Выбрать главу

— Я пазнаёміўся, — пачаў ён, кашлянуўшы, — з доктарам Кунокі на міжнародным з’ездзе ў Лондане. І паколькі нас аб’ядноўвалі блізкія і ў некаторай ступені агульныя навуковыя інтарэсы, і доктар на сваёй радзіме не меў адпаведных умоў для даследаванняў, ён згадзіўся прыняць маё запрашэнне і правесці некалькі месяцаў у мяне.

Бруніцкі пастукаў пальцамі па стале і з выразным намерам змяніць тэму размовы спытаўся:

— Як твае справы?

— Дзякуй табе. Выдатна.

Ён расказваў пра «Аргенціну», пра сваю сістэму кіравання гэтай справай, але думкі яго былі занятыя новым, туманным і таямнічым пунктам у непразрыстым жыцці гэтага дома. Не, ён зусім не будзе пра гэта думаць. Навошта, для чаго? Ці мог бы ён неяк прымяніць свае адкрыцці, калі б нават да нечага і дайшоў?.. Канечне, не. Дзеля звычайнай цікавасці ён не паварушыў бы і пальцам. Аднак прадчуванне яму падказвала, што паслугі, якіх патрабуе ад яго Караль, і так усё выявяць.

А між тым, размова зноў скіравалася ў навуковы бок. Увага абодвух вучоных, відаць, надзвычай глыбока была засяроджана на гэтай галіне, каб надоўга магла ад яе адарвацца.

Гэта Друцкага не хвалявала. Ён шчыра цікавіўся ўсім тым, што адкрывала яму цалкам новыя гарызонты пазнання, няхай павярхоўнага і папулярызаванага да такой ступені, каб быць даступным для непрафесіянала.

Калі ён згадаў пра гэта, доктар Кунокі запярэчыў рухам галавы:

— Не, шаноўны, гэтыя галіны новыя не толькі для дылетантаў. Яшчэ мінуць гады, пакуль іх навізна стане штодзённасцю нават у біялагічных лабараторыях. Напрыклад, да сённяшняга дня біёлагі прытрымліваюцца гіпотэзы дэтэрмінацыі полу, якая не вытрымлівае крытыкі, пра гэта мы гаварылі ў холе.

— Вы маеце на ўвазе небам прадвызначанае патомства? — спытаўся Друцкі.

— Не зусім, — працягваў японец. — Сучасная генетыка сцвярджае, што пол плода закладваецца ўжо ў момант апладнення, карацей, у момант карыягаміі, калі адбываецца амфіміксіс…

— Злітуйцеся, — праенчыў Друцкі, я не ведаю гэтай тэрміналогіі!

Японец бездапаможна развёў рукамі ў бок прафесара. Той адразу патлумачыў з усмешкай:

— Доктар кажа пра момант пранікнення сперматазоіда ў яйцаклетку. Тады адбываецца змешванне храмасомных рэчываў клетак двух полаў…

— Так, так, — перарваў Друцкі, — я б вельмі хацеў зразумець. Што гэта за храмасомнае рэчыва?

— Менавіта, — стукнуў пальцам па стале японец, — яны вераць, што гэта субстанцыя ўтрымлівае спадчынныя сувязі. Іх гіпотэза сцвярджае, што ў яйцаклетцы абавязкова ёсць храмасома Х, а ў мужчынскім сперматазоідзе храмасомы двух тыпаў: Х або Y. Дык вось, на іх думку, сустрэча яйцаклеткі з мужчынскай палавой клеткай Х дае нам дзяўчынку, а з клеткай Y — дае хлопчыка! Разумееце?

Японец рассмяяўся, і прафесар таксама.

— А як на самай справе? — спытаўся Друцкі.

— Як на самай справе, мы яшчэ абсалютна дакладна не ведаем, — адказаў доктар Кунокі, аднак жа працяглыя даследаванні Паркеса, а таксама мае сціплыя намаганні паказалі, што пол плода закладваецца ва ўлонні маці пад уплывам двух фактараў. Першы — гэта жаночы гармон, ці фалікула, другі — гэта пралан, ці гармон гіпофізу мозга. Калі тэорыя акажацца слушнай, мы ўжо хутка здолеем з дапамогай адпаведных гарманальных уколаў самі загадваць пол плода.

— Нечувана! — збянтэжыўся Друцкі. — Такім чынам, кожная жанчына зможа, калі захоча, мець сына або дачку?

— Так.

— Цудоўна!

— Мала таго, — усміхнуўся японец, — дакладнае вывучэнне сакрэтаў усіх залоз дасць яшчэ больш сенсацыйныя вынікі. Калі вам захочацца, вы зможаце вырашаць, якім будзе рост, фізічная сіла, колер валасоў і скуры вашага патомства.

— Фенаменальна! І ўсё з дапамогай упырсквання тых ці іншых гармонаў?

— Канечне.

— Ну а ці можна будзе таксама ўплываць на развіццё розуму, на інтэлектуальны ўзровень дзіцяці?

— Я дапускаю, што тут таксама гармоны адыграюць сваю ролю. Урэшце, гэта ўжо і цяпер да пэўнай ступені магчыма шляхам прымянення гіпнозу…

— Я не разумею, — перарваў Друцкі.

— Гэта вельмі проста, — з усмешкай патлумачыў японец, — цяжарнай жанчыне ў гіпнатычным сне ўнушаюцца пэўныя ўражанні, якія, замацоўваючыся ў яе псіхіцы, уплываюць на фарміраванне псіхікі плода.

— Так, — уздыхнуў Бруніцкі, — але ты не думай, што ў гэтым поглядзе можна было дасягнуць хоць бы здавальняючых вынікаў.

— Чаму гэта?

— Бо, primo[13], гэтыя погляды застаюцца пакуль толькі тэорыяй, а secundo[14], яны не могуць быць правераныя на практыцы, таму што эксперыменты забаронены законам.

вернуться

13

Primo (лац.) — спачатку, па-першае.

вернуться

14

Secondo (лац.) — па-другое.