта вялікая, і Юлька зазірнула: малы, высцелены лямцам калідорчык, які заканчваецца іншымі дзвярыма, а калі і гэтыя адчыненыя… Сэрца забілася мацней. На дыбачках Юлька падышла да тых дзвярэй і паклала пальцы на ручку. З другога боку яна пачула чыесьці крокі і хацела ўжо адступіць, калі да яе данёсся голас, які прымусіў яе аслупянець. Яна прытулілася да дзвярэй… Божа!.. Яна не магла памыліцца… З таго боку гэтых некалькіх гладкіх дошак быў пан Янэк. О, яго голас яна пазнала б на іншым канцы свету, і голас, і яго любімую амерыканскую песеньку, якую немагчыма забыцца і якую яна пазнавала з кожным новым словам…

«It's a long way to Tipperary, It's a long way to go…»[49]

Яна пачала з апошніх сіл стукаць кулакамі ў дзверы і крычаць:

— Пан Янэк, я тут, ратуйце, ратуйце, ратуйце!!!

Спеў у момант змоўк, а Юлька працягвала:

— Ратуйце! Ратуйце! Ратуйце!

Юлька пачула цяпер гучны тупат ног, і дзверы пад моцным ударам расчыніліся з такім шумам, што рэха пайшло па ўсім доме.

Юлька адступіла і знерухомела: перад ёй стаяў малады чалавек у белым тэнісным касцюме як дзве кроплі вады падобны да пана Янка, але такі малады, што яна сама не ведала, гэта ён ці нехта загрыміраваны… У той жа час яна пачула, як ён звяртаецца да яе голасам пана Янка:

— Што адбылося? Пажар? Што з вамі?..

І выраз твару ў яго быў, як у таго, калі ён быў занепакоены. Юлька хацела нешта сказаць, але ў гэты момант за яе спінай пачуліся спешныя крокі. «Гэта, відаць, доктар — прамільгнула ў яе галаве, — яны мяне зноў замкнуць!» Юлька кінулася наперад і, хапаючы свайго збаўцу за руку, закрычала ў панічным страху:

— Выратуйце мяне, абараніце мяне!.. Яны мяне заб’юць!.. Малю вас!..

Малады чалавек адным рухам загарнуў яе за сябе і, сціснуўшы кулакі, стаў у абараняльную пазіцыю, гаворачы:

— Спакойна! Не бойцеся. Я за сябе пастаю, толькі не трымайце мяне за локаць, бо гэта мяне…

Ён не скончыў. Занавеска, што аддзяляла выбітыя дзверы ад пакоя, у якім яны знаходзіліся, рэзка адкрылася і з’явіўся задыханы японец, які крычаў страшным прыглушаным шэптам:

— Зараз жа вяртайцеся! Неадкладна! — доктар паспрабаваў схапіць Юльку за руку, але малады чалавек захіліў яе сабой і пагрозліва сказаў:

— Стоп, доктар! Я вас вельмі паважаю, але гэтую дзяўчыну чапаць не дазволю!

— Пане Пётр, гэтая дзяўчына павінна зараз жа вярнуцца! Пусціце яе хутчэй!

— Гэтая дзяўчына туды не вернецца, пан доктар, калі яна не хоча, а сілай гэта зрабіць я не дазволю.

— Пан Пётр! — узбуджана крычаў японец. — Гэта супраць волі вашага бацькі! Не перашкаджайце мне выконваць яе!

— Хай сабе нават супраць волі ўсяго свету, — халодна адказаў малады чалавек, — але гэта дзяўчына не вернецца туды, толькі па сваёй волі, даю вам слова джэнтльмена. Я не ведаю, чым вы яе пакрыўдзілі, але яна прасіла ратунку, даверылася, і мне цікава, пан доктар Кунокі, што б вы самі сказалі пра мужчыну, які зрабіў бы ў такім выпадку іначай, чым я?

— Але ж, пан Пётр, вы многага не ведаеце, вы не ўяўляеце, да якіх страшных наступстваў для вашага бацькі можа прывесці гэта несвоечасовае рыцарства! Зрэшты, я магу вас запэўніць, што гэтай дзяўчыне нічога, абсалютна нічога не пагражае. Я нават здзіўляюся, што яна зрабіла так неабачліва.

— Прабачце, доктар, — не змяняючы абарончай пазіцыі, перарваў малады чалавек, названы Пятром, мы губляем час. Вы хочаце туды вярнуцца? — спытаўся ён у Юлькі.

вернуться

49

It’s a long way to Tipperway, It’s a long way to go(англ.) — радкі прыпеву маршавай песні брытанскай арміі «Доўгі шлях да Тыперэры».