Выбрать главу

— Каторы?

— Гэты бландзін, што размаўляе з венграм.

— А-а-а-а!.. — задаволіўся адвакат. — Гэта якраз і ёсць уладальнік «Аргенціны» і яе галоўны магніт — дырэктар Вінклер.

— Гэты амерыканец?

— Так. Ён вам падабаецца?

— Так, нічога сабе. А чаму вы пытаецеся?

Адвакат Лэньчыцкі шчыра рассмяяўся.

— Таму, пані Аліцыя, што ўсе жанчыны па ім млеюць! О, паглядзіце на столікі. Бачыце? Усе галоўкі павернуты ў бок гэтага шчасліўца.

Аліцыя паціснула плячыма:

— Крыўдна мне, адвакат, што вам магло хаця б на хвіліну падацца, быццам я належу да тыпу жанчын, якія «млеюць» па кім-небудзь. Давайце вячэраць.

— Добра, давайце, — капітуляваў Лэньчыцкі. — Зрэшты, Вінклер, абходзячы ложы, завітае і да нас. Можа, каньячку?

— Дзякуй, — панура адсунуў свой кілішак Чухноўскі.

Аліцыя холадна паглядзела на яго.

— Уладэк, калі ты збіраешся ў святыя і будзеш псаваць нам настрой, то лепей ідзі спаць. Я не прывыкла зносіць чые бы тое ні было выбрыкі.

Яна залпам выпіла кілішак і звярнулася да адваката:

— Дык вы кажаце, што гэты ўладальнік наведвае ложы?

— Так, дарагая, у яго такое правіла, што ўсіх сваіх гасцей ён павінен ведаць асабіста. Вось убачыце, які гэта мілы чалавек.

«Мілы чалавек» не прымусіў сябе доўга чакаць. Праз некалькі хвілін парцьера адсунулася і яны пачулі за сабой нізкі глыбокі голас:

— Добры вечар, панове. Я не перашкоджу, калі падзякую дарагому пану адвакату за падтрымку «Аргенціны»?

— Але ж, мілы дырэктар, калі ласка, прашу, — клікаў, устаючы, Лэньчыцкі. — Пані дазволіць?.. Пан Вінклер, пані Горн… — Чухноўскі, — буркнуў пад нос доктар, падаючы прыбыўшаму руку.

Гэты ж, не чакаючы запрашэння, сеў за стол:

— Вы не сумуеце? Цяпер яшчэ пуста, але праз паўгадзіны пачнуцца так званыя мастацкія нумары. Як вам у мяне падабаецца? — звярнуўся дырэктар да Аліцыі.

— Вельмі… прыемны клуб, — яна ўважліва прыгледзелася да дырэктара і падумала, што недзе ўжо напэўна яго бачыла. Так, так, зараз… гэта было ў нейкай кавярні.

— Мне здаецца, што я некалі ўжо бачыла вас, — прамовіла Аліцыя нібыта ў апраўданне свайго маўчання.

— Абсалютна дакладна, — рассмяяўся Друцкі, — я пазнаў вас ужо пятнаццаць хвілін таму, знізу.

— У цукерні на Новым Свеце? — спыталася яна. — Некалькі месяцаў таму?

— Так. Я тады быў такі нязграбны, што разбіў попельнічку са свайго століка.

— Так, так! — усміхнулася Аліцыя. — Я памятаю. У мяне тады было такое ўражанне, што ваш твар мне знаёмы.

— Стойце! — усклікнуў Лэньчыцкі. — І я памятаю. Мы тады былі такой самай кампаніяй.

— Ага? — здзівіўся Друцкі. — Дык гэта пан адвакат пстрыкаў тады драўлянай папяросніцай?.. О, гэта corpus delісtі[6]?

Смяяліся ўсе, акрамя доктара, які рабіў выгляд, што заняты праціраннем лінз.

Перакінуліся яшчэ некалькімі фразамі, і Друцкі ўстаў:

— Вы дазволіце мне яшчэ раз да вас наведацца?

Аліцыя ветліва кіўнула галавой, а Лэньчыцкі шумна радзіў яму, каб толькі ён не забыўся.

Яны бачылі дырэктара і далей, як ён уваходзіў у ложы насупраць, як хадзіў па зале і весела вітаўся з усімі.

А між тым, пачаліся забавы.

Пад каляровымі пражэктарамі танцавалі трое зграбных мускулістых хлопцаў, пазней на танцавальным рынгу з’явілася сеньярыта Фіямета і неверагодным чынам выгінала амаль голае цела ў акрабатычным танцы. Пасля гучных апладысментаў публіка зноў запоўніла рынг шчыльнай масай, якая дрыгалася ў такт румбы.

Чухноўскі пад уплывам выпітага алкаголю зрабіўся сентыментальным і са слязамі на вачах умольваў Аліцыю, каб яна яму прабачыла. Пры гэтым ён так настойліва запэўніваў, што ўжо будзе вясёлы, што аж зусім расплакаўся.

Аліцыя шчыра смяялася, гледзячы на яго міну і на жывую супрацьлегласць у асобе Лэньчыцкага, які прытупваў і зухавата ўскідваў чупрыну.

Сотні рознакаляровых шарыкаў напоўнілі залу. Знізу гаманілі, з лож кідалі кветкі ў танцораў.

І зноў былі два выступленні: тры танцоркі, пераапранутыя ў флейшэравых[7]мышэй, Мікі і вельмі смешны мядзведзь (акцёр, канечне), які граў на саксафоне і выконваў матроскі танец.

Калі нарэшце пачаліся танцы, у ложы Аліцыі з’явілася па-экзатычнаму апранутая кветачніца і паклала перад ёй букет белых руж.

Чухноўскі спужаўся, а адвакат выняў банкноту ў сто злотых.

— Дзякуй, — здрыганулася кветачніца, — але гэта ад адміністрацыі.

— Як жа так, — здзівіўся доктар пасля таго, як яна выйшла, — прэзенты?

Аліцыя адсунула кветкі, але адвакат падаў ёй іх зноў:

— Ну вазьміце, пані, тут такая традыцыя, што дамам рассылаюць кветкі.

вернуться

6

Сorpus delicti (лац.) — «рэчавы доказ»

вернуться

7

Макс Флейшэр — амерыканскі аніматар, вынаходнік, рэжысёр і прадзюсар.