Залкінд схапіў яго за запясце:
— Зараз! Я разумею! Хвілінку… Ха, а я вам што, не давяраю? Сабе хутчэй не давяраў бы… Хвілінку, я павінен падумаць.
Госць утаропіўся ў падлогу і зморшчыў лоб.
— Гандаль не для вас, капітане…
— Ага, не для мяне…
— У мяне таксама ёсць фабрыка трыкатажу, але і гэта не для вас. Хм… я гандлюю лесам… О, на гэта ідзе шмат энергіі: падарожжы, выезды, патрэбны спрыт і прэзентабельнасць. У Белавежы ў мяне нават ёсць адна цяжкая справа з такімі Фаерсонамі. Намухлявалі яны мне з кантрактам. Справа не судовая, самому папацець прыйдзецца. Вы б ім далі рады. Справа на мільён. Што вы на гэта скажаце?
Друцкі падумаў і пакруціў галавой.
— Чаму не?
— Я хачу трохі адседзецца. Пазней — калі ласка…
— Капітане, — стаў падводзіць вынікі Залкінд, — што я вам скажу: вы толькі не хвалюйцеся. Я пэўна што-небудзь для вас знайду. Для вас з-пад зямлі выкапаю! Вы толькі пераедзьце з гэтага атэля і дбайце пра здароўе. Здароўе — гэта аснова.
Хаўруснікі дамовіліся, што заўтра Друцкі прыйдзе да Залкінда на абед. Паабедаюць удвух, бо Люба з дзіцем сядзіць у Рабцы, і ў іх будзе магчымасць свабодна пагутарыць.
На тым і разышліся.
Назаўтра Друцкі прачнуўся рана ў гуморы і выспаны. Выйшаў у горад у выдатным настроі і пачаў вандроўку па крамах: адзенне, абутак, паліто, капялюш, бялізна, гадзіннік, пальчаткі, іншыя дробязі, потым мыццё ў лазні на Кракаўскім[2] і тамсама цырульнік.
Вясёлы настрой не пакідаў яго ні на хвіліну. Яго вельмі забаўляла сенсацыйнае ўражанне, якое ўсюды выклікала яго знешнасць у элітных крамах, такая супярэчнасць з вытанчанасцю густаў і празмернай напускной высакароднасцю. Нарэшце, апрануты і пасвяжэлы, Друцкі пакінуў лазню, а на пытанне служкі, што ён збіраецца рабіць з пакінутым гардэробам, параіў адаслаць яго ў музей і выйшаў у горад.
Зусім іншым чалавекам ён цяпер сябе адчуваў на тых жа вуліцах! Аж сам здзівіўся гэтаму: бо столькі разоў такім чынам мяняў скуру! У Нью-Ёрку, калі ён вяртаўся з мора, у Сіднеі, пасля залатых вандровак, пасля выхаду з турмы ў Лісабоне, пасля авантуры ў Стакгольме — і неяк нідзе ў крамах не дзівіліся абадранцу, які купляе дарагія рэчы, нідзе на вуліцы не азіраліся на абадранца так, як тут, у Варшаве.
Зрэшты, Друцкі, магчыма, і сам іншымі вачыма глядзеў на гэты натоўп, раўнапраўным членам якога ён цяпер сябе адчуваў. А, ну і жанчыны. Яшчэ дзве гадзіны таму яны зусім яго не заўважалі, ба, ды ён і сам не звяртаў на іх увагі, а зараз…
Ён ішоў нетаропкім крокам, як на парадзе, і адчуваў, што прыцягвае да сябе позіркі гэтых прывабных, знаёмых істот, па-ранейшаму цікавых і жаданых.
— Ліха! Я ўсё яшчэ малады, — падумаў Друцкі з задавальненнем, прыкрытым смугой лагоднай згадкі.
Сапраўды, ён быў малады. Калі Друцкі сеў за столік у рэстаране і ўбачыў свой адбітак у люстэрку, ён аж здзівіўся сваёй маладосці. Дзякуючы пякельным мукам у апошнія два месяцы ён пахудзеў, а яго смуглая скура набыла бронзавае адценне ад салёнага ветру. Калі б не сівыя скроні, не даў бы гэтаму поўнаму жыцця чалавеку ў люстэрку больш за трыццатнік.
Друцкі з апетытам абедаў, разважаючы пра сваю сітуацыю. Праз столькі гадоў яго маглі б пазнаць, калі б не тое, што цяпер ён не носіць вусоў, ну і што ўвогуле ён моцна змяніўся. У рэшце рэшт, дакументы, якія пацвярджаюць амерыканскае грамадзянства, гарантуюць бяспеку.
Друцкі рассмяяўся сам сабе.
«Можна было б падумаць, што я трасуся за сваю шкуру. Аднак ці ж не я заўсёды знаходзіў прыгоды на сваю галаву?»
Ён заплаціў па рахунку, весела паразмаўляў з афіцыянтам і выйшаў.
Варшава вельмі змянілася.
Ён пазнаваў вуліцы, праўда, беспамылкова, але памятаў іх зусім іншымі. У тыя даўнія часы гэта была ледзь не правінцыйная глуш…
Пачаў падаць снег.
Друцкі зайшоў у кавярню, замовіў чорнай кавы і пачаў прыглядацца да наведвальнікаў. Найбольш было жанчын. Па дзве, па тры за столікам, ад сур’ёзных падлеткаў да хіхікаючых старэйшых дам, вельмі моцна нафарбаваных.
«Цікава, — падумаў Друцкі, — усе, можна сказаць, прыгожыя і ўсе з выгляду маладыя. Дзе падзеліся старыя і непрыгожыя жанчыны?.. Але і яркіх няма…»
З правага боку, пад калонай, сядзелі дзве брунеткі. Меншая, у шэрым футры, прагна паглынала пірожныя і атакавала Друцкага палымянымі позіркамі. З левага, пад акном, адзінокая стройная бландзінка бавіла час у чаканні кагосьці, хто відавочна спазняўся, паглядваннем то на гадзіннік, то на Друцкага. Прама перад ім большы столік займала кампанія з двух мужчын і адной жанчыны ў чорным бліскучым футры.
2
Кракаўскае прадмесце — прагулачны праспект Варшавы. Звязвае размешчаны на беразе Віслы гістарычны Стары горад з сучасным цэнтрам сталіцы Польшчы.