Выбрать главу

— Ты маеш рацыю, Бох, да пабачэння… Я разумею, што ты не хочаш прыняць маю ахвяру, але ведай, што іншай я зрабіць не змагу. Бывай, Бох.

Яна націснула гузік званка і сухімі, як шкло, вачыма глядзела на акаваныя дзверы, якія замыкаліся за ім.

Раздзел 29

Калі яго ўвялі, у перапоўненай да краёў зале ўсталявалася цішыня. У параўнанні з пакоем, у якім ён да гэтага часу сядзеў, тут было так светла, што даволі доўга ён не мог разгледзець рысы людзей, якія займалі нават самыя блізкія шэрагі лавак.

Ён бачыў толькі скучаныя галовы і сотні пар вачэй, скіраваных на яго. Не адрозніваючы яшчэ іх выразу, ён адчуваў, што глядзяць яны на яго зычліва і з нейкім спалоханым спачуваннем, з якім чулыя людзі прыглядаюцца да таго, хто памірае і каму яны не могуць дапамагчы. У іх поглядзе быў нібыта сорам і ў гэтай цішыні як бы затойванне дыхання перад момантам блізкай катастрофы.

Ён не ведаў, чаму, але яму прыгадалася Зоська. Ужо тады, калі ён выйшаў з закратаванай турэмнай машыны, ён адчуў проста дзіўную патрэбу ўбачыць гэтую дзяўчыну. І цяпер ён дарма шукаў яе ў зале. Ён пачаў пазнаваць знаёмых. Панна Лэнска, пані Хэлміньска, бармэн Грабоўскі, Тоня ў чырвоным берэце. Люба, якая сядзела з галавой, паднятай так, нібыта яна сама ішла на эшафот, побач Барыс, на твары якога застыла драпежная нерухомая маска. Касір Юстэк з тужлівай усмешкай на тоўстых жаласных вуснах. Палкоўнік Яшчолт, які пастаянна праціраў манокль, што заўсёды не хацеў трымацца на дрыжачых складках завялага твару. Тэця, уся ў чорным, як у жалобе, о — і Франя, старэйшая сястра Зоські… І столькі прыгожых, мілых жанчын, і столькі кампаньёнаў у вясёлых забавах, столькі знаёмых твараў і столькі ўспамінаў… Яны прыйшлі сюды, як на пахаванне…

Раптам у Друцкага з’явілася неадольнае жаданне выступіць перад імі з жартаўлівай прамовай, яшчэ больш жартаўлівай, чым тыя, за якія ў «Аргенціне» ён атрымліваў такія гучныя апладысменты. Ён з усмешкай кланяўся і ўжо адкрываў рот, калі да яго звярнуўся абаронца, мажны лысы мужчына ў тоўстых, выпуклых акулярах, які да гэтага моўчкі вывучаў акты…

Яму трэба была нейкая дробная інфармацыя, і ён даў кліенту некалькі ўказанняў наконт метадаў абароны. Ён гаварыў звязна, па сутнасці, і Друцкі быў перакананы, што, выбраўшы сабе абаронцам адваката Шарневіча, ён зрабіў правільна. Зрэшты, у Шарневіча была рэпутацыя самага бліскучага адваката ў крымінальных справах і яго лічылі не толькі выдатным знаўцам права, але і самым таленавітым прамоўцам.

Яшчэ падчас першай размовы, якая адбылася ў турме, Друцкі даведаўся ад яго, што, улічваючы паскораны парадак, справа ў лепшым выпадку скончыцца прысудам да пажыццёвага зняволення, строгім рэжымам. Шанцы пераносу працэсу ў звычайны суд маглі б з’явіцца толькі ў выпадку, калі б Друцкі адмовіўся ад прынятай ім тактыкі пакрывання фактычных забойцаў Цеплікуўны і з выяўленнем сапраўдных намераў у адносінах да яе.

Калі, аднак, Друцкі катэгарычна заявіў, што нічога ў сваіх паказаннях ён не зменіць, Шарневіч яго запэўніў:

— Я не збіраюся вам навязваць свае погляды, я не лекар дзіцячых хвароб і не гувернантка. Як адвакат жа я трымаюся правіла, што найперш варта ва ўсім дагадзіць кліенту. Такім чынам, калі вам хочацца даўжэйшага зняволення, а не карацейшага, я пакаруся вашай волі.

З гэтага часу ён ні разу не згадаў пра змену паказанняў, што цалкам задавальняла Друцкага. Перад самім працэсам ён толькі між іншым заўважыў:

— Абвінавачваць будзе пракурор Горн. Гэта самы небяспечны праціўнік з тых, на якіх мы маглі разлічваць.

— Я ведаю, — кіўнуў галавой Друцкі, — у працэсе аб морфіі яна таксама мяне абвінавачвала, і я быў апраўданы.

— Тут горш, — адказаў адвакат, — цяпер яна возьме рэванш. У любым выпадку, наколькі я магу меркаваць як псіхолаг, я раіў бы вам пастарацца пакінуць у абвінаваўцы станоўчае ўражанне пра сябе. Варта памятаць, што гэта жанчына, і я не думаю, каб які б тое ні было ўбор, хоць бы і пракурорская тога, мог дазволіць забыцца, што яна жанчына.

Друцкі ўсміхнуўся і нічога не адказаў.

Ён вельмі добра ўсведамляў небяспеку сітуацыі, у якой знаходзіўся. Ён верыў, што адвакат зробіць усё, што ў яго сілах, аднак ён быў упэўнены, што гэта мала дапаможа. Канечне, ён зусім не збіраўся пагаджацца на пажыццёвае зняволенне, на якое яго, відаць, асудзяць. У думках ён пралічваў, што на падрыхтоўку ўцёкаў з Павяка яму хопіць месяца, няхай нават двух. І толькі яго тут бачылі. Ці з такіх турмаў ён здолеў збегчы! У Шатане[50] было тры сцяны, і кожная па восем метраў, у Сан-Антоніа чалавека трымалі, як дварняка, на ланцугу, два паверхі пад зямлёй. У Сінг-Сінг[51] краты электрызавалі, у Вальпараіса[52] кожную камеру адчынялі два наглядчыкі, а на даху стаялі кулямёты і пражэктары!..

вернуться

50

Шатан — невялікая вёска ў Англіі, у Дэрбішыры.

вернуться

51

Сінг-Сінг — амерыканская крымінальная ўстанова строгага рэжыму ў штаце Нью-Ёрк.

вернуться

52

Вальпараіса — горад у Цэнтральным Чылі ля падножжа Андаў.