Выбрать главу

Успамінаючы пра тое, як у суседзяй раз лопнула і разварылася цэлая кілбаса, ён заснуў неспакойным сном. Яму прысьнілася, што ён паклікаў да сябе няўмеку кілбасьніка, і ў таго пры напіханьні лівернай кілбасы лопае кішка. Потым мясьнік забываецца зрабіць крывяную кілбасу, правала сьвіная галава. Потым яму прысьніўся палявы суд, і быццам яго злавілі, калі ён украў з паходнай кухні кусок мяса. Нарэшце ён убачыў сябе павешаным на ліпе, у прысадах вайсковага лягеру ў Бруку на Літаве.

* * *

Прачнуўся Швэйк разам з сонейкам, якое ўзышло ў паху консэрваў з усіх кухань. Ён машынальна, як быццам толькі-што скончыў гаварыць па тэлефоне, павесіў трубку і прарабіў па канцылярыі ранішні моціён. Пры гэтым ён сьпяваў. Пачаў ён зразу з сарэдзіны песьні, як салдат пераапранаецца ў дзявочае і ідзе да свае любай у млын, дзе мельнік кладзе яго спаць з сваёю дачкою і перад тым крычыць мельнічысе:

Падавай, старая, кашу, Пачастуй ты госьцю нашу.

Мельнічыха корміць нахабнага хлопца, а потым пачынаецца сямейная трагедыя.

Мельнік досьвіткам устаў, На варотах прачытаў: «Ваша дочка гэтай ночы Гонар страціла дзявочы».

Швэйк у канцы песьні даў такое forto, што ўся канцылярыя ажыла; старшы пісар Ванэк прачнуўся і запытаўся:

— Колькі часу?

— Хвіліну таму назад пратрубілі ранішнюю зору.

«Устану ўжо пасьля кавы, — надумаўся Ванэк, сьпяшацца было не ў яго натуры, — і бяз гэтага зноў будуць пароць гарачку, дарэмна ганяць, як учора па гэтыя консэрвы…»

Ванэк пазяхнуў і запытаўся:

— Ці доўга я яшчэ балбатаў, як вярнуўся дадому?

— Так толькі чутачку з дарогі, — сказаў Швэйк. — Вы ўвесь час разважалі самі з сабой пра нейкія формы, што форма ня ёсьць форма, а тое, што ня форма, ёсьць форма, і тая форма зноў ня форма. Але гэта вас хутка стаміла, і вы зразу пачал: храпці, як піла, калі пілуюць.

Швэйк змоўк, прайшоў да дзьвярэй і зноў да ложка старшага пісара, перад якім спыніўся і пачаў:

— Што асабіста да мяне, пан старшы пісар, то калі я пачуў, што вы гаворыце пра гэтыя формы, я ўспомніў пра ліхтарніка Затка. Ён служыў на газавай станцыі на Летне, і яго абавязкам было запальваць і тушыць ліхтары. Быў гэта асьвечаны чалавек і хадзіў па розных начных шынкох на Летне: паміж запальваньнем і тушэньнем ліхтароў шмат-жа часу. Потым, пад раніцу, на газавай станцыі ён вёў вось якраз такія размовы, як учора вы, напрыклад: «Гэтыя косьці для гуляньня, бо на іх бачу рэбры і грані я». Я гэта сваімі вушамі чуў, калі мяне раз адзін п‘яны паліцэйскі прывёў за незахаваньне чыстаты на вуліцы памылкова замест паліцэйскага камісарыяту на газавую станцыю. З часам, — сказаў Швэйк ціха, — гэты Затка скончыў вельмі дрэнна. Уступіў ён у конгрэгацыю сьв. Марыі, хадзіў з нябеснымі козамі[98] на казані патэра Амелькі да сьвятога Ігната на Карлаў пляц і забыўся, калі прыехалі місыонэры да сьв. Ігната, патушыць усе газавыя ліхтары, і там бесьперапынна тры дні і тры ночы гарэў газ на вуліцах. Бяда, — гаварыў далей Швэйк, — калі чалавек раптам пачне філёзофстваваць, — гэта заўсёды пахне белай гарачкай. Некалькі гадоў таму пазад да нас перавялі з 75-га палка майора Брюгера. Той заўсёды, бывала, раз у месяц зьбярэ нас, выстраіць у карэ і пачне разам з намі філёзофстваваць: «Што такое афіцэрская годнасьць»? Ён нічога апрача сьлівянкі ня піў. «Кожны афіцэр, хлопцы, — растлумачваў ён нам на дварэ казармаў, — зьяўляецца сам па сабе найдасканалейшаю істотаю, якая надзелена розумам у сто разоў большым, як вы ўсе разам узятыя. Вы ня можаце ўявіць сабе нічога больш дасканалага. як афіцэр, нават калі-б усё жыцьцё стараліся сабе гэта ўявіць. Кожны афіцэр ёсьць істота, неабходная ў той час як вы, радавыя, зьўяляецеся выпадковым элемэнтам, вы можаце існаваць, але не абавязаны. Калі-б справа дайшла да вайны і вы-б памерлі за гасудара імпэратара — вельмі добра! Ад гэтага шмат што не зьмянілася-б, але калі-б першым паў ваш афіцэр, тагды-б вы адчулі, у якой ступені вы ад яго залежыце і якая вялікая гэта страта. Афіцэр павінен існаваць, а вы існуеце толькі дзякуючы паном афіцэрам; вы ад іх паходзіце, вы бяз іх ня абойдзецеся, вы без начальства і п… ня можаце. Афіцэр для вас закон моральны — усёроўна, разумееце вы гэта ці не, з прычыны таго, што кожны закон павінен мець свайго законадаўцу, дык такім для вас зьяўляецца афіцэр, якому вы адчуваеце сябе ўдзячнымі і павінны быць удзячнымі за ўсё, і кожны бяз выключэньня яго загад павінен вамі выконвацца, незалежна ад таго, падабаецца вам ці не». А раэ, пасьля таго, як скончыў сваю прамову, ён стаў хадзіць уздоўж фронту і пытаць аднаго за другім, што ён адчувае, калі спозьніцца ў казарму. Ну, яму адказалі неяк няскладна, накшталт таго, што ці яшчэ не пазьніліся ці што ў выпадку спазьненьня яго пачынае нудзіць, а адзін адказаў, што ён, пасьля таго як спазьніўся, адрааў адчуў, што зусім застанецца бяз водпуску. Усіх гэтых тут-жа загадаў майор Блюгер адвесьці ў бок, каб потым яны за кару пасьля абеду на дварэ папрактыкаваліся ў вольнай гімнастыцы, за тое, што ня ўмеюць выказаць, што яны адчуваюць. Раней, чым чарга дайшла да мяне, я ўспомніў, пра што ён апошні раз гаварыў, і, калі ён падышоў да мяне, я зусім спакойна яму адказаў: «Асьмелюся далажыць, пан майор, калі я спазьнюся, я адчуваю ў сябе ў сярэдзіне якісьці непакой, страх і мукі сумленьня. А калі вярнуся сваячасова з гораду, — мяне ахапляе надзвычайны спакой, мяне апамоўвае ўнутраное задаваленьне». Усе наўкол разрагаталіся, а майор Блюгер на мяне закрычаў: «Цябе хіба, ёлап, клапы апаноўваюць, калі ты пухнеш ў сябе на ложку! Ён, сукін сын, яшчэ дурыцца!» — І закаціў мне такія шпанглі, што толькі трымайся.

вернуться

98

Гіронічная мянушка жанчын, членаў каталіцкіх конгрэгацый і наогул багамолак.