Выбрать главу
Каб падчас не затрымалі залежы, Каб паводцы графік не размыць, Каб своечасова адгружаліся Мірныя, вясновыя грамы.
Тут у ноч чаромхавую, белую Ходзіць май сп'янелы, сам не свой, І, ад салаўёў асалавелая, Поўня круціць круглай галавой.
Тут бярозы каркаюць i крахкаюць, Глухнуць ад птушынае гурмы. Кожны гром — З полацкае станцыі лагоднейшы характарам Грамы!

ПЕРШЫ НАВАСЁЛ

Дзверы для навасёлаў расчынены. Хоць бы высахла фарба хутчэй, Каб на кухні запахла рашчынаю, Вокны глянулі ў сотні вачэй.
Ходзіць кот сцежкай снежнаю, мяккаю. Чорны кот... Вось такія заўжды Прабягуць праз дарогу, замяўкаюць — I тады не абрацца бяды!
Загусцелі вясновыя прыцемкі, Пасвяжэла — шашэрыцца кот: Гаспадыня, канечне, пакрыўдзіла. Збег у прочкі. Падцяла жывот.
Тут не льюць сырадою у сподачак, Навасёлаў пакуль не чутно! I мышэй ані слыху, ні подыху, Печка цёплая сніцца ўсю ноч.
Сырадой i чарэнь у Ахотніцы [1] Лёд на рэчцы: вада — не бяда, Ды вяртацца дахаты не хочацца, Хоць да вёскі — як лапай падаць.

ПАДСОБНІКІ ВЯСНЫ

На ўскрайку маладога сасняка Сярод дамоў стаіць, як падуростак, Дашчанік. Да апошняга сука Прапах ён лакам, крэйдаю, пакостам.
Варожаць над вядзерцам маляры, I пэндзлем на сцяне праверыць трэба, Чаго дадаць у фарбу — ці зары, Ці інею, ці веснавога неба?
Штодзень хапае спраў у маляра, I пэндзаль у турботах розных тоне: Для ясляў фарбаў светлых падабраць, Для кабінета — ў вытрыманым тоне.
Падкруціць вус мастак: — Не смейся, брат, Маляр-махляр — работу дай любую. Няхай прараб падпіша мне нарад,— I восень у вясну перафарбую.
Такое адпалю, што будзь здароў — Зраблю ярчэйшай майскую вясёлку! Устане, возьме цяжкае вядро I размахнецца пэндзлем па аполку.
Дашчаніку стаяць сярод муроў,— Хай будаўніцтва летапісам будзе З аўтографамі рупных маляроў, Падсобнікаў вясны на Нафтабудзе.

ІНТЭГРАЛЫ НА ЦЭГЛЕ

Мулярам Нафтабуда — студэнтам вячэрняга нафтавага тэхнікума
Пяць хвілін перапынку яшчэ — І працуе брыгада алоўкамі. На цаглінах шурпатых ушчэнт Тут зразаюцца грыфелі ломкія.
Матылёк мітуслівы прысеў, На касынцы ў дзяўчыны трапечацца. Бы ў арнаменце сцены ўсе — У трохкутніках, у трапецыях.
Пашыраецца гарызонт. Можа тут i ўзровень выверыць. Пахне вапнаю камбінезон, Веснавымі аблокамі, сіверам.
Пэўна, змену закончыць пара б, А далёка над дзвінскаю кручаю Гром басіць, як сярдзіты прараб, I рулетку маланкі раскручвае...
Прыгадаюцца веснія сны Там, на самай вяршыні дома, ім, Як унізе рашалі яны Ураўненне з двума невядомымі.

СОЙКА

Унізе — сарочы дакучлівы сокат, Ігрушына з ціхім дуплом. У неба ўзвілася трывожная сойка, Вясёлкавым ззяе крылом.
Хай холадам хмара калмата акрые, Палі на імгненне замгліць, Дзе ёй захацелі трапёткія крылы Навечна прыкуць да зямлі.
Хоць стомна, балюча, калюча сціскае Здранцвелую лапку пятля, Хоць змора ў раскрыллі ўпілася цвікамі — Вышэй! Адпачынак — пасля.
Унізе ў злінялай кашулі наросхліст Лугамі ідзе сенакос,— Аглух ад мянташак, плячысты i рослы. Б'е, потнага, вецер наўскос.
З-пад ног узлятае жаўрук — i высока, Шчаслівы, звініць над сялом. За хмарай знікае трывожная сойка З парваным сілом...
вернуться

1

Вёска па другім беразе Дзвіны ля Нафтабуда.