Выбрать главу

Мар’я Антонаўна. Я зусім не разумею, правошта самі кажаце; нейкі шалік… Сяньня якое дзіўное надвор’е.

Хлестакоў. А ў саміх губкі, спадарыня, лепшыя за ўсялякае надвор'е.

Мар’я Антонаўна. Самі ўсё гэнкае кажаце… Я-б у саміх папрасіла, каб самі мне напісалі лепш на ўспамін які вершык у альбом. Самі, пэўна, шмат іх ведаеце.

Хлестакоў. Для саміх, спадарыня, усё, што хочаце. Патрабуйце, які самім верш?

Мар’я Антонаўна. Які-небудзь, гэнкі — харошы, новы.

Хлестакоў. Ды што верш! Я багата іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Ну, скажэце-ж, які-ж самі мне напішаце?

Хлестакоў. Ды навошта-ж казаць! Я й бяз гэтага іх ведаю.

Мар’я Антонаўна. Я вельмі люблю вершы.

Хлестакоў. Ды ў мяне шмат іх усякіх. Ну, бадай, я самім хоць гэта. «О ты, што ў горы надарэмна клянеш на Бога, чалавек»… ну й іншае… цяперака не магу прыпамятаць, зрэшты, гэта ўсё дарма. Я самім лепш, заміж гэтага, прадстаўлю маё каханьне, якое ад саміх позірку… (Прысоўваючы крэсла).

Мар’я Антонаўна. Каханьне? Я не разумею каханьня… Я ніколі й ня ведала, што за каханьне… (Адсоўвае крэсла).

Хлестакоў[16]. Чаго ж самі адсоўваеце крэсла? Нам лепш будзе сядзець блізка адно да аднаго.

Мар’я Антонаўна (адсоўваючыся). Навошта-ж блізка? усёдна й далёка.

Хлестакоў (прысоўваючыся). Чаму-ж далёка? усёдна й блізка.

Мар’я Антонаўна (адсоўваецца). Ды навошта-ж гэта?

Хлестакоў (прысоўваючыся). Ды гэта-ж самім здаецца толькі, што блізка, а самі ўявеце сабе, што далёка. Які-б я быў шчасьлівы, спадарыня, каб мог прытуліць саміх у свае абдымкі.

Мар’я Антонаўна (глядзіць у вакно). Што гэта, так як быццам-бы паляцела? Сарока ці іншая якая птушка?

Хлестакоў (цалуець яе ў плячо й глядзіць у вакно). Гэта сарока.

Мар’я Антонаўна (устае ў вабурэньні). Не, гэта ўжо занадта… Нахабства такое!..

Хлестакоў (утрымваючы яе). Даруйце, спадарыня: я гэта зрабіў ад каханьня, чыста ад каханьня.

Мар’я Антонаўна. Самі ўважаеце мяне за гэткую правінцыялку… (Намагаецца йсьці).

Хлестакоў (усё ўтрымваючы яе). Ад каханьня, праўда-ж, ад каханьня. Я так толькі, пажартаваў, Мар’я Антонаўна, ня злуйце! Я гатовы на каленах прасіць у саміх дараваньня. (Падае на калены). Даруйце-ж, даруйце! Самі бачыце, я на каленах.

Зьява XIII

Тыя самыя й Ганна Андрэеўна.

Ганна Андрэеўна (пабачыўшы Хлестакова на каленах). Ах, які пасаж!

Хлестакоў (устаючы). Ах, ліхенька!

Ганна Андрэеўна (дачцы). Гэта што значыць, спадарыня, гэта што за абыходкі такія?

Мар’я Антонаўна. Я, мамуленька…

Ганна Андрэеўна. Пайшла прэч адсюль! чуеш, прэчкі, прэч! і ня важся паказвацца на вочы.

Мар’я Антонаўна выходзіць у сьлёзах.

Ганна Андрэеўна. Прабачце, я, прызнаюся, прыведзеная ў такое зьдзіўленьне…

Хлестакоў (набок). А яна таксама апэтытная, вельмі нішто сабе. (Кідаецца на калены). Спадарыня, самі бачыце, я чэзну ад каханьня.

Ганна Андрэеўна. Як, самі на каленах? Ах, устаньце, устаньце! Тутака падлога зусім ня чыстая.

Хлестакоў. Не, на каленах, найначай на каленах, я хачу ведаць, што такое мне суджана, жыцьцё ці сьмерць.

Ганна Андрэеўна. Ды дазвольце, я йшчэ не разумею зусім значаньня словаў. Калі ня мыляюся, самі робіце дэклярацыю што да мае дачкі.

Хлестакоў. Не, я закахаўшыся ў саміх. Жыцьцё маё на валасінцы. Калі самі не ўкарануеце сталае каханьне маё, дык я ня годны земнага быту. З полымем у грудзёх прашу рукі саміх.

Ганна Андрэеўна. Але дазвольце зазначыць; я ў некаторым родзе… я ў замужы!

Хлестакоў. Гэта дарма! Для каханьня няма розьніцы; і Карамзін сказаў: «Законы засуджаюць». Мы пададзёмся пад засень струмянёў… Рукі саміх, рукі прашу.

ЗЬЯВА XIV
Тыя самыя й Мар’я Антонаўна, раптам убягае.

Мар’я Антонаўна. Мамуленька, татуля сказалі, каб самі… (Пабачыўшы Хлестакова на каленах, скрыквае). Ах, які пасаж!

Ганна Андрэеўна. Ну, што ты? да чаго? навошта? Што за пуставейства такое! Раптам убегла, як кошка ўчадзеўшы. Ну, што ты знайшла такога дзіву годнага? Ну, што табе ўзманулася? Праўда-ж, як дзіцянё якое трохгоднае. Не падобна, не падобна, ані не падобна, каб ёй было васямнаццаць год. Я ня ведаю, калі ты будзеш разважнейшая, будзеш захоўвацца, як прыстойна добра ўзгадаванай дзеўчыне; калі ты будзеш ведаць, што такое добрыя правілы й саліднасьць у вабыходках!

вернуться

16

Далей у арыгінале «(придвигая стул)» — рэмарка не перакладзеная.