Пара была ехаць дадому.
Аплацілі рахунак, прычым Аліцыя ў якасці выключэння пагадзілася не плаціць сваёй трэцяй часткі. Лэньчыцкі ўпарціўся, што ён фінансуе, а калі яму не дазволяць заплаціць цалкам усю суму, яму гэта прынясе няўдачу ў судзе.
— Богам прашу, — горача запэўніваў ён, — колькі разоў не абмываю выйграны працэс, столькі прайграю наступную справу, закон подласці!..
Аліцыя была ў такім выдатным настроі, што не супраціўлялася.
Найперш адвезлі Чухноўскага, які засынаў, потым адвакат адправіў Аліцыю.
— Ну, пані Аліцыя, — сказаў ёй з выхваляннем, развітваючыся перад брамай, — варта было ісці ў «Аргенціну»? А?
— Мне было вельмі весела. Даўно я так добра не адпачывала.
— Ах! Гэты Вінклер мерцвяка расшавяліў бы! Неверагодны, праўда?
— Дабранач, адвакаце, — падала яму руку Аліцыя, — дзякуй і дабранач.
На дыбачках яна прайшла ў свой пакой, хутка распранулася, запаліла газ у ваннай, паставіла ружы ў крыштальную вазу і, хвіліну павагаўшыся, паставіла іх ля ложка.
На дварэ было ўжо светла.
Раздзел 7
Адразу з вакзала прафесар Бруніцкі паехаў на лекцыю.
Нягледзячы на стому пасля доўгай дарогі, гаварыў ён, як звычайна, гучна, выразна, спыняючыся на азначэннях і робячы кароткія паўзы перад прывядзеннем уласных аргументаў.
Калі ён скончыў, то адчуваў сябе такім спустошаным, што выпіў парашок камфары для ўмацавання сэрца. Аднак ужо праз хвіліну ён тэлефанаваў у «Брысталь».
Яму адказалі, што пан Вінклер у сваім нумары, але, відаць, спіць. Нягледзячы на гэта, прафесар загадаў злучыць з ім.
— Гэта Караль, я цябе разбудзіў?
— Не, як ты? Вярнуўся?
— Вярнуўся і хацеў цябе папрасіць, каб ты да мяне зайшоў.
— У клініку? — спытаўся Друцкі.
— Не, дадому. Як наконт абеду?
— Добра.
Друцкі паклаў трубку і ўздыхнуў з палёгкай.
— Ну, нарэшце прыехаў.
— Хто прыехаў? — спыталася з-за шырмы Тэця.
— Адзін мой прыяцель. Але паспяшайся, малышка.
— У мяне падвязка лопнула.
Друцкі рассмяяўся.
— Лопнула? Ну, ідзі сюды, можа, агульнымі намаганнямі мы хутчэй справімся з катастрофай. Хадзі.
Тэця была ў кароценькай светла-зялёнай камбінашцы, яна бездапаможным жэстам працягнула яму парваны канец падвязкі. Выглядала яна пры гэтым так па-дзіцячы і хораша, што ён сказаў:
— Ведаеш, малышка, шкада, што ўжо так позна.
— Мой каханы, мой самы салодкі…
Ён пасадзіў яе сабе на калені і заняўся выпраўленнем пашкоджання. Тэця ў той час церлася тварам аб яго шчокі і без канца шаптала:
— Каханы, адзіны, каханы…
Ад яе зыходзіла свежасць і пастаяннае моцнае жаданне.
Друцкі прамовіў:
— Слухай, малышка, альбо супакойся, альбо да канца свету я не зраблю табе гэтую падвязку.
— Ах, як было б цудоўна!
— Каб што?
Тэця ружовым пальчыкам правяла па яго каленях.
— Тое, што магла б сядзець тут да канца свету. Абы мой мужчына быў толькі для мяне і каб гэтыя брыдкія бабы не варочалі на яго вочы. Асаблівая гэтая малпа Казя…
— Падай мне шпільку, — перарваў яе Друцкі, — яна павінна быць у гэтай круглай каробцы.
Тэця дастала і прадоўжыла:
— Яна такая брыдкая какетка. Як яна адважваецца нават паднімаць вочы на майго мужчыну! Яна ж за грошы з кожным!.. А пры гэтым у яе крывая лапатка…
Друцкі зірнуў на Тэцю з усмешкай.
— Далібог! — закрычала яна. — У яе крывая лапатка!
— Не кажы абы-чаго, малышка. Казя вельмі прыгожая.
— Я яе ненавіджу!
— Гэта іншая справа. Толькі, Тэця, глядзі! — прыгразіў ён пальцам. — Каб у «Аргенціне» ніякіх скандалаў і сварак не было! Я гэтага не выношу, і няхай толькі!.. Ну!
— Я? — абурылася Тэця. — З ёй? З такой пустышкай? Я ўвогуле не заўважаю яе, хоць і ведаю, што яна б мне вочы выдрала. Ёй здаецца, што…
— Gemacht![8] — скончыў Друцкі. — Падвязка ў парадку. Апранайся.
Ён паставіў Тэцю на падлогу і сеў перад люстэркам завязаць гальштук.
— Памятай жа, малышка, — дадаў ён, — што са мной не жартуюць. Ніякіх скандалаў!
Дзяўчына нічога не адказала.
Праз пару хвілін яны былі гатовы.
Тэця выйшла першая. Друцкі пазамыкаў шафы і пісьмовы стол і таксама спусціўся.
Швейцар затрымаў яго паклонам:
— Маё шанаванне пану дырэктару.
— Добры дзень.
— Пан дырэктар, я якраз звяртаўся па вашай просьбе ў прадстаўніцтва кампаніі «Reenclar». Я сказаў, што адзін з нашых гасцей хоча даведацца, хто ў Варшаве мае «reenclar» і хто мог бы расказаць пра іх марку.