Выбрать главу

Пётр Іванавіч уздыхаў і чакаў, калі яна высмаркаецца. Калі яна высмаркалася, ён сказаў:

— Паверце...— і зноў яна загаварыла і выказала тое, што было, мабыць, яе галоўнай справай да яго; справа гэта заключалася ў пытаннях аб тым, як бы з выпадку смерці мужа дастаць грошай у казне. Яна зрабіла выгляд, што пытаецца ў Пятра Іванавіча парады адносна пенсіёна; але ён бачыў, што яна ўжо ведае да драбніц і тое, чаго ён не ведаў: усё тое, што можна выцягнуць з казны ў выпадку гэтае смерці; але што ёй хацелася дазнацца, ці нельга як-небудзь выцягнуць яшчэ болей грошай. Пётр Іванавіч пастараўся выдумаць такі сродак, аднак, падумаўшы крыху і дзеля прыстойнасці палаяўшы наш урад за яго скупасць, сказаў, што, здаецца, больш нельга. Тады яна ўздыхнула і, мусіць, пачала прыдумваць сродак, як пазбавіцца свайго наведвальніка. Ён зразумеў гэта, патушыў папяроску, устаў, паціснуў руку і пайшоў у пярэдні пакой.

У сталовай з гадзіннікам, якому Іван Ільіч быў гэтак рады, што купіў у брыкабраку, Пётр Іванавіч сустрэў свяшчэнніка і яшчэ некалькіх знаёмых, якія прыехалі на паніхіду, і ўбачыў знаёмую яму прыгожую паненку, дачку Івана Ільіча. Яна была ўся ў чорным. Талія яе, вельмі тонкая, здавалася была яшчэ танчэйшая. Яна мела змрочны, рашучы, амаль гнеўны выгляд. Яна пакланілася Пятру Іванавічу, як быццам ён быў у чымсьці вінаваты. За дачкою стаяў з гэткім жа пакрыўджаным выглядам знаёмы Пятру Іванавічу багаты малады чалавек, судовы следчы, яе жаніх, як ён чуў. Ён паныла пакланіўся ім і хацеў быў прайсці ў пакой мерцвяка, як раптам з-пад усходаў паказалася постаць гімназісціка-сына, дужа падобнага да Івана Ільіча. Гэта быў маленькі Іван Ільіч, якім Пётр Іванавіч памятаў яго ў Правазнаўстве. Вочы ягоныя былі і заплаканыя і гэткія, якія бываюць у нячыстых хлопчыкаў трынаццаці-чатырнаццаці гадоў. Хлопчык, убачыўшы Пятра Іванавіча, пачаў сурова і сарамліва моршчыцца. Пётр Іванавіч кіўнуў яму галавой і зайшоў у пакой мерцвяка. Пачалася паніхіда — свечкі, стогны, слёзы, усхліпванні. Пётр Іванавіч стаяў пахмурны і пазіраў на ногі перад сабой. Ён ні разу не зірнуў на мерцвяка і да канца не паддаўся настрою і адзін з першых выйшаў. У пярэднім пакоі нікога не было. Гарасім, буфетны мужык, выскачыў з пакоя нябожчыка, перакідаў сваімі дужымі рукамі ўсе футры, каб адшукаць футра Пятра Іванавіча, і падаў яго.

— Што, браток Гарасім? — сказаў Пётр Іванавіч, каб толькі сказаць што-небудзь.— Шкада?

— Божая воля. Усе там будзем,— сказаў Гарасім, выскаляючы свае белыя, суцэльныя мужыцкія зубы, і, як чалавек у часе гарачае працы, жвава адчыніў дзверы, гукнуў фурмана, падсадзіў Пятра Іванавіча і скокнуў назад да ганка, нібы прыкідваючы, што б яму яшчэ зрабіць.

Пятру Іванавічу асабліва прыемна было дыхнуць чыстым паветрам пасля паху ладану, трупа і карболавае кіслаты.

— Куды загадаеце? — спытаў фурман.

— Не позна. Заеду да Федара Васільевіча.

I Пётр Іванавіч паехаў. I сапраўды, застаў іх за заканчэннем першага робера, таму было яму зручна падключыцца пятым.

II

Былая гісторыя жыцця Івана Ільіча была самая простая і звычайная і самая жахлівая.

Іван Ільіч памёр сарака пяці гадоў, членам Судовае палаты. Ён быў сын чыноўніка, які зрабіў у Пецярбургу па розных міністэрствах і дэпартаментах тую кар’еру, якая даводзіць людзей да таго становішча, пры якім хаця і зразумела, што выконваць якую-небудзь істотную пасаду яны не здатны, яны ўсё ж па сваёй доўгай і былой службе і сваіх чынах не могуць быць выгнаны і таму атрымліваюць выдуманыя фіктыўныя месцы і нефіктыўныя тысячы, ад шасці да дзесяці, з якімі яны і дажываюць да глыбокае старасці.

Гэткім быў тайны саветнік, непатрэбны член розных непатрэбных устаноў, Ілья Яфімавіч Галавін.

У яго было тры сыны. Іван Ільіч быў другі сын. Старэйшы зрабіў гэткую ж кар’еру, як і бацька, толькі па іншым міністэрстве, і ўжо блізка падыходзіў да таго службовага ўзросту, калі набываецца гэтая інерцыя пэнсіі. Трэці сын быў няўдачнік. Ён у розных месцах усюды нашкодзіў сабе і цяпер служыў па чыгунках: і ягоны бацька, і браты, і асабліва іх жонкі не толькі не любілі сустракацца з ім, але без пільнае патрэбы і не ўспаміналі пра ягонае існаванне. Сястра была за баронам Грэфам, гэткім жа пецярбургскім чыноўнікам, як і ягоны цесць. Іван Ільіч быў le phenix de la famille [1], як казалі. Ён быў не такі халодны і акуратны, як старэйшы, і не такі рызыкоўны, як малодшы. Ён быў сярэдзіна паміж імі — разумны, дзейны, прыемны і прыстойны чалавек.

Выхоўваўся ён разам з малодшым братам у Правазнаўстве. Малодшы не скончыў і быў выгнаны з пятага класа, Іван жа Ільіч добра скончыў курс. У Правазнаўстве ён ужо быў тым, чым ён быў потым усё сваё жыццё: чалавекам здольным, вясёла-дабрадушным і таварыскім, хаця заўсёды строга выконваў тое, што лічыў сваім абавязкам; абавязкам жа ён сваім лічыў усё тое, што лічылі абавязкам і найвышэй пастаўленыя людзі. Ён не быў ліслівым ні хлопчыкам, ні потым дарослым чалавекам, але ў яго з самых маладых гадоў было тое, што ён, як муха да святла, цягнуўся да найвышэй пастаўленых у свеце людзей, засвойваў сабе іх прыёмы, іх погляды на жыццё і з імі наладжваў сяброўскія адносіны. Усе захапленні маленства і маладосці прайшлі для яго, не пакінуўшы глыбокага следу; ён аддаваўся і пажадлівасці і пыхлівасці, і — пазней, у вышэйшых класах — ліберальнасці, аднак усё у пэўных межах, якія дакладна падказвала яму ягонае пачуццё.

вернуться

1

гонар сям’і (франц.).