Выбрать главу

I цяпер я зайздрошчу толькі тым паэтам, над якімі, акрамя слова, не ўладная ніякая іншая сіла.

Апалінэр — такі паэт...

«Мяне ў Парыж ты правяла...»

Пра жанчын ён ведаў, здаецца, усё. Асабліва пра тых капрызніц, якія разлюбілі, якія пакідаюць, якіх ужо нічым не ўтрымаеш — ні базарнай драбязою падарункаў, ні кветкамі, ні кампліментамі, ні паэзіяй, ні сваім балючым каханнем. Ведаў, што ўтрымліваць не варта, бо гэта заўсёды на шкоду. Трэба зацяцца і маўчаць, трэба перацярпець пакуту, каб не згубіць сябе для галоўнага. Трэба па-сялянску працаваць, пакідаючы на сон і яду некалькі гадзін, бо галоўнае для паэта — паэзія.

Ах, як трапна сказаў Клод Ланцье: «Дзеля праклятага жывапісу я магу задушыць бацьку і маці». Так, дзеля праклятага жывапісу, дзеля той жа праклятай паэзіі... Вядома, прызнанне літаратурнага героя, да таго ж мастака-няўдачніка, не трэба разумець літаральна. Гэта метафара, у якой — жывая кроў мастакоўскай страсці і ў якой жорсткі напамін — мастак павінен жыць творча, каб толькі творчасцю адольваць самоту.

I каханую, якая так і не вернецца, трэба штодзённа вяртаць праз творчае цярпенне, якое абавязкова аздобіцца парнаскім снегам і пераможным пальмавым лісцем.

Зрэшты, самота нявечная, яна адыдзе ў самы дальні куток памяці, бо з'явіцца новае каханне. З'явіцца жанчына, у харастве якбй самая нячутная будзе струна эгаізму.

З'яўленне Жаклін — перадсмяротнае суцяшэнне Апалінэру, турэмная ўсмешка Джаконды...

Юны славянскі век заўсёды варагуе з лацінскай старасцю. Водгулле гэтай спрадвечнае варажнечы не змаўкала ў душы паэта да астатняга дня. I ён памёр у свае трыццаць восем не з акопнае раны і не ад іспанскага грыпу, а якраз таму, што юны славянскі век перамог у ім лацінскую старасць.

Літаратурныя матэрыялісты, вядома ж, пасмяюцца з такога тлумачэння Апалінэравай смерці. Ім цяжка ўявіць, што юны славянскі век, гэты шалёны падлетак усё яшчэ не спазнаў рацыянальнай запаволенасці, што ён узрос на нервовых рыфмаваных рытмах і на палыновай неўладкаванасці, якая вельмі часта прачынаецца ў паэце, у якім хоць кропля славянскай крыві, ранняй смерцю.

Прадчуваючы сваю раннюю смерць, Апалінэр спяшаўся пісаць і пісаў з асалодаю. Вершы, паэмы, эсэ, навелы, раманы. драмы, рэцэнзіі, артыкулы, нататкі з вернісажаў, фельетоны, маніфесты, футуралагічныя тэксты, візуальную лірыку, нават крытычныя і вершаваныя містыфікацыі, калі выступаў у друку ад імя жанчыны, і, нарэшце, любоўныя лісты (самае цудоўнае, што можа стварыць паэт!) — такі ягоны жанравы акіян, на берагах якога і па сёння свецяцца жамчужыны чытацкіх здагадак і меркаванняў. Пражыві ён яшчэ хоць некалькі год — з'явіліся б і кінасцэнарыі, бо ён любіў кіно, бо ён верыў, што мастацтва рухомых ценяў дасць паэзіі новае бачанне. Не трэба асаблівай крытычнай праніклівасці, каб зразумець, што ягоныя паэмы «Зона», «Прывід воблакаў», «Музыкант з Сен-Мэры» — перш за ўсё маналагічныя сцэнарыі, на жаль, яшчэ не ўвасобленыя на экранным палатне...

Калі паміж творчасцю і жыццём не існуе ніякае мяжы, тады ўсё метафізічнае набывае прывабную рэчыўнасць і надыходзіць пара найбольшае артыстычнае ўдачы. Тады можна выведваць самыя розныя таямніцы з рамантычных фаліянтаў Мюсэ і Лямарціна, а сваю прозапаэзію весела ствараць на бесклапотных рэстаранных рахунках.

I можна таксама без асаблівага этыкету заходзіць у прывідны музей сімвалізму і гарэзліва дэманстраваць там свае густа спісаныя рукапісы, не зважаючы на асноўнае папярэджанне Стэфана Малармэ: паэту трэба баяцца паперы, бо яна заусёды прымушае вымавіць лішняе слова.

Болей таго, можна пасмяяцца з гэтага аграфічнага папярэджання: ці не прыгожанькі афарызм? ці не рабскае перайманне вопыту Валантэна Канрара [4]? ці не самая вялікая пісьменніцкая самаахвярнасць?..

Ведаючы, што Малармэ не вызначаў прадмет, а імкнуўся гіпнатычна ўнушыць яго, што для Малармэ не існавалі паняцпе і значэнне прадмета (ці амаль не існавалі), — існавала толькі музыка, можна яшчэ бяскрыўдна пакпіць і з разнамоўнай кагорты яго прыхільнікаў: ці ж магчыма, не вывучыўшы французскую мову, зразумець і палюбіць паэзію Малармэ, калі ў ёй гучанне слова ставіцца вышэй за яго сэнс?!

Дык вось, усё можна і ўсё эстэтычна дасягальна, калі паміж творчасцю і жыццём не існуе ніякае мяжы; калі элегантнасць паходкі супадае з элегантнасцю думкі; калі новы гальштук прыносіць тую ж асалоду, што і новы радок!

У прывідным музеі сімвалізму надыходзіла й шкадаванне. Параўноўваючы паветраныя тэксты Малармэ з метафарычным аскетызмам Жуля Рэнара, Апалінэр шкадаваў: тое, што настаўнік сімвалістаў мог цудоўна напісаць, ён цудоўна прагаварыў сваім вучням і, стварыўшы з сябе літаратара-легенду, амаль што знішчыў сябе як літаратара-практыка.

вернуться

4

Валантэн Канрар (1603—1675) — пісьменнік, выдатны стыліст, сакратар Французскай Акадэміі.