Выбрать главу

Паштмайстар. Дзіўная рэч, спадары! Чыноўнік, якога мы ўзялі за рэвізора, быў ніякі не рэвізор.

Усе. Як не рэвізор?

Паштмайстар. Зусім не рэвізор — я даведаўся пра гэта зь ліста.

Гараднічы. Што, што самі кажаце, зь якога ліста?

Паштмайстар. Ды з собскага ягонага ліста. Прыносяць да мяне на пошту ліст. Зірнуў на адрыс — бачу: «на Паштамцкую вуліцу». Я гэтак і ўвамлеў. «Ну, — думаю сабе, — пэўна, знайшоў непарадкі ў паштовай галіне й паведамляе начальства». Узяў дый расьпячатваў.

Гараднічы. Як-жа гэта самі?

Паштмайстар. Сам ня ведаю, ненатуральная сіла пхнула. Заклікаў быў ужо кур’ера, каб выправіць яго із штафэтай, — але цікаўнасьць гэткая апанавала, якое йшчэ ніколі не пачуваў. Не магу, не магу, чую, што не магу! цягне, так вось і цягне! У вадным вуху так вось і чую: «Гэй, не расьпячатвай, загінеш, як курыца!», а ў другім як чарцюк які шапоча: «Расьпячатвай, расьпячатвай, расьпячатвай!» І як прыдушыў ляк — па жылах агонь, а расьпячатваў — мароз, дальбог, мароз. І рукі калоцяцца, і ўсё закаламуцілася.

Гараднічы. Ды як-жа самі адважыліся расьпячатваць ліст такое ўпаўнаважанай асобы?

Паштмайстар. То-ж бо й штука, што ён не ўпаўнаважаны й не асоба!

Гараднічы. А што-ж ён, самі думаеце, такое?

Паштмайстар. Ні сёе, ні тое; ліха ведае, што такое!

Гараднічы (запальчыва). Як ні сёе, ні тое? Як самі важыцеся назваць яго ні тым, ні сім, ды йшчэ й ліха ведае чым? Я саміх пад арышт…

Паштмайстар. Хто? самі?

Гараднічы. Але, я!

Паштмайстар. Закароткія рукі!

Гараднічы. А ці ведаеце, што ён жэніцца з маёй дачкою, што я сам буду вяльможа, што я ў самы Сібір[21].

Паштмайстар. Эх, Антоне Антонавічу, што Сібір, — задалёка Сібір! Вось лепш я вам прачытаю. Спадары! Дазвольце прачытаць ліст!

Усе. Чытайце, чытайце.

Паштмайстар (чытае). Сьпяшаюся паведаміць табе, душа Трапічкін, якія са мной дзівосы. На дарозе абчысьціў мяне дазваньня пяхотны капітан, так што гаспадар заезду хацеў ужо быў пасадзіць у турму; як раптам, з мае пецярбурскае фізіяноміі ды з касьцюму, цэлы горад узяў мяне за гэнэрал-губэрнатара. І я цяперака жыву ў гараднічага, жуірую, уганяюся на прамілы Бог за ягонай жонкай і дачкой; ня важуся толькі, ад каторае пачаць — думаю, перш ад матулі, бо, здаецца, гатовая зараз да ўсіх паслугаў. Памятаеш, як мы з табою гаравалі, абедалі на шармака й як аднойчы кандытар быў згробшы мяне за каршэнь, з прычыны зьедзеных піражкоў на конта прыбыткаў ангельскага караля? Цяперака зусім іншы зварот. Усе мне пазычаюць, колькі хаця. Арыгіналы страшэнныя, ад сьмеху ты памёр-бы! Ты, я ведаю, пішаш артыкулікі: зьмясьці іх у сваю літаратуру. Па-першае — гараднічы: дурны, як лысая кабыла…

Гараднічы. Ня можа быць! Там няма гэтага!

Паштмайстар (паказвае ліст). Чытайце самі.

Гараднічы (чытае). «Як лысая кабыла…» Ня можа быць, гэта самі напісалі!

Паштмайстар. Як-жаж бы я напісаў?

Арцём Піліпавіч. Чытайце!

Лукаш Лукашовіч. Чытайце!

Паштмайстар (чытаючы далей). «Гараднічы — дурны, як лысая кабыла».

Гараднічы. О, ліха матары! трэба йшчэ паўтараць! як быццам яно тамака й бяз гэтага не напісана.

Паштмайстар (чытаючы далей). Хм… хм… хм… «лысая кабыла. Паштмайстар таксама добры чалавек…» (Пакідаючы чытаць). Ну, тутака ён і пра мяне таксама нягожа выказаўся.

Гараднічы. Не, чытайце!

Паштмайстар. Ды навошта-ж?

Гараднічы. Не, ліха матары, калі ўжо чытаць, дык чытаць! Чытайце ўсё!

Арцём Піліпавіч. Дазвольце, я прачытаю. (Ускладае акуляры й чытае). «Паштмайстар — рыхтык дэпартамэнцкі стораж Міхееў, мабыць, таксама, падлюка, жлукціць горкую».

Паштмайстар (да гледачоў). Ну, падшыванец, якому задаць лупцоўку; больш нічога!

Арцём Піліпавіч (чытаючы далей). «Наглядачы над богугоднай устано… ва… ва…» (Заікаецца).

Каробкін. А што-ж самі спыніліся?

Арцём Піліпавіч. Ды нявыразнае пяро… Зрэшты, відаць, што гад.

Каробкін. Дайце мне! вось у мяне, я думаю, лепшыя вочы. (Бярэ ліст).

Арцём Піліпавіч (не дае ліста). Не, гэтую мясьцінку можна прапусьціць, а там далей рашчытваецца.

вернуться

21

Далей адно слова неразборліва.