Перад намі адзін з гэтых цынічных спакушальнікаў, якія з халодным сэрцам забіваюць нявыгадных для сябе каханак, перад намі злачынец, які не толькі павінен быць пакараны смерцю, але і стаць грознай перасцярогай для сабе падобных. У абвінавачвання для яго няма змякчальных абставін, таму я за смяротнае пакаранне.
Старшыня даў слова абаронцу. Адвакат Шарневіч устаў і пачаў гаварыць. Як Друцкі і прадбачыў, адвакат знітаваў сваю прамову з тых пытанняў, якімі так здзівіў на пачатку працэсу ўсіх прысутных.
Адвакат пачаў са сцвярджэння, што доказ сваёй невінаватасці не абавязак падсуднага. Наадварот, гэта судовы разбор павінен даказаць яго віну. Калі ж шмат матэрыяльных доказаў сведчыць супраць яго, не менш важкія доказы стаяць у яго абарону. Гаворка ідзе пра матывы забойства. З якой мэтай чалавек ураўнаважаны, які мае сур’ёзную жыццёвую пазіцыю і ўсё, чаго толькі не пажадае, сабраўся б увогуле учыніць забойства, і ў дадзеным выпадку ў прыватнасці? Пытанне грашовага прыбытку цалкам выключана. Няма тут гаворкі таксама і пра страх плаціць аліменты, таму што, як слушна зазначыла прадстаўніца пракуратуры, абвінавачаны Вінклер не ўмее лічыць, у яго шырокая душа і ён ніколі не шкадуе грошай. Абсурдным было б таксама дапусціць, што ён баяўся жыццёвых цяжкасцей у выніку выяўлення яго рамана з Цеплікуўнай. Як нежанаты і чалавек абсалютна незалежны, не звязаны падтрыманнем адкрытых адносін з многімі жанчынамі, чаму яму раптам баяцца перасудаў?
Далей адвакат Шарневіч патрабаваў, каб суд прызнаў, што альбо абвінавачаны быў несвядомы, паколькі ўчыніў забойства без якіх бы тое ні было матываў, альбо варта паверыць яго паказанням, што ён яго не ўчыняў. Tertium non datur[53]. Калі гаварыць пра неверагоднасць паказанняў Вінклера, то адвакат на падставе практыкі гэтай жа судовай залы гатовы прывесці цэлы шэраг выпадкаў з жыцця, якое з’яўляецца аўтарам самых дзіўных фантазій.
Потым адвакат перайшоў да характарыстыкі абвінавачанага:
— Падсудны Вінклер, — гаварыў ён, — далёкі ад тыпу, які можна ставіць у прыклад. Тым не менш, склад яго розуму і псіхіка такога роду, што забойства істоты, слабейшай за сябе, проста неверагоднае і тым больш немагчымае, калі яна была яго каханкай. Варта толькі паглядзець на абвінавачанага, каб зразумець, што баязлівае ўхіленне ад адказнасці не характэрна для яго натуры. Ён ведае, што яму пагражае смяротнае пакаранне, і як чалавек інтэлігентны, цалкам усведамляе, што супраць яго вельмі шмат абцяжарваючых абставінаў.
Калі б ён быў баязліўцам, то спрабаваў бы заблытаць і ўскладніць справу. Ён гэтага не робіць, таму што верыць у справядлівы прысуд. А можа, ён свядома хоча пазбавіцца жыцця?.. Не, Высокі Суд, гэта таксама неверагодна, калі гаворка пра чалавека, які, нягледзячы ні на што, палюбіў жыццё, свабоду, незалежнасць, які дзеля гэтай незалежнасці гатовы дзейнічаць насуперак уласнай выгадзе, які дзеля гэтай незалежнасці адрокся ад тысячы выгод у сваім існаванні, выгод, якія даступныя нам дзякуючы існаванню грамадства, яго правоў і іх аховы.
Так, Яна Вінклера можна назваць асацыяльнай адзінкай, у нас ёсць падставы заўважыць сур’ёзную розніцу паміж яго этыкай і этыкай нашай; з таго, што ён сам пра сябе гаварыў, мы ведаем, што найважнейшым правам ён лічыць права на жыццё. Давайце задумаемся! За якія ж вялікія крыўды ён вырашыў забіць бедную слабую істоту, у адрас якой ён і сёння выказваецца з вялікай цеплынёй.
Паны Суддзі! У мяне няма доказаў невінаватасці Яна Вінклера! Адзіным доказам ёсць ён сам! Гэты чалавек не мог учыніць забойства! І, Бог сведка, гэты чалавек яго не ўчыняў!
Апошнія словы прагучалі амаль як заклінанне. Сярод мёртвай цішыні адвакат павольна апусціў узнятыя рукі і сеў.
Раптам у куце залы нечыя рукі ўдарылі брава, іх прыклад перанялі другія, трэція, чацвёртыя — і вось праз хвіліну ўся публіка ўзнялася з месцаў і вялікая зала Акруговага суда выбухнула шалёнымі захопленымі апладысментамі…
Добрая хвіліна прайшла, пакуль гучны званок старшыні здолеў справіцца з шумам, пагражаючы суровым адказам на такі выбрык і абвяшчэннем пакінуць залу, калі нешта падобнае паўторыцца.
Рэпліка пракурора Аліцыі Горн на прамову адваката была чымсьці, чаго ў гэтай зале яшчэ не чулі. Проста цяжка было сабе ўявіць, каб чалавечыя словы маглі звязацца ў такія магутныя акорды абвінавачвання, у такія бліскучыя кантрасты супрацьлегласцей, у такія знішчальныя маўленчыя лавіны.