Выбрать главу

На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят — менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.

Старажытнаісландская «Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупроць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў пакуль ваяўнічы палачанін прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрамудры Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі самі кіяне.

Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд зрабіў у лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.

Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў незалежнасць Полацка і з Рагвалодавічамі болей не ваяваў.

Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі — у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў. Летапісы кажуць пра існаванне там «Ярославля» і «Брячиславля» двароў. «Будзь са мною заадно («за един»), — было сказана ў дамове пасля Судомы, — і ваявалі Брачыслаў з Яраславам разам усе дні жыцця свайго».

Як яны ваявалі разам, нічога невядома. Пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы.

На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка — Брачыслаўль. За пару дзесяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на возеры Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Оршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў такі за часам Брачыслава Ізяславіча.

Супастаўленне летапісных сведчанняў з «Эймундавай сагай» і археалагічнымі матэрыяламі даюць падставы казаць, што ў 1024 годзе паміж Брачыславам і Яраславам была заключаная новая дамова, паводле якой да Полацкага княства адышла Менская воласць.

У часы Брачыслава Полацкая дзяржава не зведала варожых нашэсцяў. Гэта быў рэдкі ў нашай гісторыі перыяд міру і спакою.

Пра тое, што сучаснікі разглядалі Полацкую зямлю як незалежную дзяржаву, красамоўна кажа і наступны прыклад. Калі ў 1015 годзе, пасля смерці вялікага князя кіеўскага Упадзіміра Святаславіча, паміж яго сынамі разгарнулася жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу (сямёра з дзесяці жывых на той час Уладзіміравых сыноў у гэтых усобіцах загінулі разам з нашчадкамі), ніхто з іх не выявіў варожасці да Брачыслава Ізяславіча, ніхто не паквапіўся на яго ўладанні. Ужо тады кіеўскі княжацкі дом не лічыў Полацкую зямлю часткаю Кіеўскай Русі.

Калі б я быў мастаком, дык намаляваў бы два партрэты князёў, якіх нашыя жывапісцы пакуль што не надта песцяць увагаю. Асветнік Ізяслаў схіляўся б над кнігаю, расчытваючы выведзеныя на пергамене пісьмёны, а Брачыслаў гуляў бы з Эймундам у шахматы, абдумваючы паход на ноўгарадцаў.

ЧАС ЧАРАДЗЕЯ

Паспрабуем знайсці ў ранняй гісторыі ўсходніх славян прыклад, каб два князі — бацька і сын — трымалі дзяржаву цэлае стагоддзе. Нехта скажа, што такога і быць не магло: часам князь на пасадзе і году не сядзеў — каго браты зарэжуць, каго пляменнікі ў магілу звядуць. А вось жа і магло.

3 1003 да 1044 года ў Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасля яго смерці, да 1101-га, — найславуцейшы з полацкіх князёў Усяслаў Брачыславіч, празваны Чарадзеем. Празваны, заўважым, нездарма.

Таямніца ахутвае ўжо яго прыход на свет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Усяслава «от волхвования», гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў. На галаве немаўля мела загадкавае «язвено», што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да смерці. Можа, гэта была нейкая язва, а мо — вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраннікаў неба? Альбо прыкметная ад нараджэння «ваўчыная поўсць», што азначала магічную здольнасць па ўласнай волі перакідвацца ў ваўка?

Сучаснікі і нашчадкі верылі, што гэтага князя нябесныя сілы надзялілі вешчай душою, што ён умеў перакінуцца не толькі ў шэрага ваўка, але і ў яснага сокала, ці ў тура з залатымі рагамі. Ужо пры жыцці пра яго складалі паданні. Ва ўсіх усходнеславянскіх землях з пакалення ў пакаленне перадаваліся быліны пра Волха Усяславіча — мудрага ўладара, смелага воіна, сына князёўны і лютага Змея, пераможцу індыйскага цара. Правобраз Волха — полацкі князь-валхвец. Так лічаць і знаўцы славянскае даўніны акадэмікі Дзмітрый Ліхачоў і Барыс Рыбакоў.

Быліна пра Волха Усяславіча апавядае:

Пачаў сабе Волх дружыну збіраць, Дружыну збіраў ён сабе тры гады. Ён набраў дружыну сем тысячаў, Сам ён, Волх, меў пятнаццаць год.

У такім вяку, можна лічыць, Усяслаў стаў князем. Тады атрымаецца, што полацкія вешчуны трымалі на руках немаўлятка з язвенам на галаве ў 1029 годзе. Даю гэты разлік, спадзеючыся, што ў 2029-м Полацк і ўся Беларусь адзначаць 1000-гадовы юбілей свайго славутага сына.

                Помнік Усяславу Чарадзею у Полацку

Захоплена пісаў пра Усяслава Брачыславіча праз сто гадоў пасля яго гераічных дзеяў аўтар «Слова пра паход Ігаравы». У полацкім князі, удачлівым суперніку самога бога Хорса, ён бачыў дзяржаўнага мужа, якога так не ставала славянскім землям перад пагрозаю нашэсця з Усходу.

Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уночы ваўком рыскаў. 3 Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана ў званы святое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве [2].

Праўда, як кажа далей «Слова»: «Хоць і вешчую душу меў у дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён».

Летапісы паведамляюць, што, выконваючы волю вешчуноў, князь усё жыццё так і насіў на галаве перавязь. Схаванаму пад ёю таямнічаму язвену прыпісвалі «нялітасцівасць Усяслава на кроў». Чарадзей сапраўды праліў нямала крыві, але большая частка яго доўгага княжання была ўсё ж прысвечаная мірным клопатам. Дзесяць гадоў ён жыў у згодзе з Яраславам Мудрым, потым яшчэ дзесяць з яго сынам, кіеўскім князем Ізяславам, якому палачане дапамагалі ваяваць з качэўнікамі-торкамі. Якраз з тых мірных часоў з паловы XI стагоддзя, плыве над Дзвіною велічны карабель Сафійскага сабора.

      Так выглядала найстаражытнейшая Сафія Полацкая.

Усяслаў узводзіў храм у гонар святой Сафіі, чым, паводле прыкладу Візантыйскай імперыі, падкрэсліваў незалежнасць дзяржавы, паведамляў свету пра роўнасць Полацка з Ноўгарадам і Кіевам, дзе такія саборы з’явіліся трохі раней. Дагэтуль мураваных храмаў палачане не ставілі, таму князь запрасіў у горад візантыйскіх дойлідаў. Да іх, на хаду асвойваючы будаўнічыя сакрэты, далучыліся мясцовыя муляры: нельга ж было, каб галоўны сабор Полацкай зямлі падымалі ў неба рукі адных чужынцаў.

Грэцкае слова «сафія» ў перакладзе значыць «мудрасць», «майстэрства». Продкі тлумачылі яго шырэй — як чалавечую супольнасць, з’яднаную агульнымі клопатамі і памкненнямі. Сабор мусіў стаць сімвалам адзінства і аднадумства ўсіх жыхароў княства. Яго будавалі ўсёй грамадой. На пакладзеным у парозе Сафіі вялізным камені-вапняку, што праз дзевяць стагоддзяў ператворыцца ў музейны экспанат, старажытныя полацкія майстры пакінулі нам свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь, Варышка…

вернуться

2

Урыўкі са «Слова» падаюцца ў перакладзе Рыгора Барадуліна.