Выбрать главу

— Як скрозь зямлю праваліліся, — дакладваў начальству малады рухавы капітан, якому даручылі гэтую справу.

Ён не падазраваў, што сказаў ледзь не праўду.

Ведаючы горад як свае пяць пальцаў, Селім і Хуары старымі дварамі і патаемнымі пералазамі выслізнулі за аколіцу. Гэтак жа непрыкметна прабраліся да руін турэцкай крэпасці. Усё навокал, здаецца, было ціха. Нават козы пасвіліся далёка, ля ўзарванай французскай вілы. Хуары асцярожна адсунуў кавалак іржавай бляхі і з хваляваннем зазірнуў у цёмную шчыліну. Але перш чым лезці ў нетры старых руін, Хуары кінуў туды сваю куртку — раптам там стаілася змяя, каб падпільнаваць мышэй ля ўвахода ў сутарэнне.

— Чаго ты? — нецярпліва сказаў Селім. — Лезем. Хуары зірнуў на яго з пагардай: няхай не забывае, хто тут цяпер галоўны.

— Запалкі не згубіў? — спытаў ён. — Даставай свечку.

Сутарэнне дыхнула на хлопцаў холадам і насцярожанасцю. Хуары ўспомніў колішнюю параду Акліля і сплёў на левай руцэ пальцы крыжыкам. У правай ён трымаў кавалак трубы. Селім чыркнуў запалкай і запаліў свечку. Ён часта дыхаў, азіраўся. На ўсякі выпадак Хуары пастукаў трубой па сцяне і асцярожна рушыў у глыб сутарэння. Падобна было, што тут нехта быў: праход быў загароджаны знаёмымі Хуары дзверцамі ад італьянскага грузавіка. Нават і агонь іх не ўзяў, яны толькі крыху пакарабаціліся і пачарнелі. Хуары пачаў паціху адсоўваць нечаканую перашкоду. Селім дапамагаў. Але дзверцы раптам саслізнулі з каменя і так грымнуліся, што хлопцы адхіснуліся, як ад выбуху.

— А, каб цябе шайтан! — з вохканнем прамовіў Хуары, бо добра выцяўся патыліцай аб камень. — Няўклюда! Палі свечку!

Селім моўчкі памацаў каля сваіх ног — свечка не толькі патухла, але і вывалілася з рукі. Чыркнула запалка, за ёй другая. Нарэшце зноў трапяткі язычок полымя свечкі лізнуў каменную столь.

— Свяці сюды, — Хуары сеў на кукішкі перад нішай, над якой узвышаўся каменны леў.— Ну, бачыш?

Селім паторкаў у нішу кавалкам трубы. Сапраўды, падобна на тайнік.

— Сюды б добры зарад толу, — паважна прамовіў ён. — Янычар…

Ён не паспеў скончыць фразы. Рот яму нехта заціснуў, бы абцугамі. У нос патыхнула тытунёвым дымам і рыбай.

«Паліцыя!» — чамусьці падумалася Селіму. Ён упаў на калені, але яго тут жа ўзнялі і страсянулі. Хуары таксама быў схоплены.

— Ні гуку! — папярэдзіў іх сіплаваты мужчынскі голас, хаця яны і так толькі глуха мычалі.

Хлопцаў паставілі тварам да сцяны і асвяцілі электрычным ліхтарыкам. Селім машынальна азірнуўся на яркае святло і прамовіў узрадавана:

— Халід! Гэта ж я, Селім.

— Маўчаць! — загадаў мужчына з сіплаватым голасам і кінуў свайму напарніку, у якім Селім прызнаў знаёмага: — Зірні, што ў кішэнях шчанюкоў.

Хуары адчуў, як яго кішэні спрытна выварочваюць, на дол вываліліся ўсе скарбы — дзве галеты, запалкі, ножык, кашалёк з дынарамі, частка якіх належала Аклілю…

— А падзівіся, што ён за пазухай трымаў! — усклікнуў Халід.

— Ого! — Сіпаты вылаяўся. — Міна? Дык яны ж тут узрываць збіраліся, шчанюкі!

Хуары заплакаў. Чужыя жорсткія пальцы сціснулі яму сківіцы: «Ціха!»

— Кашалёк, — мармытаў Хуары, вырываючыся, і адразу адчуў, як лязо нажа ўкалола яму шыю.

— Ціха! — паўтарылі яму, піхнулі да сцяны. Селіма таксама абшукалі. Потым той, каго Селім апазнаў, нешта зашаптаў сіпатаму.

— Жыццё надакучыла? — сіпла прагучала ў адказ. — Ды хай хоць твой родны брат, а не сваяк сябра. Інакш сам не будзеш жыць.

— Не кажы так, Рамдан, — прамармытаў Халід. — Селіма я ведаю. Ён наш і будзе трымаць язык за зубамі.

— А з другім што рабіць?

— Як скажаш, Рамд, ты старшы.

— Ага, сам хочаш чысценькім застацца! Цягні іх да вады. А тут усё павінна быць ціха і чыста.

— Адпусціце мяне, — заскуголіў Селім. — Халід, клянуся алахам, я не ведаў, што тут вы. Гэты, — тыцнуў Селім у бок Хуары, — кажа: знайшоў клад Аруджа… Бажуся, буду маўчаць.

— Абодвух, — прасіпеў Рамдан. — Завяжы ім вочы. А пікне каторы, пакладзі ў рот камень. Чулі, шчанюкі? Павядзём вас да сейіда, ён усыпле вам як след, а потым пасадзіць у чулан, каб помнілі, як цягацца па сутарэннях… Не, я сам іх дастаўлю, а ты, Халід, застанешся тут. Зразумеў?

З завязанымі вачамі хлопцаў паштурхалі ўніз, да мора.

— Ціха, сказана! — час ад часу сіпеў ім у патыліцу канваір. І хаця Хуары вельмі хацелася здзерці з твару павязку і з крыкам рынуцца да шашы, ён цягнуўся туды, куды яго піхала чужая моцная рука. «Каб цябе разарвала! — жадаў канваіру Хуары. — Пратні цябе алах сваім нябачным кап'ём, бандзюга! Хай будзе гора ўсім тваім родзічам!»

Гэтак жа пакорліва ён палез у лодку. «Здраднік», — падумаў ён пра Селіма. І востра, да балючага шчымлення ў грудзях, адчуў, што зусім адзінокі на белым свеце.

31. СЯРОД СКАРПІЁНАЎ

Акенца было маленькае, без шкла, адтуль Вільнаву моцна дзьмула ў спіну. Але адсунуцца некуды — з аднаго боку гэтыя двое, з другога — на каменнай падлозе — скурчыўся стары. «Хутчэй бы ўжо ноч, — думаў Вільнаў, паляпваючы сябе рэбрамі далоняў па сцёгнах, каб не так млелі ногі.— Мы тут, нібы перад сусветным патопам, і чакаем не дачакаемся свайго каўчэга. Хто будзе Ноем? Стары? А раптам гэта Харон і наперадзе Стыкс?»1 У Вільнава суседзі і будучыя спадарожнікі не выклікаюць ніякага даверу, не падабалася і тое, як яны прымчалі на востраў. Спачатку пажылы, мсье Гедыфі, з гэтым давялося сустракацца па справе, а потым маладзейшы. Яго з'яўленне прыкметна напалохала Гедыфі, нават ніжняя губа адвісла, як у старога вярблюда. Нешта яны там, у горадзе, нарабілі, калі так паспешліва прымчалі сюды. А раптам следам з'явіцца паліцыя? Каб ведаў раней пра гэтую сітуацыю, шукаў бы іншай магчымасці выслізнуць з Алжыра. Але вось гэты самы мсье Гедыфі і запэўніў жа некалі: у яго самы надзейны спосаб перабрацца на той бок граніцы.

Вільнаў скасавурыўся на свой невялікі сакваяж.

Падобныя цягаюць з сабой пенсіянеры, калі ідуць пагрэцца на пляж. У яго там таксама зверху ляжаць ручнік, некалькі газет, пачак цыгарэт і старая панамка. Нічога, пачаў ён суцяшаць сябе, засталося пацярпець якія тры-чатыры гадзіны. Надвор'е, здаецца, таксама спрыяе — пляжы пустыя, віхурыць пясок, а калі сцямнее, вецер пераменіць напрамак, з мора пагоніць хвалю — вунь як насоўваюцца хмары з Еўропы. Толькі б не перакулілася лодка, калі гэты Ной павязе іх да шхуны кантрабандыстаў. Яму, Вільнаву, нават паабяцалі, што будзе не шхуна, а невялікая падводная лодка. Так было б, канечне, больш спакойна, каб субмарына. Ну, ды нічога. Некалькі гадзін рызыкі — а там нейтральныя воды. Куды прасцей, чым пераправіць старажытнарымскія манеты з багажом праз таможню. Дый тое, што ў сакваяжы, не пранесці пад выглядам дзіцячых цацак. У гэтых старажытных статуэтках фунтаў сорак чыстага срэбра. Ды яшчэ скрутак з карцінамі Сезана. Барон Прорак будзе задаволены. Да таго як французам давялося падпісаць пагадненне з алжырцамі, мсье барону і ў галаву не прыйшло б, што мясцовыя ўлады перашкодзяць яму нешта вывозіць адсюль. Тым болей рэчы, знойдзеныя ў час раскопак у Абалесе. Ды ён, каб захацеў, мог бы саму грабніцу мадам Цін-Хінан разабраць на камяні і перацягнуць куды ўздумаецца — хоць у Марсель, хоць за Атлантычны акіян. Дарэчы, статуэткі лепей і не паказваць у Еўропе, а адразу пераадрасаваць у Злучаныя Штаты.

Яшчэ Вільнаў быў вельмі незадаволены тым, што на востраў прыцягнулі нейкіх хлапчукоў. Таксама збіраюцца перапраўляць за мяжу? Укралі, ці што? Як заложнікаў? І мсье Гедыфі раззлаваўся, калі іх нейкі тып прывалок з таго берага, уласнаручна запхнуў у пячору, дзе ў гэтага старога склад для рыбы, і дзверы падпёр… «Хутчэй бы ўжо сцямнела ды выбрацца адсюль… Няхай бы самі рашалі свае праблемы», — заключыў Вільнаў, працягваючы, як заведзены, церці сабе ногі.

вернуться

1

Ной — у старажытнаяўрэйскай міфалогіі — чалавек, які цудам уратаваўся ў часе сусветнага патопу;

Стыкс — у старажытнагрэчаскай міфалогіі — рака, за якой быццам пачыналася падземнае царства памершых людзей;

Харон — перавозчык памёршых праз гэтую раку.