Выбрать главу
Купцы выходзяць.

Зьява ІІІ

Тыя самыя, Амос Хведаравіч, Арцём Піліпавіч, пасьля Растакоўскі.

Амос Хведаравіч (яшчэ ў дзьверах). Ці даць веры чуткам, Антоне Антонавічу? да саміх прываліла нязвычайнае шчасьце?

Арцём Піліпавіч. Маю гонар віншаваць ізь нязвычайным шчасьцем! Я сардэчна ўсьцешыўся, як пачуў. (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны). Мар’я Антонаўна!

Растакоўскі (уваходзіць). Антона Антонавіча віншую, хай прадоўжыць Бог жыцьцё саміх і новае пары і дасьць самім нашчадзі безьліч, унучанятаў і праўнучанятаў! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі Мар’і Антонаўны).

Зьява IV

Тыя самыя, Каробкін із жонкаю й Люлюкоў.

Каробкін. Маю гонар віншаваць Антона Антонавіча! Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі Ганны Андрэеўны). Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ейнае ручкі).

Каробкінава жонка. Сардэчна віншую саміх, Ганна Андрэеўна, з новым шчасьцем.

Люлюкоў. Маю гонар віншаваць, Ганна Андрэеўна! (Падыходзіць да ручкі й пасьля, адвярнуўшыся да гледачоў, пляскаець языком з удалецкім выглядам). Мар’я Антонаўна! Маю гонар віншаваць… (Падыходзіць да ейнае ручкі й абарочваецца да гледачоў з тым самым удалецтвам).

Зьява V

Мноства гасьцей у сурдутах і фраках падыходзяць спачатку да ручкі Ганны Андрэеўны, кажучы: «Ганна Андрэеўна!», пасьля да Мар’і Антонаўны, кажучы: «Мар’я Антонаўна!»
Бобчынскі й Добчынскі праціскваюцца.

Бобчынскі. Маю гонар віншаваць!

Добчынскі. Антоне Антонавічу! маю гонар віншаваць!

Бобчынскі. Із шчасьлівай падзеяю!

Добчынскі. Ганна Андрэеўна!

Бобчынскі. Ганна Андрэеўна!

Абодва падыходзіць адначасова й стыкаюцца ілбамі.

Добчынскі. Мар’я Антонаўна! (Падыходзіць да ручкі). Маю гонар віншаваць. Самі будзеце ў вялікім-вялікім шчасьці ў залатой сукні хадзіць і далікатныя розныя стравы смакаваць, вельмі пацешна будзеце бавіць час.

Бобчынскі (перапыняючы). Мар’я Антонаўна, маю гонар віншаваць. Дай Божа самім усялякага багацьця, чырванцоў і сыночка-ж гэнкага малесенькага, гэначкага-ж (паказвае рукою), каб можна было-б на далоньку пасадзіць, але-ж! усё будзе хлапчына кугакаць: ку-га! ку-га! ку-га!

Зьява VI

Яшчэ колькі гасьцей падыходзяць да ручак, і Лукаш Лукашовіч із жонкаю.

Лукаш Лукашовіч. Маю гонар…

Жонка Лукаша Лукашовіча (забягае наперад). Віншую саміх, Ганна Андрэеўна!

Цалуюцца.

А я дык, праўда-ж, — усьцешылася! Кажуць мне: «Ганна Андрэеўна выдае дачку». — «Ах, Божа мой!» — думаю сабе, і гэтак усьцешылася, што кажу мужу: «Слухай адно, Лукашэнчыку: вось якое шчасьце Ганьне Андрэеўне!» — «Ну, — думаю сабе, — дзякуй Богу!» — і кажу яму: «Я ў такім захапленьні, што гару зь нецярплівосьці асьветчыць асабіста Ганьне Андрэеўне»… «Ах, Божа мой! — думаю сабе: — Ганна Андрэеўна якурат чакала на добрую партыю для свае дачкі, а вось цяпер такі лёс: якурат гэтак зрабілася, як яна хацела», — і гэтак, праўда-ж, усьцешылася, што не магла гаварыць. Плачу, плачу, вось прост ад плачу заходжуся! Ужо Лукаш Лукашовіч кажа: «Чаго ты, Настуленька, заходзішся?» — Лукашэнчыку, — кажу, — я й сама ня ведаю, сьлёзы гэтак вось ракой і ліюцца.

Гараднічы. Шчыра прашу сядаць, спадары. Гэй, Міхалка, прынясі сюды як болей крэслаў[20].

Зьява VII

Тыя самыя, прыстаў і квартальныя.

Прыстаў. Маю гонар віншаваць саміх, ваша высокачэсьць, і пажадаць дабрабытнасьці на многалецьце!

Гараднічы. Дзякуй, дзякуй! Прашу сядаць, спадары!

Госьці ўсядаюцца.

Амос Хведаравіч. Ды скажэце, на ласку, Антоне Антонавічу, якім парадкам усё гэта пачалося, паступовы ход усяе справы.

Гараднічы. Ход справы надзвычайны: меў ласку сваеасабова зрабіць асьветчаньне.

Ганна Андрэеўна. Вельмі пачціва і саматонкім парадкам. Усё надзвычай добра казаў: «Я, Ганна Андрэеўна, з аднае толькі пашаны да саміх годнасьцяў». І так дасканалы, узгадаваны чалавек, самадабрароднейшых правілаў! «Мне, ці дасьцё веры, Ганна Андрэеўна, мне жыцьцё — капейка; я толькі таму, што шаную саміх рэдкія якасьці».

вернуться

20

Далей у Гогаля рэмарка «Гости садятся». У перакладзе прапушчаная.