Выбрать главу

Якая ж смешная была міна ў доктара, калі ён уручаў ёй грамафон у той час як яна, Аліцыя, бесцырымонна вынішчала ідэю паднашэння ёй падарункаў увогуле, а ўжо такіх — асабліва.

Доктар быў так збянтэжаны! Бедны дабрак тады вырашыў пайсці на хітрасць і апраўдаўся тым, што гэта прэзент для Юлькі.

Чухноўскі і Юлька выбеглі сустракаць Аліцыю. Грамафон, канечне, змоўк, не скончыўшы нейкае «Каха-а-аю», Юзэфова мыла посуд пасля абеду.

— Ты ведаеш, Аля, я атрымала сёння пяцёрку па трыганаметрыі! — павітала яе Юлька.

— Як вы? Я вельмі рада, а па гісторыі цябе не выклікалі?

— Уяві сабе… не, не выклікалі… але ты ведаеш, Вацка Рушчэўская кідае школу, не атрымлівае атэстат і… адгадай?

— Ну?

— Вы-хо-дзіць замуж!!! За такога… брунета, які заўсёды чакаў яе ля школы.

Чухноўскі шматзначна кашлянуў. Аліцыя ўсміхнулася.

— Увогуле ён непрыгожы, — пляткарыла Юлька, — але так нічога сабе фраер. У яго машына, шасціцыліндравы штайр[5], толькі што лімузін, вось дык радасць? Праўда? Але Рушчэўскай ён падыходзіць, бо ў яе зялёныя вочы, і машына зялёная. Усе кажуць, што робіць кар’еру.

— Машына?

— Не, ну Вацка ж, бо ён увогуле багаты.

— Аўтамабіль?

— Не буду расказваць, — пакрыўдзілася Юлька.

Аліцыя пацалавала яе ў абедзве шчакі.

— Ну, добра ўжо, добра. Я толькі хачу, каб ты выказвалася дакладна.

— Я не збіраюся станавіцца пракурорам, — паціснула плячыма Юлька.

Юзэфова прынесла суп, і Аліцыя села за стол.

— А чым жа панна Юлька хоча быць? — спытаўся Чухноўскі.

— Па-першае, не чым жа, а кім жа, я хачу, каб вы выказваліся дакладна, а па-другое, я пра гэта яшчэ не думала. У мяне ёсць час.

Юлька была крыху сумная, і як толькі Аліцыя скончыла абедаць, заявіла, што павінна засесці за ўрокі.

Яны засталіся ўдзвюх. Доктар ужо хацеў пачынаць гаварыць, аднак Аліцыя яго стрымала.

— Зараз. Пяройдзем у мой пакой. Юлька можа пачуць.

Доктар вельмі любіў гэты пакой, у якім так рэдка меў магчымасць бываць, пакой такі нечаканы ў гэтай сапраўды прыгожай і ўтульнай, але нейкай крыху закаснелай кватэры.

Там усюды панавалі светлыя фарбы і ўсё, здавалася, блішчала, тут цёмна-чырвоныя шпалеры і мяккая, з плаўнымі лініямі мэбля, цудоўная шырокая тахта і грубы дыван, што пакрываў падлогу, і нават даволі моцны пах парфумы (сама Аліцыя, аднак, ніколі не ўжывала парфумы).

Чухноўскі не раз думаў пра гэта. Ён не мог сфармуляваць уражанні, але яму здавалася, што знешнасць і лад жыцця Аліцыі нагадваюць тыя пакоі, а яе ўнутранае жыццё, магчыма, зусім іншае, можа, як гэты пакой.

Ён любіў гэты пакой, але вольна сябе адчуваў у Юлькі, у сталовай і нават у вітальні.

— Я быў у прафесара Бруніцкага ва ўніверсітэцкай клініцы.

— Ён хутка цябе прыняў?

— Так. Я яму нагадаў, што слухаў яго лекцыі яшчэ калі ён быў дацэнтам. Ён быў вельмі прыязны. Загадаў зараз жа прынесці кнігі, і мы шукалі разам. Дык вось, Павел Горн апошні раз быў выпісаны з псіхіятрычнай клінікі тры гады таму.

— Куды? — холадна спыталася Аліцыя.

— Ва ўстанову ў Творках.

Усталявалася маўчанне.

— Спачатку прафесар Бруніцкі не мог успомніць, пра каго гаворка, але, прачытаўшы гісторыю хваробы, узгадаў:

— Так, так, — я ўжо ведаю. Скульптар, ну, гэта была прадвызначаная справа. Заўзяты марфініст…

— Марфініст?!. — ціха спыталася Аліцыя.

— Так, але гэта не ўсё, гэта можна было вылечыць, калі б — як кажа прафесар Бруніцкі — не кантузія чэрапа.

— Дык гэта кантузія і турбавала?

— Так, — кіўнуў галавой Чухноўскі, — вельмі моцна. Частковы параліч, пачуццёвыя расстройствы, анестэзія нерваў. Часам прыходзілася рабіць штучнае дыханне…

Аліцыя ўстала і прайшла цераз пакой.

— Ты не пытаўся ў Бруніцкага аб прычынах хваробы?

— Пытаўся. Я ў тым ліку думаў пра Юльку. Прафесар кажа, што ніякіх спадчынных парокаў не было. Кантузія на фронце была, на яго думку, крыніцай хваробы, а паражэнне некаторых нервовых цэнтраў паўплывала на развіццё псіхастэніі, адтуль і марфінізм. Тады зразумела, што хвароба яго цалкам індывідуальная і яго сястры, дзякуй богу, нічога не пагражае.

— Дзякуй богу! — паўтарыла Аліцыя.

— Ці жывы яшчэ Павел, — працягваў Чухноўскі, — прафесар Бруніцкі не ведае. У любым выпадку, ужо тры гады таму, калі ён адсылаў яго ва ўстанову ў Творках, стан быў безнадзейны… Пытанне месяцаў ці нават тыдняў…

Аліцыя абаперлася галавой на руку і знерухомела. Доктар хацеў закурыць, але яму здавалася, што зараз не лепшы момант. Ён глядзеў на сцяну, на якой вісеў шаль з выявай кентаўра з паднятым хвастом і амазонкі, шырокія сцёгны якой сціскалі бакі верхавога каня, што стаяў на дыбках. Магчыма, з пункту погляду мастацтва гэта было і прыгожа, але Чухноўскага ўразіла ў гэтым проста нейкая непрыстойнасць. Не таму, што амазонка была голая, але наогул.

вернуться

5

«Штайр» (Steyr) — марка аўтамабіля. Steyr-Diamler-Puch — аўстра-венгерская і аўстрыйская кампанія, якая існавала ў 1864–2011 гадах і займалася вытворчасцю агнястрэльнай зброі, ваеннай тэхнікі, аўтамабіляў, веласіпедаў, матацыклаў і самалётаў. Штаб-кватэра знаходзілася ў горадзе Штайр. Першым серыйным аўтамабілем кампаніі быў Steyr II, які стаў далейшым развіццём канструкцыі прататыпа. Машына мела 6-цыліндравы рухавік аб’ёмам 3,3 л і магутнасць 40 конскіх сіл, магла разагнацца да 100 км/г.