— Я не тое што «веру». Аднак я перакананы, што ўгляданне як такое існуе.
— Як гэта? І вы лічыце, што навука можа гэта пацвердзіць?
— Даражэнькі, — зморшчыў лоб японец, — уся мая тэорыя электранейронаў ці, калі дазволіце, тэорыя псіхонаў вымушае прызнаць неаспрэчную слушнасць народнага «забабону» пра ўгляданне.
Друцкі нервова падсунуў сваё крэсла.
— Растлумачце мне, калі ласка.
— З задавальненнем. Вы калі-небудзь гадавалі коней або сабак?
— Так, сабак. Некалі я надта любіў паляванне.
— Добра, а вы гадавалі паляўнічых, пародзістых сабак?
— Натуральна, — пацвердзіў Друцкі, — лягавых і гончых. Крыху такс.
— Гаворка не пра гэта. Але вы заўважылі, якія вынікі дае скрыжоўванне пародзістай сукі са звычайным дварняком? — пытаўся японец.
— Ну, я так разумею, шчанюкі будуць непародзістыя.
— Гэтага мала. А што будзе з сукай?
— Ага! — пляснуў Друцкі па каленях. — Ну, сука будзе сапсаваная!
— Менавіта, пан Вінклер, сука будзе сапсаваная. Гэта значыць, што яна ўжо ніколі не народзіць пародзістага патомства, няхай нават далей зацяжарыць ад сабакі найчысцейшай пароды. Тое ж і з коньмі і гэтак далей.
— Гэта праўда, — пацвердзіў Друцкі. — Але што адсюль вынікае?
— Прабачце, спачатку вы павінны прызнаць, што плод уплывае на маці.
— Ну, так.
— Таксама бясспрэчна, што дзіця наследуе ад маці розныя фізічныя і псіхічныя рысы. Праўда?.. А зараз крыху аналогіі і біялогіі. Вам вядома, што, напрыклад, зародак чалавека, як сведчаць вынікі самых скрупулёзных даследаванняў, на сваіх першых этапах, пачынаючы ад апладнення, нічым не адрозніваецца ад зародка рыбы, амфібіі і млекакормячых?
— Ведаю, ведаю, я знаёмы з тэорыяй Дарвіна і бачыў табліцу Гекеля[9].
— Тым лепей. Такім чынам, вы прызнаяце, што далейшае фарміраванне плода, а менавіта яго індывідуалізацыя адбываецца пад уплывам арганізма маці. Пад тэрмінам «арганізм» маецца на ўвазе як фізічны бок, так і псіхічны. Што ж, навука да сённяшняга дня афіцыйна падтрымлівае думку, што плод ужо на самым пачатку павінен мець а priori[10] сталыя псіхічныя рысы, таму што з маці ён звязаны толькі каналам, які носіць назву funiculus umbilicalis[11]…
— А пупавіна? — запярэчыў Друцкі.
— Менавіта, — усміхнуўся доктар Кунокі, — пра яе я і кажу. Усе эмбрыёлагі выключаюць магчымасць псіхічнага ўздзеяння маці на плод, таму што адзіная сувязь цалкам пазбаўлена нерваў. Разважанне, на першы погляд, слушнае: нервы не звязваюць плод з маці, таму ўздзеянне псіхікі маці і расстройстваў гэтай псіхікі падчас цяжарнасці не можа адбіцца на плодзе. Не ведаю, ці дастаткова ясна я гавару.
— Ясней не прыдумаеш.
— Тады, — працягваў японец, — угляданне, паводле гэтых вучоных, — нонсэнс. Відавочнасць гэтага сцвярджэння павінна, аднак, быць грунтоўна перагледжана з моманту адкрыцця мной электранейронаў у зярністых клетках Нісля[12], у пратаплазме нервовых клетак. Вы ведаеце, у чым сутнасць майго адкрыцця?
— Вельмі павярхоўна, — засаромеўся Друцкі.
— Яно заснаванае на выяўленні ў крыві і ва ўсім арганізме нервовых напаўматэрыяльных-напаўэнергетычных хваль, якія з’яўляюцца энергіяй, што пастаянна і незвычайна дакладна вагаецца, а вычэрпваецца толькі тады, калі зярністыя цельцы, што з’яўляюцца нібыта акумулятарамі гэтай энергіі, трацяць зарад і не атрымліваюць новы, а проста знікаюць. Гэта правакуе адміранне нервовых клетак і атрафію саміх нерваў. Дык вось, з моманту гэтага адкрыцця траціць сілу наіўная тэорыя нашых віталістаў, якія, не маючы нічога лепшага, задавольваюцца канцэпцыяй nisus formativus, альбо прадвызначэння авуляцыі і кірунку развіцця вышэйшымі сіламі.
— Гэта страшна мудрагеліста, — уздыхнуў Друцкі, — але мне здаецца, я разумею, пра што гаворка: з моманту вашага, доктар, адкрыцця навукова тлумачыцца факт углядання?
Доктар Кунокі паківаў галавой:
— На жаль, яшчэ не тлумачыцца. Ён можа быць толькі патлумачаны такім чынам, што маці мае псіхічную сувязь з уласным плодам, нягледзячы на адсутнасць нервовых валокнаў, якія маглі б звязваць іх. Калі я гаварыў пра тэлегонію, ці пра псаванне пародзістых самак, то таму, што яно дае нам нагляднае пацвярджэнне ўплыву плода на маці, уплыву настолькі моцнага, што ён захоўваецца да канца яе жыцця, і гэта яскрава адбіваецца на іншым яе патомстве. Чаму ў такім выпадку мы павінны адвяргаць думку пра адваротны ўплыў — маці на плод, пра ўздзеянне ўражанняў цяжарнай маці на канстытуцыю плода?
— Я сам свята веру ва ўгляданне, — сур’ёзна запэўніў Друцкі. — У мяне шмат прычын, якія замацавалі ўва мне гэтае перакананне. Нават…
9
Гекель Э. Г. (1834–1919) — нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст, прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч. Дарвіна.
12
Клеткі Нісля (