Выбрать главу

Ноч спалі ў сасонніку спакойна.

18.ІV.45г.

З раніцы перайшлі ў першы эшалон. Наперадзе, паралельна Одэру, рака (Альдотэр). Перад ракой – хутар. Там немцы. Б’ю фугаснымі. Немцы з хутара бягуць. Б’ю па іх асколачнымі.

Цікава[4].

Едзем да рэчкі. Чатыры гадзіны ляжым на шашы – страляем па танках. Некалькі машын гараць – хто з нас іх падбіў, паспрабуй разбярыся.

Пад’язджаем да рэчкі Пераправа.

Па той бок рэчкі Агнявая.

Наступленне. Пяхота пайшла...

Ага, унь дзе “прамушка” іхняя, якая па нас лупіла! Пасылаю шэсць снарадаў.

Накры-ыў-ў!!!

Маёнтак. Агнявыя перад палянай. Агнявыя – нямецкія, фрыцы пакінулі паляну гадзіну таму. Унь валяецца акрываўлены папяровы бінт, панікеліраваныя нажнічкі, пярэстая плашч-палатка, некалькі «панцырфаустаў». Нажнічкі піхаю сабе ў сумку, бяру лапатку, выкідваю бінты, падганяю ровікі пад свой густ. Устанаўліваем гармату.

Паляну раптам перасякае зноў рота фрыцаў у стракатых плашч-палатках. З усяе батарэі толькі я паспяваю паставіць гармату на агнявую. Пакуль круціў рычагі ствала, паспеў заўважыць: параніла ў жывот малодшага лейтэнанта, камандзіра нашага ўзвода. Шкада хлапца. Культурны быў чалавек, справядлівы, добры – ленінградзец. Не паспеў запомніць яго прозвішча...

Ствол наведзены. Немцы ўсё бягуць, быццам спецыяльна высыпалі перад маёй гарматай. Бяру прыцэл – пералёт! Другі снарад – міма! Трэці – у самую гушчу. На вачах батальёнаў пяхоты выбух (асколачнага снарада) зноў падымае немцаў у паветра...

Усе рагочуць. Радасна на душы – герой, куды там!

Рухаемся далей. Танкі выходзяць на аператыўную прастору. Абарона на гары перад чыгункай, дзе нас, напэўна, зменяць ды адвядуць у другі эшалон.

20.ІV. 45г.

Мы ў тыле.

Голімся, мыемся, чысцім вопратку і абутак. Драім гармату. Апавядаем, выхваляемся, жартуем, пішам пісьмы, спім. Нечаканасць: немцы наляцелі!

Аднекуль вырваліся два іхнія знішчальнікі (чорныя, вёрткія!). Носяцца надта высока, а ўсе дзівяцца: з таго свету яны, ці што? За адным і другім неўзабаве вырастаюць чорныя шлейфы (здаецца, і зеніткі мала стралялі!), самалёцікі апісваюць на глыбокім і сінім небе вялізную дугу і на гарызонце ўразаюцца ў лес. Во, гэта вам за сорак першы, атрымлівайце!..

21.ІV-45г.

Ідзём далей. Насустрач крочаць немцы здавацца ў палон – у касках, з ранцамі. За кюветамі ляжаць параненыя, але ніхто імі не цікавіцца. Навокал, як стол, раўніна. Зямля, відаць, ураджайная, зводдаль цагляныя домікі з дахоўкай маркоўнага колеру – як у Заходняй Польшчы. Ад Берліна, кажуць, усяго дваццаць кіламетраў. Проста не магу гэтаму паверыць. Гм, і праўда, самае цяжкае – пачатак.

Выклікае камбат. Мяне прадставілі да звання Героя Савецкага Саюза (і на яго пакінула ўражанне сцэнка, як я клаў снарады ў гушчу немцаў, калі перасякалі паляны!). А мне не верыцца, каб з прадстаўлення гэтага нешта выйшла. «Заходнік», Штутгоф. Апавядаю камбату пра выпадак з начальнікам разведкі дывізіі – капітанам Бойчанкам. Кучэрын супакойвае. У душы з ім усё не згаджаюся. Ды і мала маю яшчэ заслуг. У батарэі я, напрыклад, у параўнанні з сяржантам Марозавым – навабранец, без году тыдзень.

22.ІV.45г.

Берлін. Вось ён – нарэшце!!!

Кідаюцца ў вочы тысячы белых прасцін. Яны звісаюць з вокнаў, балконаў, дзвярэй, дахаў, слупоў, будак і, здаецца, што нават – з неба. Гэтыя прасціны трэба так разумець: немцы канчаткова здаюцца. Наперадзе грукат артылерыі, слабая перастрэлка. Уразаецца ў вочы вулічная сцэнка. Ля піўной палаткі – загарэлы, але і брудны, узлахмачаны наш салдат з бутэлькай. Закінуўшы галаву ў неба, баец, забыўшыся пра ўсё на свеце, проста з рыльца каўтае піва. Збоку пакорна стаіць палонны немец, адкаркоўвае наступную бутэльку і паслужліва салдату падае…

26.ІV.45г. Чацвёрты дзень у Берліне. Раніцой пачалі мяняць пазіцыі. Вока ў вока сутыкнуўся з камандзірам палка. На мне – ладная і цёплая куртачка, дабытая ў медсанбаце пры лячэнні. Зінчанка[5] на мяне накрычаў: апрануты не на форме. Шкада курткі, давядзецца каму-небудзь аддаць...

Вяртаемся ў тыл дугой. Пераязджаем назад да канала – недалёка ад таго нямецкага лазарэта і тых заводаў (што я меў на ўвазе, цяпер не памятаю!). Па дарозе на світанні спаткаў Пааса (Яфіма) з мінамётнай[6]. Сфатаграфаваў мяне[7]. Паказвае гармонік, смехам бяру. Развітваемся.

вернуться

4

З-за ляноты не апісаў важнае здарэнне. Нават цяпер памятаю, як перад гарматай выскачыла вялікая група немцаў. Удалося яе лёгка разграміць. Біў прамой наводкай. Выбухамі снарадаў гітлераўцаў высока падкідвала.

вернуться

5

Ф. М. Знічанка – камандзір 756-га стралковага палка. Потым стаў камендантам рэйхстага. Зараз – пенсіянер, жыве ў Чаркаску.

вернуться

6

З Яфімам Паасам у Гродне мяне разам прызывалі ў армію. Паас потым скончыў у Варшаве архітэктурны інстытут, адбудоўваў Старэ Мяста.

вернуться

7

Размова пра здымак, дзе ля гарматы граю на губным гармоніку. Ён ды фота са шпіталя –толькі і засталіся ў мяне з арміі.